Скарбы Нясвіжа. Выпуск 7

Якімі 4D-эфектамі ўражвалі гледачоў у тэатры першай беларускай жанчыны-драматурга і навошта Радзівілам спатрэбілася брама — даведайцеся ў чарговым выпуску “Культурна-турыстычнага алфавіта”.

 

СЛУЦКАЯ БРАМА

Слуцкая брама ў Нясвіжы — адзіная гарадская брама эпохі барока, якая захавалася ў нашай краіне. У канцы XVI стагоддзя Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка пачынае перабудоўваць Нясвіж, ствараючы абарончую сістэму. У яе склад уваходзілі традыцыйныя для архітэктуры Беларусі вароты, якія ставіліся на асноўных шляхах выезду з горада.

Паводле гравюры Тамаша Макоўскага (1604), у Нясвіж вялі пяць такіх брам. І толькі адна, Слуцкая, захавалася да нашых дзён. Першапачаткова ля брамы дзяжурылі вартаўнікі. Яна выконвала не толькі абарончую, але і прадстаўнічую функцыю, сімвалізуючы магутнасць і веліч горада.

— Мураваная брама на месцы драўлянай з’явілася ў Нясвіжы на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. — У 1760-м па загадзе Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі быў праведзены капітальны рамонт з элементамі перапланіроўкі. На першым паверсе знаходзілася каморка для варты і чыноўніка: кожны, хто ўваходзіў ці заязджаў у Нясвіж, мусіў заплаціць мытны збор. На другім — капліца Божай Маці.

У XIX стагоддзі горад неаднойчы цярпеў ад буйных пажараў, падчас якіх гарэла і брама, аднак кожны раз яе адбудоўвалі. Моцныя пашкоджанні былі нанесены ў Вялікую Айчынную вайну. Адраджэнне ўнікальнага помніка архітэктуры пачалося ўжо ў 1945-м з рамонту даху. Цягам рэстаўрацыі ў 1970-х спецыялісты выявілі камін у вартавым памяшканні, два закладзеныя цэглай акны, бакавую лесвіцу. Высветлілася, што аконны праём з балконам быў упрыгожаны вітражом.

Адначасова з рэстаўрацыяй пабудавалі кальцавую дарожную развязку, што дазволіла пусціць транспарт вакол брамы (да гэтага машыны рухаліся праз арачны праезд XVIII стагоддзя).

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2006—2007-м былі праведзены маштабныя капрамонт, рэстаўрацыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Праз пяць гадоў адрамантавалі і адчынілі для наведвальнікаў капліцу, а з 2022-га ў браме ў летні перыяд праходзяць выставы.

 

ТЭАТР. ФРАНЦІШКА УРШУЛЯ РАДЗІВІЛ

У тэатральнае жыццё старадаўняга Нясвіжа ўплецена імя адной з самых адукаваных жанчын свайго часу — Францішкі Уршулі Радзівіл (1705—1753).

Першы спектакль у горадзе — "Млечны Шлях радзівілаўскага арла" — прадставілі ў 1696-м вучні езуіцкага калегіума. А першая згадка тэатральныага паказу ў замку датавана 1740-м, калі прыезджыя акцёры прадэманстравалі п'есу "Узор справядлівасці". Пагаворваюць, нібы дасведчанай у тэатральным мастацтве Францішцы Уршулі яна вельмі не спадабалася, таму княгіня вырашыла ўзяць справу ў свае рукі.

— Спачатку Францішка прыдумала хатні тэатр, дзе ігралі дзеці, кадэты, слугі, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Кацярына Дзенісенка. — Неўзабаве пасля першай пастаноўкі "Дасціпнае каханне", якая адбылася 13 чэрвеня 1746 года, у палацы пачалі ствараць асобную Тэатральную залу. І ўжо праз два гады ў ёй паказалі п'есу "Каханне — зацікаўлены суддзя".

Затым у горадзе з'явіліся свае балет і опера. Дарэчы, на тэрыторыі радзівілаўскіх уладанняў было 14 тэатральных пляцовак, 6 з якіх знаходзілася менавіта ў Нясвіжы і яго ваколіцах! А пяру Францішкі Уршулі належыць 16 драматычных твораў: 13 арыгінальных п'ес і 3 адаптацыі твораў Мальера. Спадчына княгіні пазней ўвайшла ў кнігу "Камедыі і трагедыі".

— Сцэну падчас пастановак упрыгожвалі не толькі дэкарацыі, якія малявалі прыдворныя мастакі, але і тэатральныя машыны, — працягвае экскурсавод, знаёмячы з экспазіцыяй перад Тэатральнай залай. — Вось макет адной з іх — "Хваля". Даўжыня арыгінала магла дасягаць 5 метраў. На падмосткі такія выкочвалі па некалькі штук. Работнік круціў ручку (нагадвае дэталь савецкай мясарубкі) і прыводзіў хвалі ў рух. А паміж імі «курсіравалі» марскія пачвары, караблі... Пагаворваюць, што спецыяльны прызначаны чалавек хадзіў паміж гледачамі і пырскаў ім у твары салёнай вадой. Вось такі 4D-эфект XVIII стагоддзя!

У экспазіцыі можна таксама ўбачыць тэатральныя машыны, дзякуючы якім работнікі сцэны стваралі містычнае завыванне ветру і іншыя гукі. Уражвае макет залы камедыхаўса (оперхауса), будынак якога размяшчаўся насупраць ратушы.

— У ім была цудоўная сцэна, сучасная нават па цяперашніх мерках: кулісы, асвятляльныя прыборы, лампіёны. Дэкарацыі рухаліся на канатах і пры дапамозе механізмаў, — распавядае Кацярына Дзенісенка. — Спецыяльныя прыстасаванні знаходзіліся і пад сцэнай. Калі патрабавалася хутка змяніць усе дэкарацыі, яепаварочвалі па гарызанталі на 180 градусаў. Была распрацавана і сістэма люкаў, куды артысты "ляцелі" ці дзе хаваліся.

Над сцэнай размяшчалася "гром-машына" — бочка з камянямі, абцягнутая скурай: яе трэслі, і залу напаўнялі грымоты. А калі хацелі зымітаваць снегапад, то ў святло пражэктара пускалі рысавую муку.

На жаль, усё гэтае культурнае багацце ў XIX стагоддзі знішчыў наймацнейшы гарадскі пажар...

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА