Знайсці хімеру, зазірнуць у цэйхгаўз і ўбачыць фрэскі трохсотгадовай даўніны — працягваем пазнавальны квэст па Нясвіжскім замку.

ФРЭСКІ
Фрэскі XVIII стагоддзя можна ўбачыць у капліцы Нясвіжскага палаца. Гэты скарб адкрылі рэстаўратары.

— У савецкія часы сцены тут былі пакрыты звычайнай тынкоўкай, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. — Праведзеныя ў канцы 2008 года і першай палове 2009-га зандажы паказалі: на другім узроўні ад цаглянай асновы знаходзяцца значныя фрагменты арыгінальнага манументальнага жывапісу ў тэхніцы грызайлю, датаваныя спецыялістамі сярэдзінай XVIII ст.

— У аснове арыгінальных фрэсак — выявы іерусалімскіх крыжоў, матывы якіх ляглі ў аснову роспісу ўсёй капліцы, — дапаўняе калегу малодшы навукавы супрацоўнік Кацярына Дзенісенка. — На адным з адхонаў рэстаўратары захавалі зандаж, які адкрывае пласты пакрыцця сцяны розных перыядаў часу, — для нас і нашых нашчадкаў.

— Арыгінальныя фрэскі ў гэтай жа тэхніцы захаваліся таксама і на параднай лесвіцы, якая з'яўляецца сімвалічным цэнтрам і архітэктурнай воссю кампазіцыі ўсяго замкавага комплексу. У адрозненне ад фрэсак капліцы, яны ніколі не былі схаваныя, і толькі ў савецкі перыяд у іх быў унесены шэраг змен, — працягвае аповед Сяргей Чысцякоў. — Лесвіца ў замку існуе з XVI стагоддзя. Роспісы сцен і столі датуюцца другой паловай XVIII стагоддзя, выкананы ў стылі позняга барока. У іх прысутнічаюць — як арыенціры для натхнення на подзвігі — выявы трох багінь: Эас на палатне плафона, Афіна Палада і Ніка. У 1950-х на часткі фрэсак былі накладзены партрэты Кутузава, Суворава і Аляксандра Неўскага і выявы вышэйшых ваенных ордэнаў Узброеных Сіл СССР, заснаваных у іх гонар. Аўтарам роспісу быў мастак Натан Воранаў. У працэсе апошняй рэстаўрацыі выявы былі зменены на адноўленыя псеўдавокны.
ХІМЕРА

"Хімеры і гаргуллі абароняць ад зла!" — так лічылі ўладальнікі сярэднявечных замкаў і заможныя гараджане. І ўсаджвалі гэтых міфічных пачвар на фасады, дахі і вадасцёкавыя трубы сваіх замкаў і асабнякоў. А скульптуры, як увасабленне гратэскавай погані, жахлівым выглядам дэманстравалі "супляменнікам": сюды совацца забаронена, месца занятае!
Знайшлі мы хімеру і ў Нясвіжскім замку — пачвара прымасцілася на рагу аднаго з будынкаў. Дарэчы, пошук гэтага дэкаратыўнага элемента — вельмі незвычайнага для замкаў, размешчаных на беларускіх землях, — можа стаць падставай для вашага новага падарожжа!
ЦЭЙХГАЎЗ

Цэйхгаўз (арсенал) — памяшканне, дзе калісьці захоўваліся зброя і ваенны рыштунак.
— Гэта адна з першых замкавых пабудоў, была арганізавана заснавальнікам замка Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам як пакой на пяць вокнаў з двума выхадамі: адзін вёў у двор, другі — на вал (на выпадак ваеннай небяспекі), — гаворыць Кацярына Дзенісенка.
Уздоўж сцен цэйхгаўза на спецыяльных падстаўках размяшчалася ручная агняпальная зброя, у цэнтры на лафетах стаялі гарматы. Тут жа захоўваліся ядры, порах, асобныя часткі рознай зброі.

— Пры арсенале існавала свая людвісарная — майстэрня па адліўцы гармат. У 1706-м, калі замак захапілі шведы, арсенал быў знішчаны. У наш час, калі пачалі расчышчаць равы вакол замка, знайшлі затопленую зброю. У 2010-м паднялі з вады гарматны ствол пачатку XVІІІ стагоддз. Ён важыць звыш за тону, таму для ўстаноўкі на лафет выкарыстоўваўся адмысловы пад'ёмнік, які таксама прадстаўлен у экспазіцыі залы.
Сярод радзівілаўскіх гармат былі не толькі прызначаныя для вядзення баявых дзеянняў, але і "мірныя": з іх салютавалі ў гонар дарагіх гасцей. Асаблівую цікавасць выклікаюць тыя, якія адліў у Нясвіжы по заказу Сіроткі нямецкі майстар Герман Мольцфельд на мяжы XVІ—XVІІ стагоддзяў. Кожная — сапраўдны твор мастацтва. Гарматы адрозніваліся дэкорам і мелі ўласныя назвы: "Хімера", "Гідра", "Сава" і г.д. У цяперашні час у арсенале знаходзяцца дакладныя копіі дзвюх — "Вінаграда" і "Цэрбера" (арыгіналы захоўваюцца ў Ваенна-гістарычным музеі артылерыі ў Санкт-Пецярбургу).
Падлога ў цэйхгаўзе ўяўляе сабой насціл з драўляных плітак. І нездарма: калі жалезную гармату цягнуць да вакна па каменні, можа ўтварыцца іскра, што было вельмі небяспечна, бо ў памяшканні знаходзіліся боепрыпасы. На жаль арыгінальная падлога не захавалася. Аднак намаганнямі сучасных спецыялістаў яна адноўленая!

— У цэйхгаўзе таксама прыцягвае ўвагу аблегчаны арыгінальны паўдаспех з выступам на нагрудніку, які дазваляў дадаткова абараняць воіна ў блізкім баі. Выраблены ў другой палове XVІ стагоддзя ў Германіі, у тыя часы вісеў у Рыцарскай зале, якая знаходзілася на месцы цяперашней Залатой, — працягвае здзіўляць экскурсавод. — У 1926-м Радзівілы выставілі яго на аўкцыёне “Крысціс”. І даспех быў прададзены ў прыватную калекцыю ў Злучаныя Штаты Амерыкі. У 2016 годзе наш музей-запаведнік яго выкупіў і вярнуў у родныя пенаты.

Цікавых жа экспанатаў тут увогуле не пералічыць.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА