Што грэе настаўніцкае сэрца

Апублiкавана: 16 кастрычнiка 2025 Стужка Адукацыя Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Пазнаёмімся з цудоўным педагогам, выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава Андрэем Карпянковым з нагоды ўручэння яму ўзнагароды спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі”.

 

— Андрэй Іванавіч, прыгадайце, як вы прыйшлі ў прафесію.

— Сцвярджаць, што я з дзяцінства марыў быць выкладчыкам малюнку, не магу. Сказаць, што ў маім жыцці адбылася нейкая падзея, якая падштурхнула да мастацтва, — таксама не. Я вучыўся ўжо ў выпускным класе агульнаадукацыйнай школы, калі захапіўся маляваннем і адчуў у сабе адпаведныя здольнасці. Падумаў: а чаму б не паспрабаваць займацца гэтым прафесійна? Педагогі Людміла Пятруль і Аляксандр Салькоў падрыхтавалі мяне да ўступных іспытаў.

— Дзе вы вучыліся?

— У “Глебаўцы”. Яна для мяне стала роднай. Паступаў на факультэт дызайну. Нечакана для сябе вытрымаў даволі высокі конкурс — больш за восем чалавек на месца! Але праз пэўны час зразумеў: мацней вабіць жывапіс. Пасля каледжа скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і вярнуўся ў альмаматар, каб дзяліцца назапашанымі ведамі з маладымі творцамі.

— І, напэўна, працягваеце пісаць карціны?

— Вядома. У мяне, як у члена Беларускага саюза мастакоў, ёсць свая майстэрня, дзе я праводжу за мастацкім роздумам значную частку свайго жыцця. Сюды час ад часу прыходзяць мае вучні, калегі, сябры. Тут мы можам шчыра пагутарыць, падзяліцца ўражаннямі і задумамі, даць адно аднаму параду. І калі выдаецца дзень без майстэрні — пакутую.

— А якія тэмы, тэхнікі вам больш блізкія?

— Разумееце, я не прытрымліваюся адной тэмы. Усё залежыць ад стану душы, настрою, падзей, якія адбываюцца наўкол. Напрыклад, кветкі — гэта хуткія эмоцыі, пырскі — спантаннасць, непрадказальнасць. За кожным палатном, за кожным элементам карціны хаваецца свая гісторыя. І кожная такая гісторыя — як спосаб уяўлення свету.

— Здаецца, праз мастацтва вы шукаеце жыццёвыя сэнсы?

— Можна сказаць і так. Гэта найперш спосаб пазнання самога сябе, сваіх пачуццяў і думак, месца ў жыцці. Дарэчы, у кожнага творчага чалавека ўласны метад. Хтосьці выдае вялікія філасофскія трактаты, а хтосьці — кароткія вершы. Але падумайце, колькі глыбіні, жыццёвай мудрасці і роздуму можна ўкласці ўсяго ў некалькі радкоў.

— Напэўна, ёсць любімыя паэты?

— Максім Багдановіч. Як проста, трапна і душэўна ён піша пра складанае! Якія кранае пачуцці! Сваімі вершамі ён прымушае зазірнуць унутр сябе, задумацца аб сваім прызначэнні.

— Андрэй Іванавіч, бадай, і вучням вы транслюеце гэтыя філасофскія адносіны да мастацтва?

— Не ўпэўнены. Ім я расказваю, як сам стаўлюся да працэсу, а прымаць маю пазіцыю або не — гэта справа кожнага. Падлеткі цяпер не такія, як былі гадоў 10-15 таму. Яны дакладна ведаюць, чаго хочуць ад жыцця. Яны ўмеюць самавыяўляцца, адстойваць сваю пазіцыю — грунтоўна і ўпэўнена. І мне яны падабаюцца.

— А які вы педагог?

— Калі дазволіце, адкажу моладзевым слэнгам. Я — “душніла”. (Усміхаецца.) Для мяне важна навучыць юных мастакоў, так бы мовіць, мастацкай азбуцы, даць азы малюнка. Вось уявіце сабе будынак: калі ў яго добры падмурак, то на ім можна ўзводзіць што заўгодна. Калі фундамент крывы, то і вынік будзе такі ж самы. Таму ў сваёй педагагічнай працы стараюся закласці трывалую аснову ў кожным навучэнцы.

— Але ж вы кажаце, што мастак мае права на самавыяўленне. Як гэта суадносіцца са строгімі законамі закладання падмурку ведаў?

— Самавыяўляцца можна колькі заўгодна, але толькі пасля таго, як асвоіў першасныя правілы. Знайсці гэтую залатую сярэдзіну, тонкую мяжу паміж “можна” і “трэба” — вось што я лічу вышэйшым майстэрствам педагога. Растлумачыць правілы, але не прыгнесці творчы запал і натхненне, навучыць жыццёвым прынцыпам, але дазволіць набіваць уласныя гузакі. У патрэбны момант — падтрымаць, у іншы — крыху стрымаць запал. І разам з гэтым заўсёды заставацца аўтарытэтам, чалавекам, да меркавання якога прыслухоўваюцца, якога паважаюць і цэняць.

— Кажуць, настаўнік жыве ў вучнях. Раскажыце пра сваіх. Якія яны?

— Вельмі розныя, але ўсе цікавыя, уніклівыя. Кожны — са сваім характарам, са сваёй разыначкай, бачаннем свету. І гэта цудоўна! Яны не баяцца і не саромеюцца эксперыментаваць у творчасці — і гэта таксама вельмі добра. Разам з тым — дапытлівыя, цікаўныя. Акрамя малюнка і жывапісу, я выкладаю яшчэ кампазіцыю, дзе вучу юнакоў і дзяўчат асноўным прынцыпам пабудовы карціны. Менавіта праз кампазіцыю бачны характары і настрой кожнага навучэнца.

— Што яны звычайна малююць?

— Апошнія гады ўсё часцей на дыпломныя праекты прадстаўляюць аўтапартрэты. Прычым нават не знешняе падабенства, а ўнутраны свет. Гэта цудоўна атрымоўваецца праз колер, святло, асобныя элементы. Глядзіш на такое палатно — і пазнаеш. Напрыклад, гэта, уся ў кветачках, Наталля, а вось гэта, у строгай геаметрыі, Уладзіслаў. Зразумела, ёсць больш яркія і эмацыйныя работы, а ёсць такія, дзе мы нешта не дапрацавалі. І гэта найперш мая хіба.

— Кім становяцца вашы выпускнікі пасля заканчэння каледжа?

— О! Гэта асобная тэма! Хтосьці знаходзіць сэнс жыцця непасрэдна ў творчасці: піша палотны, вядзе выставачную дзейнасць. Хтосьці ідзе ў анімацыю, стварае ўласныя праекты ці супрацоўнічае з “Беларусьфільмам”. Хтосьці становіцца педагогам — працуе ў дзіцячых школах мастацтваў і навучае дзетак азам малюнка. Я наўмысна не пералічваю прозвішчы. Назваць адных і не прыгадаць іншых — непедагагічна. Таму скажу так: думка, што мае вучні захоўваюць куль­турныя здабыткі продкаў і ствараюць тое, што сёння праслаўляе нашу краіну і будзе пакінута ў спадчыну нашчадкам, грэе маё настаўніцкае сэрца.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва героя