З Шастаковічам па-беларуску

Апублiкавана: 02 лiстапада 2025 Стужка Музыка Мiнская вобласць Фестывалі

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

ІХ Міжнародны фестываль “У Шэметава ў Шастаковічаў” сёлета з’яднаў сем адметных канцэртаў: чатыры на Мядзельшчыне, адкуль родам продкі сусветна вядомага савецкага кампазітара, і тры ў Мінску.

 

УРАЖАННІ

Фінальныя акорды праекта, падтрыманага Міністэрствам культуры і мясцовымі ўладамі Міншчыны, урачыста прагучалі 2 кастрычніка ў Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. А перад гэтым… Дабрачынныя выступленні адбыліся ў касцёлах аграгарадкоў Будслаў і Нарач, а таксама ў Мядзельскай дзіцячай школе мастацтваў.

Публіка горача вітала музыкантаў. На кожным канцэрце, уключаючы платныя ў Мінску, — аншлагі, бясконцыя апладысменты. У знак пашаны да артыстаў публіка ўставала не толькі ў фінале, але і пасля першага аддзялення, нават пасля асобных буйных твораў — да прыкладу, Першага фартэпіяннага канцэрта Равэля, дзе саліравала славутая Ірына Шуміліна. У школе выступілі фартэпіянны дуэт і трыа сталічнай філармоніі. Такі зварот з музычнай класікай да дзяцей і падлеткаў невыпадковы: фестываль мае моцны асветніцкі складнік, выкананне твораў часцяком суправаджаецца цікавым аповедам пра іх аўтараў, пра эстэтычныя адметнасці пэўнай эпохі і многае іншае.

У якасці гэткіх лектараў-вядучых сёлета выступалі каардынатар фестывалю Ілона Юрэвіч, музыказнаўца (адначасова арганістка, піяністка, клавесіністка) Варвара Царук, Алена Касарэўская з Мядзела, якая нязменна вяла ледзь не ўсе канцэрты мінулых гадоў, і самі выканаўцы.

 

ЮБІЛЕІ

Фестываль ніколі не мінае юбілейныя даты. Сёлета ў цэнтры ўвагі апынуліся Равэль, з дня народзінаў якога ў сакавіку споўнілася 150 гадоў, Бах і Гендэль — з нагоды гістарычнай адлегласці ў 340 гадоў. А галоўнае — было адзначана 500-годдзе Джаванні Палестрыны. Гэты італьянскі майстар вытанчанай харавой поліфаніі, скіраванай на дасягненне гармоніі, заклаў асновы ўсяго далейшага развіцця музычнага мастацтва. Яго выкшталцоныя кампазіцыі шмат у чым прадказалі знакаміты бахаўскі прынцып “ядра і разгортвання”, больш позняе сімфанічнае развіццё, уласцівае класіцызму і рамантызму, нават аркестравыя санорныя знаходкі ХХ і ХХІ стагоддзяў.

Музыка Палестрыны, як заведзена ў Дзяржаўнага камернага хору на чале з Наталляй Міхайлавай, спалучалася з багатым відэакантэнтам. А ўся праграма, канцэпцыйна названая “Ад Адраджэння да Барока”, дазваляла падрабязна прасачыць паступовасць пераходу не толькі да барочных, але і да неабарочных тэндэнцый.

Сярод удзельнікаў фестывалю ёсць заўсёднікі: капэла “Санорус” на чале з галоўным дырыжорам Вячаславам Ларыным, піяністка Наталля Котава-Громава. З’явіліся і калектывы, што бралі ўдзел упершыню: Камерны хор, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.

Чацвёрты раз прыязджаў сусветна знакаміты французскі габаіст Жэром Гішар. Сёлета ён удзельнічаў у дзвюх філарманічных вечарынах, выканаўшы ажно чатыры інструментальныя канцэрты — Д. Чымарозы, І.С. Баха, Т. Альбіноні, А. Вівальдзі. Іграў лёгка, віртуозна, выразна, з вельмі прыгожым, амаль недасягальным па якасці гукам.

 

АДКРЫЦЦІ

Апроч творчасці Шастаковіча, фестываль арыентуецца на музыку самых розных эпох. Прычым найперш на тыя опусы, што ў нас ніколі не гучалі ці выконваюцца даволі рэдка, а таму не надта вядомыя. Бо і сам Шастаковіч любіў рабіць такія маленькія адкрыцці, знаёмячыся з усё новымі творамі і бязмерна пашыраючы свае і без таго ўсёабдымныя мастацкія далягляды.

Упершыню на нашай сцэне цалкам прагучаў Матэт Моцарта, з якога ў нас вядомы толькі адзін нумар — “Алілуйя”. Салістка Марыя Гладзікава спявала на памяць, з асаблівым імпэтам. Свае разыначкі былі ў выкананні практычна кожнага твора. Вальс Шастаковіча, сыграны аркестрам капэлы “Санорус”, цалкам страціў побытавае прызначэнне жанру і набыў вытанчаную музычнасць. Новыя падгалоскі выйшлі на першы план у “Світанку на Маскве-рацэ” Мусаргскага, якім адкрыў сваё выступленне Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з Аляксандрам Анісімавым.

А як па-рознаму гучала знакамітая Арыя з 3-й сюіты І.С. Баха! Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь на чале з Аляксандрам Высоцкім акцэнтаваў у ёй бясконцую мелодыю, падобную на выразны маналог. А “Санорус” — наадварот, чаргаванне асобных фраз, дыялагічнае паходжанне, дзе за кожным гучным пытаннем ішоў ціхі адказ. Аўтар ідэі, ініцыятар і, можна сказаць, мастацкі кіраўнік фестывалю Аркадзь Валадось, які адзначаны медалём Францыска Скарыны, поўны новых задумак.

І ўжо цяпер зразумела, што юбілейныя, 10-я музычныя сустрэчы “У Шэметава ў Шастаковічаў”, што адбудуцца праз год, абяцаюць стаць яшчэ больш адметным унёскам як у дыялог культур, так і ўласна ў наша нацыянальнае мастацтва.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

MAX TikTok