“Сялянскае барока” і эксперыменты маладых аўтараў: у мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці з поспехам прайшла выстава “Драўляныя гісторыі”.

Выстава была падрыхтавана ў межах праекта “Традыцыі і сучаснасць”, што ўвасабляецца ўжо два гады і паказвае розныя віды беларускай народнай культуры праз здабыткі даўнейшых і цяперашніх умельцаў. Так, увесну прадставілі экспазіцыю, прысвечаную лялечнаму мастацтву, дзе можна было пабачыць як мотанак 1920-х гадоў, так і сённяшніх гіперрэалістычных лялек. А ўлетку правялі выставу, на якой прэзентавалі народныя строі — ад захаваных арыгінальных касцюмаў да рэканструкцый, зробленых дызайнерамі на аснове навуковых даследаванняў. Таксама ў рамках праекта ладзяцца тэматычныя лекцыі і майстар-класы.

Новая экспазіцыя распавядала пра непарыўнасць нацыянальных традыцый мастацкай апрацоўкі дрэва. Повязь мінулага і сучаснасці адлюстравана праз паказ як скульптур вядомага інсітнага разьбяра з Івянца Апалінарыя Пупко, так і твораў маладых аўтараў, якія атрымліваюць прафесійную адукацыю ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава.
Разьбяр па дрэве, жывапісец і графік Апалінарый Пупко, які знітоўвае веды старых майстроў і сучасную народную драўляную скульптуру, нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Івянец, здаўна вядомым сваімі рамеснікамі: мулярамі, ганчарамі, ткачыхамі, чырванадрэўшчыкамі. Вырабы многіх з іх трапілі ў фонды і пастаянную экспазіцыю Музея беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы, што непадалёк ад сталіцы.
Скончыўшы мінскую гімназію ды чатырохгадовае вучылішча ў Івянцы, Апалінарый Фларыянавіч працаваў рахункаводам, выкладаў маляванне і чарчэнне ў школе, кіраваў гуртком пры Доме піянераў і мясцовым самадзейным тэатрам, дзе выступаў у ролі рэжысёра, акцёра і дэкаратара.

Прафесійнай мастацкай адукацыі ўмелец не атрымаў, але, акрамя заняткаў разьбярствам, пісаў акварэлі, маляваў каляровымі алоўкамі і ляпіў з гліны. У пачатковы перыяд творчасці Апалінарыя Пупко яго драўляныя скульптуры ўпрыгожвалі капліцы, крыжы і інтэр’еры храмаў, былі працягам векавых традыцый беларускай школы разьбы, “сялянскага барока”. Як сведка жыцця людзей у дарэвалюцыйны час і далейшых змен, майстар звяртаўся да міфалагічных і антычных сюжэтаў, трансфармуючы класічныя вобразы ў стылістыцы народнага мастацтва.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны атрымалі прызнанне скульптуры Пупко паводле фальклору і літаратурных твораў, жанравыя, лірычныя і гумарыстычныя работы.

Сёння здабыткі Апалінарыя Фларыянавіча знаходзяцца ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры і Музеі беларускага народнага мастацтва, а таксама займаюць ганаровае месца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне і Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу. Спадчыну аўтара на выставе прадстаўляў Івянецкі музей традыцыйнай культуры — філіял Валожынскага краязнаўчага музея.

Акрамя гэтага, была прэзентавана калекцыя здымкаў, якія сталі плёнам адметнага фатаграфічнага семінара. Яго зладзілі ў Івянцы ў 1984 годзе ўдзельнікі фотаклуба “Крыніца” (кіраўнік Анатоль Дудкін), што дзейнічаў пры Мінскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці. На здымках Сяргея Глобы — Апалінарый Пупко ў апошні год жыцця і яшчэ адзін івянецкі разьбяр Вітольд Паплаўскі (1916—1990).
У экспазіцыі сучаснасць была прадстаўлена работамі навучэнцаў спецыяльнасці “дэкаратыўнапрыкладное мастацтва (мастацкая апрацоўка дрэва)” з фондаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Тут можна было пабачыць інтэрпрэтацыю традыцый беларускага разьбярства і эксперыменты маладых творцаў — скульптуры, рэльефы, цацкі, эскізы. Дэманстраваліся і інструменты разьбяра.
Каледж рыхтуе спецыялістаў гэтага профілю яшчэ з 1970-х, і сёння выпускнікі, якія ўмеюць працаваць з дрэвам, запатрабаваны ў сферах рэстаўрацыі і дызайну інтэр’ера, а таксама як выкладчыкі.

Тым, хто пажадае працягнуць знаёмства са светам Апалінарыя Пупко, раім завітаць у Івянец, дзе захаваўся дом мастака, цалкам распісаны ім усярэдзіне. Там паказаны таксама альбомы са шматлікімі малюнкамі Апалінарыя Фларыянавіча, падораныя яму кнігі з аўтографамі вядомых у Беларусі людзей, а экскурсію могуць правесці сваякі майстра.
Антон РУДАК. Фота аўтара