Тэатр шукае сяброў

Напрыканцы верасня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Чорт і баба”, прымеркаваная да адкрыцця 79-га сезона. А праз некалькі дзён яшчэ адна, дзіцячай казкі “Кабуба шукае сяброў”.

Пра гэта і многае іншае размаўляем з дырэктарам тэатра Вольгай Багдановіч, якая выступае і творцам: у першым выпадку — рэжысёрам (разам з Аксанай Машынковай, выканаўцай ролі Бабы), у другім — аўтарам п’есы.

 

— Вольга Тамашаўна, чаму звярнуліся да спадчыны Францішка Аляхновіча?

— Апошнім часам у нашай афішы не было спектакляў на беларускай мове. Хацелася гэта выправіць і знайсці тое, што займее попыт публікі, бо яна прагне найперш камедый. Да ўсяго мы мусілі неяк разысціся ў рэпертуары з іншымі калектывамі рэгіёна — Гродзенскім тэатрам лялек і Слонімскім драмтэатрам, дзе паказваюць творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Камедыя-жарт Аляхновіча падалася вельмі актуальнай, скіраванай на падтрымку сям’і, выпрацоўку ў кожнага ўласнага меркавання, умення слухаць сябе, свае пачуцці, а не сумнеўныя чужыя прапановы. Мы нават крыху змянілі фінал. Маладзёны Мікітка і Марыська не разбягаюцца ў розныя бакі, а вяртаюцца дадому, наводзяць там парадак, мірацца. Чорт і Баба таксама жэняцца — у выніку паўсюль пануе каханне.

— Спектакль заяўлены як музычны і інтэрактыўны.

— Для адмоўных персанажаў скарыстоўваем музыку на падборы, уключаючы польку і танга, а лірычная пара мае і аўтарскія лейтматывы (напрыклад, сям’і, вясновага ранку), і песні. Словы песень стварыла я, музыку — Арцём Багдановіч, які вучыцца ў каледжы мастацтваў ігры на саксафоне.

Гледачы актыўна ўмешваюцца ў дзеянне. Баба запрашае іх быць сведкамі на вяселлі, раздае шыльдачкі з надпісамі: “Адыдзі”, “Цалуй давай!”, “Апладысменты”, што трэба ўздымаць у адпаведных сітуацыях.

Апроч сучасных прыёмаў з элементамі шоу і звыклай бутафорыі, ёсць і аўтэнтычны рэквізіт, які надае артыстам і ўсёй пастаноўцы асаблівую энергетыку і цеплыню. Гэта сапраўдныя чыгуны, калаўрот, сакваяж, карыта, стагоддзе таму выдзеўбанае ўручную.

Спектакль зроблены на два склады, прычым артысты на адну і тую ж ролю выбраны зусім адрозныя па фактуры, каб атрымалася быццам два творы.

— А дзіцячая прэм’ера, што адбылася 21 верасня? Назва вельмі загадкавая — “Кабуба шукае сяброў”.

— Я прыдумала казку пра тое, як з Кітая ў Беларусь прыходзіць таямнічая пасылка і героі імкнуцца знайсці яе адрасата. Паставіў спектакль наш малады артыст Мікіта Сукач. Тут так сама багата гульняў, песень, танцаў. Гледачам спадабалася! А кабуба — гэта рыбка-матылёк, сімвал натхнення і радасці.

— У вас адметнае прозвішча, што наўпрост вядзе да беларускай літаратурнай класікі. Адчуваеце сябе гэткім нашчадкам Максіма Багдановіча? Вы пішаце вершы, прозу, драматургію...

— Нашчадкам — надта гучна сказана. Але розных твораў у мяне багата. Я іменна такую спецыяльнасць — “літаратурная праца (драматургія)” — атрымала пад кіраўніцтвам знакамітага тэатразнаўца Анатоля Сабалеўскага, доктара мастацтвазнаўства, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, які скончыла ў 2003-м.

На той час там існаваў эксперыментальны курс тэатральнай драматургіі, яго набіралі раз на два гады. Да нас і пасля рыхтавалі сцэнарыстаў для кіно і тэлебачання, а мы ўжо з другога курса былі, можна сказаць, прапісаны ў тэатры. Пазней я прыйшла ў ТЮГ, працавала, як называлася пасада, літаратурным рэдактарам. Стварала п’есы, па якіх Наталля Башава рабіла спектаклі: “Неверагодныя прыгоды Мішуткі і яго сяброў у краіне казак”, “Новыя прыгоды Чырвонага Каптурка”.

— Калі ж з’явіўся вопыт уласных пастановак?

— Калі пачала выступаць рэжысёрам разнастайных свят, канцэртаў, іншых масавых мерапрыемстваў — таго ж Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, што ладзіцца ў Гродне. Ніколі не рабіла звыклы склад нумароў, што аб’яўляюцца канферансье, імкнулася да тэатралізацыі. Гэта былі і тэматычныя вечары, і імпрэзы з удзелам пэўных герояў, каментарыямі за кадрам, іншымі прыдумкамі. Ды ўсё ж уласна ў тэатры — асобная спецыфіка, якую імкнуся засвоіць.

— Сімвалічна, што паўгода таму вас прызначылі дырэктарам менавіта ў Міжнародны дзень тэатра 27 сакавіка. З гэтым мастацтвам вы былі звязаны з дзяцінства?

— Не, але мяне вельмі ўразіў першы культпаход у родны цяпер Гродзенскі драмтэатр. Паказвалі “Нору” Ібсена. А літаральна следам да нас прыязджаў на гастролі мінскі ТЮГ, і я ўбачыла спектакль “Тая, што стварыла цуд” з Верай Кавалеравай у цэнтральнай ролі. Гэта быў сапраўдны цуд, які здзейсніў пералом у маёй душы: тады зразумела, што хачу звязаць жыццё з тэатрам.

— Гродзенскі тэатр таксама звязаў з вамі далейшы лёс. Чаго яшчэ цікавага чакаць у 79-м сезоне?

— Да навагодніх свят — “Шчаўкунка”. Каб папоўніць дарослы рэпертуар, звернемся да творчасці Зошчанкі, Аверчанкі. Самым маленькім прапануем вершы Чукоўскага, прычым сумесцім яго “Блытаніну” з правіламі бяспекі: маўляў, лісічкі ўзялі запалкі і падпалілі нават мора.

Для школьнікаў 6—9 класаў увасобім “Каліфа і бусла” Гаўфа.

Дбаем і пра рэжысёраў, якія ўсё будуць ставіць. Пакуль гэтым займаюцца тры нашы акцёры — апроч згаданых раней, яшчэ Аляксандр Калагрыў. А неўзабаве павінен прыехаць з Расіі былы выхаванец ГІТІСа. Ускладаем на яго вялікія надзеі.

Улетку ж нашы артысты ўдзельнічалі ў фестывалі “Бацькава булка”, да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе падрыхтавалі інсцэніроўку, каб адкрыць з ёй помнік “Верабейка” ля дома-музея Валянціна Таўлая. Працуем!

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра