З песняй, што абуджае карані

Ансамбль народнай песні “Кемяліна” з Астравецкага раёна папоўніў скарбонку дасягненняў — стаў лаўрэатам конкурсу “Лідскі хор-фэст”, што праходзіў у рамках ХХХІІ Дня беларускага пісьменства. Гэты поспех — лагічны працяг працы калектыву, які ўжо шмат гадоў сцвярджае: любоў да фальклору здольная аб’ядноўваць людзей розных узростаў, прафесій і лёсаў.

 

ШЛЯХ АДРАДЖЭННЯ

Гісторыя ансамбля паўстае з успамінаў яго натхняльніка і нязменнага кіраўніка Сяргея Дзям’янчыка:

— Пачаткам дзейнасці можна лічыць 1995 год. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родныя Кемелішкі, стаў працаваць у школе і паралельна ў сельскім клубе. Там ужо быў невялікі жаночы гурт “Вілія”. Паступова ўзнікла патрэба пашырыць склад і зрабіць гучанне больш разнастайным. Так у калектыве з’явіліся мужчыны, а ў рэпертуары — песні з залатога фонду савецкай эстрады.

Тады ж ансамбль атрымаў новае імя — “Кемяліна”. Слова паходзіць ад назвы мясцовасці Кумяліна — куточка, дзе калісьці пасвіліся коні. Для жыхароў было істотна, каб у назве гурта адчувалася сувязь з роднай зямлёй і яе духам.

Так з’явіўся вобраз “Кемяліны” — сімвала адзінства і павагі да продкаў. Не абышлося і без выпрабаванняў. У 2016-м праца ансамбля спынілася. Здавалася, яго спевы замоўклі назаўсёды. Але шчырая прыхільнасць да музыкі і народнай спадчыны зноў сабрала аднадумцаў. І ўжо ў 2018-м на базе Кемелішкаўскага сельскага клуба распачаўся чарговы этап — час актыўнага развіцця, творчых пошукаў і адкрыццяў.

У 2023-м, пасля адраджэння, калектыў атрымаў ганаровае званне народнага. Сёння ў “Кемяліне” выступаюць 15 чалавек — ад моладзі да асоб сталага ўзросту. Настаўнікі, медыкі, прадаўцы, работнікі культуры — усе яны жывуць песняй і жаданнем зберагчы традыцыі свайго краю.

— Наш ансамбль хутчэй нагадвае клуб па інтарэсах, — кажа кіраўнік. — Для людзей важна мець магчымасць збірацца: спяваць, падарожнічаць, удзельнічаць у фестывалях, абменьвацца ідэямі і натхненнем.

 

АД АЎТЭНТЫКІ ДА РЭПА

Рэпетыцыі заўсёды патрабуюць вялікай самааддачы, часу і сіл. Каб ахапіць усіх удзельнікаў — і тых, хто жыве ў Кемелішках, і тых, хто ў райцэнтры, — Сяргею Дзям’янчыку нярэдка выпадае арганізоўваць заняткі асобна ў абедзвюх мясцінах, а потым агульную “звядзёнку”. Рэпертуар надзвычай разнастайны: беларускія, рускія, украінскія народныя песні, творы сённяшніх кампазітараў.

Адметная роля — у стылізаваных мелодый, дзе гарманічна суіснуюць традыцыя і наватарства. Гэта дазваляе ансамблю быць актуальным і прывабным для самых розных слухачоў.

— Вельмі радуе, калі ў народнай песні з’яўляецца другое дыханне, — падкрэслівае Сяргей Віктаравіч. — Часам нават дадаём элементы рэпа. Галоўнае — захаваць каларыт і аўтэнтычную прыгажосць гучання, робячы яго блізкім і цікавым маладому пакаленню.

 

РЭХА ПРЫЗНАННЯ

Калектыў актыўна прадстаўляе сваю творчасць на значных культурных падзеях як у Беларусі, так і за яе межамі. У скарбонцы дасягненняў — узнагароды раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Сярод апошніх выступленняў варта вылучыць фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Мядзелі, свята “Траецкі фэст” у Гервятах, абласныя “Дажынкі” ў Ваўкавыску, а таксама міжнародны конкурс талентаў “Трыумфы Расіі” ў Маскве.

Яшчэ адным яркім этапам для ансамбля стаў удзел у “Лідскім хор-фэсце”, які адбыўся ў межах Дня беларускага пісьменства на пачатку верасня. Запрашэнне прыйшло даволі нечакана, таму калектыву давялося хутка мабілізаваць усе сілы: арганізаваць рэпетыцыі, сфарміраваць склад і наладзіць лагістыку.

— Падрыхтоўка заняла літаральна два тыдні, — згадвае кіраўнік. — І хоць выступленне не ва ўсім адпавядала нашым чаканням, журы адзначыла настрой, прафесіяналізм і вернасць сцэне. У выніку атрымалі дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “Народныя харавыя спевы”.

 Адкрыты харавы фестываль-конкурс “Лідскі хор-фэст” сёлета адбыўся ўпершыню і адразу сабраў маштабную аўдыторыю і шмат удзельнікаў. Каля 40 калектываў — больш за 400 выканаўцаў самых розных узростаў і прафесій — выйшлі на сцэну, каб прадэманстраваць багацце беларускай песеннай культуры.

АД СЭРЦА ДА СЭРЦА

Місіяй “Кемяліны” Сяргей Віктаравіч лічыць перадачу традыцый і захаванне духоўных каштоўнасцей, у якіх адлюстроўваецца гісторыя нацыі.

— Вельмі хацелася б, каб у школах аднавіліся паўнавартасныя ўрокі спеваў, — падкрэслівае кіраўнік. — Яны фарміруюць музычны густ, які сёння, на жаль, часта размываецца пад ціскам масавай культуры. Мы ж імкнёмся паказаць моладзі, што народная песня можа гучаць сучасна і прывабна, застаючыся жывой крыніцай натхнення і сілы.

“Кемяліна” — прыклад таго, як любоў да сваёй зямлі, яе культуры здольная аб’ядноўваць людзей. Іменна такія ансамблі становяцца сапраўднымі носьбітамі беларускай песеннай традыцыі, пера- даючы яе ад сэрца да сэрца.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву

MAX TikTok