Падрабязнасці аб гісторыі Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы з нагоды 85-годдзя з дня яе заснавання расказваў выставачны праект “Песня — душа народа” ў Нацыянальным гістарычным музеі. Цікавыя факты пра калектыў і яго заснавальніка — у нашым артыкуле.

Харавы дырыжор, кампазітар, педагог, музыказнаўца-фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст і літаратуразнавец, народны артыст БССР і СССР Рыгор Шырма быў аўтарам шматлікіх артыкулаў і даследаванняў па пытаннях беларускага мастацтва, фальклору і харавога выканальніцтва, а таксама запісаў, гарманізацый і музычнага афармлення каля 5 000 беларускіх народных песень.
Нарадзіўся ён у 1892 годзе ў вёсцы Шакуны на Пружаншчыне. У сям’і ўсе былі добрымі спевакамі, і сам Рыгор пачаў удзельнічаць у хоры яшчэ ў школьныя гады, калі ў 1904-м употайкі ад бацькі паступіў у вучылішча ў Пружанах. Там ужо налета зрабіўся найлепшым вучнем, граў на струнных інструментах, пачаў запісваць беларускія народныя песні ад сваякоў і землякоў, лічачы, што творы мусяць гучаць са сцэны ў мастацкай апрацоўцы. На той час гэта было нечуваным.
НАСТАЎНІК ЗНАКАМІТЫХ ЛІТАРАТАРАЎ

Пазней будучы хормайстар працаваў на Лідчыне, скончыў Седлецкі настаўніцкі інстытут, які з пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуіравалі ў Маскву. Пасля дэмабілізацыі з войска Рыгор Шырма працаваў дырэктарам школы і загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы ў Варонежскай губерні, дзе знаходзіліся ў бежанстве бацькі.
Сярод яго вучняў быў, між іншых, будучы вядомы савецкі пісьменнік, аўтар знакамітай аповесці “Белы Бім Чорнае Вуха” Гаўрыіл Траяпольскі, які пазней з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю згадваў свайго выкладчыка, які выхоўваў у вучнях прагу да чытання і разважання.
Вярнуўшыся на радзіму ў 1922 годзе, Рыгор Шырма працягваў настаўнічаць і кіраваў хорамі ў Заходняй Беларусі, у 1927-м узначаліў Таварыства беларускай школы і заставаўся сакратаром яго галоўнай управы да забароны арганізацыі ў 1936-м, ставіў спектаклі, ладзіў канцэрты і лекцыі. Менавіта Шырма быў выдаўцом першых зборнікаў Максіма Танка і Міхася Васілька, папулярызаваў творчасць сваіх вучняў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая. А ўжо ў 1970-х уклаў зборнік Сяргея Крыўца, які ў 1945-м загінуў на фронце. За сваю дзейнасць у міжваенныя гады хормайстар пастаянна падазраваўся ў антыдзяржаўнай дзейнасці і пераследаваўся польскімі ўладамі.
НА ВЫЗВАЛЕНАЙ ЗЯМЛІ

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР Рыгор Шырма стварыў і ўзначаліў Беларускі ансамбль песні і танца, які ў маі 1941 года ўжо выступаў на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. А з пачаткам Вялікай Айчыннай працягваў знаходзіцца на гастролях у РСФСР, выступаючы перад рабочымі тылу, салдатамі на фронце ды параненымі ў шпіталях, і здолеў вярнуцца дадому толькі ў 1944 годзе.
Яго кіраўнік у тыя дні пісаў: “Будзіць у народзе пачуццё гонару і захаплення роднай творчасцю, несці культуру песні на вызваленыя землі — вось задача, якую ставіць перад сабой наш калектыў. Песню нельга штучна прымітывізаваць, яе нельга разглядаць як музейны экспанат або шукаць у ёй толькі экзотыку. Песня — гэта душа народа, яго жывая гісторыя...”
У ансамблі спявала жонка Рыгора Шырмы Клаўдзія, а кіраўніком і салістам харэаграфічнай групы быў яго стрыечны брат Янка Хвораст. Таксама хормайстар заахвочваў кампазітараў ствараць музыку на словы беларускіх паэтаў, з многімі з якіх быў асабіста знаёмы.
У 1950-м ансамбль быў рэарганізаваны ў Дзяржаўны хор БССР, а пазней у Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР, якую Рыгор Шырма ўзначальваў да 1970 года. Памёр ён у 1978-м і пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
ГОНАР КРАІНЫ

Выстава “Песня — душа народа” распавядала аб гісторыі Шырмавай капэлы і складалася з інфармацыйнаграфічнай і прадметнай частак, а таксама мела інтэрактыўны мультымедыйны складнік — QR-коды, дзякуючы якім наведвальнікі маглі праслухаць запісы выступленняў капэлы.
Аб жыцці і творчасці Рыгора Шырмы і яго калектыву распавядалі асабістыя рэчы, фатаграфіі і дакументы з фондаў музея. Таксама ў экспазіцыі былі дакументы, фота і фоназапісы са збору Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і матэрыялы Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь.

Тут можна было пабачыць скрыпку ХІХ стагоддзя, якая належала Рыгору Шырму, гармонік, дудку, жалейку, колавую ліру, балалайку, мандаліну, цымбалы і трашчоткі 1940—1960 гадоў, а таксама сцэнічныя касцюмы салістаў капэлы.
Куратар праекта, загадчык экспазіцыйнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Валерыя Езіс паведаміла, што выстава з’яўляецца часткай міжнароднай праграмы абмену з маскоўскімі музеямі і пазней будзе экспанавацца ў Музеі музыкі ў Маскве.
Антон РУДАК. Фота аўтара