Вераніка Сінькоўская ўдастоена трох прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, узнагароджана мноствам дыпломаў самых прэстыжных конкурсаў. Каму яна ўдзячная за поспехі, што натхняе маладую выканаўцу і да чаго імкнецца яе сэрца?

Наша гераіня — натура шматгранная. І хоць захапленні яе не абмяжоўваюцца нечым адным, па-сапраўднаму ярка артыстка ззяе, калі бярэ ў рукі домру. З цудоўным інструментам дзяўчына не разлучаецца на працягу 10 гадоў.
— Давайце на хвілінку акунёмся ў мінулае. З чаго пачалася ваша творчая гісторыя?
— У шэсць гадоў упершыню дакранулася да свету нот і гукаў, калі ў клас завіталі настаўнікі з музычнай школы. Яны так цікава расказвалі пра розныя інструменты і так слаўна ігралі! Домра імгненна пакарыла — і з таго цудоўнага моманту не ўзнікала ніякіх сумневаў наконт таго, чаму прысвяціць жыццё.
— Хто для вас стаў правадніком у свет музыкі?
— Настаўніца Ганна Аляксандраўна Вільчынская, якая стварыла выдатныя ўмовы для развіцця маіх здольнасцяў. Вельмі ўдзячная ёй за гэта.
— Калі ўпершыню сустрэліся са слухачом?
— Сцэнічны дэбют адбыўся ў восем гадоў на міжнародным конкурсе-фестывалі дзіцячай творчасці “Дняпроўскія хвалі”. Намаганні ўвянчаліся поспехам: атрымала дыплом лаўрэата першай ступені. І пасля мноства выступленняў цвёрда ўсвядоміла: канцэрты — мая стыхія! Кожны выхад адчуваю як маленькае свята.
— Чым цешыце публіку?
— Рэпертуар даволі разнастайны. Адмысловае месца займаюць творы “Баркарола” і “Інтрадукцыя і чардаш” выбітнага саліста-віртуоза Аляксандра Цыганкова, “Рускі танец” з балета “Лебядзінае возера” легендарнага кампазітара Пятра Чайкоўскага і “Кельцкая сюіта” таленавітай Вольгі Ягоравай.
— А што самі любіце слухаць?
— Хоць я і адкрытая да розных напрамкаў і жанраў, фаварытамі застаюцца класіка і народная музыка. Пад настрой падабаюцца творы з вясёлай і яркай атмасферай.

— У вашай скарбонцы дасягненняў гэта ўжо трэцяе заахвочванне…
— Упершыню прэмію атрымала ў 2022-м, пасля перамогі ў Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, а наступную — праз год, дзякуючы Рэспубліканскаму творчаму радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.
Прысуджэнне кожнай з іх — знакавы этап у жыцці. Высокую ўзнагароду неабходна пацвярджаць кожным выхадам на сцэну, нельга апускацца ніжэй узятага ўзроўню. Несці пачэснае званне лаўрэата спецфонду — пасапраўднаму адказная справа.
— Дзе чэрпаеце сілы, каб дамагацца такіх вышынь?
— Мацней за ўсё натхняюць жывыя канцэрты. Дзякуючы ім заўважаю цікавыя асаблівасці ігры розных музыкантаў і незвычайныя аспекты праграм, каб у перспектыве выкарыстоўваць гэта ва ўласных выступленнях. Падабаецца таксама пераслухоўваць запісы асобных выбітных артыстаў.
— А калі вылучыць кагосьці аднаго ў якасці куміра, ім будзе...
— Кацярына Мачалава! Імкнуся не прапускаць ніводнага яе майстар-класа і канцэрта. Мне вельмі падабаецца яе стыль ігры і глыбокае разуменне музыкі.
— Што дапамагае стаць найлепшай у сваёй справе?
— Пасля кожнага канцэрта абавязкова праводжу работу над памылкамі. Нават калі ўсё прайшло гладка, заўсёды шукаю магчымасці для ўдасканалення. Ідэальнае выступленне для мяне — мінімум тэхнічных памылак (не больш за 2-3 за ігру) і поўная эмацыйная аддача.
— Можаце даць некалькі парадаў маладым талентам, якія імкнуцца да поспеху?
— Першы і важны крок на гэтым шляху — дакладна вызначыць свае мэты. У якім канкрэтным напрамку хочаце развівацца? На пляцоўках якога фармату? Назапасьцеся цярплівасцю: вялікія вынікі самі сабой не прыходзяць. Трэба шмат самадысцыпліны, упартасці. Нават калі сустракаецеся з няўдачамі, не збочвайце з абранай дарогі!

— Чаму аддаяце час, акрамя сцэнічнай дзейнасці?
— Захапляюся рознымі відамі творчасці: ад малявання да бісерапляцення і шыцця адзення. Да таго ж імкнуся ўдасканальвацца ў танцах і спевах.
— Што ў планах на будучыню?
— Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў зраблю ўсё магчымае, каб стаць заўважнай фігурай на беларускай сцэне. Дабіцца прызнання, стаць выдатным сольным артыстам — так можна ёміста выказаць маю галоўную мэту на бліжэйшыя гады.
Наогул музыка для мяне не проста праца, а бясконцая крыніца натхнення і новых адкрыццяў. Бязмерна люблю сваю прафесію і гару жаданнем спазнаць гэты свет ва ўсёй яго паўнаце!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні