Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначае важкі юбілей: 90 гадоў таму пры Мінскай кансерваторыі было створана аддзяленне юных дараванняў.

АД ШКОЛЫ ДА КАЛЕДЖА
— На заранку 1930-х вядучыя прафесары кансерваторыі, грунтуючыся на вопыце працы з таленавітымі падлеткамі, ініцыявалі стварэнне ўстановы, якая пачала рыхтаваць дзетак са здольнасцямі да музыкі, — расказвае дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Наталія Кароціна. — Такім чынам з’явілася аддзяленне юных дараванняў.

Прафесары палічылі (і падыход па-ранейшаму актуальны), што гадаваць выканаўцу, саліста аркестра, лепш з самага юнага ўзросту — з 5—6 гадоў. У 8—10 ужо, бывае, позна пачынаць, не тое што ў 15—16, калі падлеткі па тагачасных правілах маглі паступаць у вучылішчы. Гэта быў адзін з самых моцных аргументаў у падтрымку новага аддзялення. Год яго заснавання — 1935.
Тады набралі невялікую групу ахвотных іграць на фартэпіяна і струнна-смычковых — каля 25 дзяцей. У праграму ўключылі толькі спецыяльныя музычныя дысцыпліны. Заняткі вялі праслаўленыя педагогі кансерваторыі: Аляксандр Амітон, Міхаіл Бергер, Аркадзь Бяссмертны, Аляксей Клумаў ды іншыя.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі школа аднавіла дзейнасць як дзесяцігодка, спектр кірункаў пашырыўся. Пачалася падрыхтоўка выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах, затым адкрылася аддзяленне народных — навучэнцы сталі асвойваць баян, акардэон, цымбалы, домру, балалайку. Паралельна развіваўся такі напрамак, як музыказнаўства.
У 1990-я скарбніца ведаў ператварылася ў гімназію-каледж, якая, забяспечваючы спецыяльную адукацыю, пачала выдаваць адпаведныя дыпломы.

АДМЫСЛОВАЯ АТМАСФЕРА
З цягам часу ўстанова мяняла назвы, пашыраўся набор кірункаў, але нязменнымі заставаліся ўзвышаная атмасфера, агульная любоў да музыкі, пераемнасць пакаленняў выкладчыкаў, патрабавальнасць да навучэнцаў і іх жаданне самаўдасканальвацца.
— Наша гімназія-каледж мае на мэце выхаванне салістаў, — працягвае аповед Наталія Аркадзьеўна. — Мы рыхтуем прафесійных выканаўцаў — тых, хто не проста грае, а жыве музыкай. На гэта працуе выдатны прафесарска-выкладчыцкі склад, адмысловыя праграмы і нават сама атмасфера.

Каб адчуць яе, варта прайсціся па калідорах, зазірнуць у класы. На перапынках — там-сям зграйкі дзяцей зацікаўлена абмяркоўваюць музычныя заданні. З-за дзвярэй чутныя гукі фартэпіяна, акардэона, струнных, духавых інструментаў.
— Такая атмасфера стымулюе ў кожнага навучэнца прагу станаўлення як высокапрафесійнага музыканта, — лічыць дырэктар. — У іх з’яўляецца здаровая канкурэнцыя, разам з тым— агульная мара, асаблівае сяброўства.
І чым раней юны талент трапляе ў гэтае асяроддзе, тым больш у нас шанцаў выгадаваць музыканта найвышэйшага ўзроўню, а ў яго — дабіцца поспехаў.

ПЕРАДАЦЬ МУДРАСЦЬ
— Наша задача не толькі навучыць дзетак азам нотнай граматы і валоданню інструментам, — тлумачыць Наталія Аркадзьеўна. — Трэба натрэніраваць іх, закласці ў падсвядомасць лідарства, прыёмы ўзаемадзеяння з публікай, дапамагчы адчуць інструмент і твор. А гэта магчыма толькі праз любоў да музыкі.
Сярод самых паважаных педагогаў дырэктар называе Элеанору Ахрэмчык, якая прыйшла ва ўстанову на падрыхтоўчыя курсы яшчэ ў 1951-м, а ў 1970-м, пасля заканчэння кансерваторыі, вярнулася выкладаць. Элеанора Іванаўна вучыць дзяцей фартэпіяннаму майстэрству і жыццёвай мудрасці.
Сакрэтамі ігры на віяланчэлі дзеляцца Тамара Жарава ды Ірына Сцяпанава, якія выхавалі нямала таленавітых музыкантаў — лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецфонду Прэзідэнта.
Дарэчы, сёлета ўзнагароду гэтага фонду “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” атрымала настаўніца Святлана Папова.
З ліку спецыялістаў, намаганнямі якіх зберагаецца адмысловая атмасфера і пераемнасць пакаленняў, Наталія Кароціна называе музыказнаўца Алену Гарахавік. Яна, сапраўдная захавальніца гісторыі, даследавала жыццёвы і творчы шлях першага дырэктара ўстановы Ізраіля Германа і цяпер можа расказваць пра яго гадзінамі. Больш за палову стагоддзя тут працуюць настаўніцы беларускай мовы — Людміла Раманоўская і матэматыкі — Нэла Камянецкая.

НАЗАЎЖДЫ З МУЗЫКАЙ
Сёння ў гімназіі-каледжы выхоўваюць каля 400 чалавек з другога класа па трэці курс. Разам з агульнаадукацыйнымі прадметамі яны асвойваюць спецыяльныя дысцыпліны — тэорыю музыкі, ігру на інструментах, спевы, удзельнічаюць у творчых спаборніцтвах і канцэртах.
— З конкурсаў нашы апекаванцы прывозяць больш за 300 узнагарод на год, — не без гонару працягвае дырэктар. — Юнакі і дзяўчаты штогод становяцца лаўрэатамі спецфонду Прэзідэнта.
І гэта пра многае кажа. Сёння тут вядзецца падрыхтоўка па шасці спецыяльнасцях: фартэпіяна, струнна-смычковыя, духавыя і ўдарныя, народныя інструменты, музыказнаўства і акадэмічны хор.
— У гімназіі-каледжы ёсць і класічны мужчынскі хор, — дадае Наталія Аркадзьеўна. — Вядома, ён хутчэй хлапчуковы, але як гучыць!..

На вучобу прымаюць дзяцей з другога класа, што маюць здольнасці і жаданне працаваць. Створана таксама падрыхтоўчае аддзяленне, дзякуючы якому можна паглыбіцца ў атмасферу ўстановы і вызначыцца з далейшымі планамі.

Па словах дырэктара, кожны, хто трапляе ў гэтыя прасякнутыя музыкай сцены, без яе ўжо не зможа жыць.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы