Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 верасня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. Культурную галіну на ўрачыстым мерапрыемстве прадстаўляў народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Ён стаў юбілейным, 250-м кавалерам ордэна Францыска Скарыны.

— Ігар Уладзіміравіч, вы народны артыст, лаўрэат Дзяржпрэміі, прафесар. Ці дарэчна вас называць піяністам?
— Лепей — музыкантам. Я ж граю не толькі на фартэпіяна, але і на аргане. Раблю транскрыпцыю. У мяне больш за сто апрацовак розных твораў. Так што я яшчэ і кампазітар. І педагог. Калі ўсё гэта прыняць да ўвагі, найлепшым вызначэннем маёй прафесіі будзе “музыкант”.
— Раней з музыкантаў-выканаўцаў ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваліся толькі баяніст Міхаіл Солапаў, віяланчэліст Уладзімір Перлін. Да гэтага шэрагу, пэўна, можна аднесці і Уладзіміра Мулявіна…
— Ордэна Францыска Скарыны пакуль сапраўды ўдастоіліся не шмат хто з канцэртуючых музыкантаў. Наогул у галіне культуры, наколькі мне вядома, вышэйшай узнагароды ўжо быць не можа. Гэтым ордэнам у сферы музыкі часцей узнагароджваліся кампазітары — да прыкладу, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Дзмітрый Смольскі. Думаю, у многіх краінах узнагароду, аналагічную нашаму ордэну Скарыны, музыкант наогул ніколі не можа атрымаць. Такое проста не прадугледжана. А ў нас гэта ёсць!
— Як праходзіла цырымонія ўзнагароджання і якія выклікала пачуцці?
— Панавала атмасфера святочнай урачыстасці, іграў Прэзідэнцкі аркестр. Кіраўнік дзяржавы асабіста прымацаваў мне на лацкан пінжака ордэн. Я быў адзіным, каму ў гэты раз уручалі такую ўзнагароду. Потым — добрыя словы, пажаданні, віншаванні. Вельмі цёпла ўсё прайшло. Цырымонія праводзілася ў Палацы Незалежнасці ў вялікай зале, якая была ярка асветленая, як у сонечны дзень. Усё было выдатна арганізавана.

— Вы дасягнулі ў сваёй справе самых высокіх вяршынь. Прафесійныя шлях быў складаным?
— Дакладней — доўгім. Бо музыканты вельмі доўга павінны спасцігаць прафесію. Адзінаццаць гадоў я вучыўся ў музычнай школе пры кансерваторыі. Затым пяць — у Маскоўскай кансерваторыі, пры ёй у асістэнтуры-стажыроўцы — яшчэ два. Потым пачалася нібы свабодная дзейнасць, але я разумеў, што працягваю вучыцца. Прычым у выдатных педагогаў, якіх да сёння ўспамінаю. Гэта легенда савецкага піянізму прафесар Якаў Уладзіміравіч Фліер, стваральнік савецкай арганнай школы прафесар Леанід Ісакавіч Ройзман, выдатны піяніст прафесар Міхаіл Сяргеевіч Васкрасенскі. Заўсёды думаю, якую б ацэнку яны далі цяпер, што б патрабавалі ад мяне.
Чым больш я сталеў і набіраўся вопыту, тым больш каштоўнымі і зразумелымі рабіліся іх, нават уяўленыя мною самім, заўвагі. Парадаксальна, але шмат што мы спасцігаем ужо пасля заканчэння навучальнай установы. І гэта датычыцца не толькі прафесіі музыканта.
— Выходзіць, для поспеху ў вашай справе важная ў першую чаргу мэтанакіраванасць?
— Перадусім патрэбная любоў да музыкі. Любоў нараджае такую адданасць, што мяжуе з самаахвяраваннем. Каб добра іграць, трэба вельмі шмат займацца. У чымсьці гэта нагадвае вялікі спорт або прафесіі, якія патрабуюць комплекс тонка скаардынаваных рухальных навыкаў. У нас гэтыя навыкі яшчэ звязаныя з духоўным светам, з унутранай сутнасцю. То-бок гэтым мы выказваем найтанчэйшыя адценні эмоцый. Вось гэта і ёсць самае цяжкае ў нашай спецыяльнасці. І фармуецца вельмі доўга.

— У вас ад нараджэння любоў да музыкі?
— Мяне да яе цягнула, бо бацькі звязаныя з музыкай, яна заўсёды гучала ў нашым доме.

Тата — знакаміты кампазітар, мама — выдатная спявачка. І ў мяне ніхто не пытаўся, кім хачу стаць. Проста аддалі ў музычную школу. Але не магу сказаць, што займаўся я з вялікім энтузіязмам. Спярша мне цікавейшыя былі канструктары, тэхніка. Рана пазнаёміўся з паяльнікам, пачаў збіраць электронныя схемы. Музыкай я захапіўся толькі ў старэйшых класах.
— Калі б вы вучыліся не ў музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі, а ў звычайнай, склаўся б прафесійны шлях гэтак жа бліскуча?
— Тут усё залежыць ад педагогаў. Самае важнае — каб настаўнік здолеў зацікавіць, прывабіць музыкай. Прымушаць, вядома, таксама даводзіцца. Але пакуль юны музыкант не захопіцца самім працэсам пошуку таго, як сыграць найлепш, цікавей, дасканалей, рана казаць пра сапраўдную схільнасць да нашай прафесіі. У мяне быў выдатны педагог — Ірына Аляксандраўна Цвятаева. У яе вучыўся ўсе 11 гадоў у школе. І дагэтуль вельмі ёй удзячны.
— Я заўважыў, як з вамі ў калідорах кансерваторыі вітаюцца студэнты і выкладчыкі. Відавочна, вы ўмееце захапляць людзей…
— У нашай акадэміі сярод калег сяброўскія адносіны. Са студэнтамі паразуменне таксама ёсць. Музыка падобная на псіхааналіз, дзе без даверу “пацыента” няма выніку.

— Цяперашняе пакаленне студэнтаў адрозніваецца ад вашага?
— Сёння моладзь мае шырэйшы выбар, значна больш магчымасцей, чым калісьці ў нас. Зараз многія імкнуцца да заробку. Здараецца, студэнта адольваюць сумневы ў правільнасці абранага шляху. Пачынаюцца пошукі іншага віду дзейнасці. У наш час такога не было. Тады было непрыстойна думаць пра грошы. Гэта лічылася мяшчанствам. Савецкі чалавек павінен быў ісці да высокіх мэт, здзяйсняць нейкія прарывы, дасягаць вяршынь у творчасці.
Калі чалавек паступаў у кансерваторыю, ён быў звязаны сваім рашэннем, уласным унутраным абавязацельствам. І працягваў займацца музыкай. Зразумела, што ва ўсіх розная ступень таленту і працаздольнасці. Але нават калі ты не станеш выбітным выканаўцам, з цябе можа выйсці выдатны педагог. І мы не збочвалі, ішлі да канца ў гэтым напрамку.
Цяпер студэнты лепш іграюць. Значна ўзрос іх прафесіяналізм. Наогул хачу сказаць, што ў Беларусі моцная школа фартэпіяннага выканальніцтва. Яна ўвабрала традыцыі рускай школы: Масквы, Ленінграда, і ў нейкай ступені заходніх кірункаў. Атрымалася вельмі ўдалае спалучэнне. Нашы выхаванцы на конкурсах вельмі паспяхова выступаюць. Граюць складаныя творы, пра якія мы некалі толькі марылі.

— Апроч іншага, вы папулярызуеце беларускую музычную гісторыю. Якія высновы можаце зрабіць з гэтай сваёй дзейнасці?
— Перш за ўсё я раскажу пра беларускую кампазітарскую школу савецкага часу. Яе фарміравалі выдатныя педагогі, у асноўным выхадцы з Пецярбургскай кансерваторыі. Гэта традыцыі выдатнага рускага кампазітара і педагога Мікалая Рымскага-Корсакава. Нашы традыцыі, што тады закладваліся, былі звязаныя з гэтай школай. З яе выйшла шмат таленавітых кампазітараў, скажам, Мікалай Аладаў, Яўген Цікоцкі, Аляксей Клумаў, які, дарэчы, надаваў вялікую ўвагу фартэпіяннай музыкі. Потым Несцер Сакалоўскі, аўтар гімна Беларусі. Гэта Імёны!
Асобная плеяда — Генрых Вагнер, Леў Абеліёвіч, Эта Тырманд. У тыя ж гады вучыліся мой бацька Уладзімір Алоўнікаў, выдатны кампазітар-песеннік Юрый Семяняка.
Але калі я прыехаў з Масквы пасля заканчэння вучобы, аказалася, даволі мала пішуць для фартэпіяна, хоць ствараюць выдатныя балеты, сімфоніі, вакальную музыку. І я падумаў: трэба рабіць апрацоўкі гэтай музыкі, каб больш людзей маглі яе пачуць. Дапусцім, аркестр іграе сюіту Глебава з балета “Маленькі прынц”. Ну і дзе гэта можна паслухаць, акрамя філармоніі ці “Славянскага базару ў Віцебску”? А я гэтую сюіту магу сыграць на раялі ў любой музычнай школе — і гэта заўсёды выклікае шчырае захапленне. Асабліва Адажыа з “Маленькага прынца”.
Таму я стаў рабіць фартэпіянныя транскрыпцыі найбольш яркіх эпізодаў з сімфанічных твораў Глебава, Багатырова, Вагнера, затым з п’ес майго бацькі Уладзіміра Алоўнікава, пазней — з твораў Андрэя Мдывані, Сяргея Картэса, Ігара Лучанка. Часта кампазітары самі прапаноўвалі мне ноты для фартэпіянных перапрацовак. Гэта вельмі ўдзячная справа — іх музыка гучыць усюды, усе яе любяць.

— Скажыце, наколькі цяпер развіты запіс класічных твораў і іх распаўсюджванне праз інтэрнэт, радыё, тэлебачанне?
— Раней усе імкнуліся запісаць кампакт-дыск, затым растыражаваць і запусціць продажы. Цяпер, калі кампакт-дыскі сышлі ў мінулае, справа ідзе па-іншаму. Мы можам зрабіць запіс для фонду, напрыклад, Беларускага радыё. Затым ён тыражуецца праз трансляцыі, магчыма, праз інтэрнэт. Але маё асабістае стаўленне да запісу складанае — усё ж такі гэта “мёртвае выкананне”. Запіс можа даць уяўленне аб тым, як чалавек іграе, але перадаць яго запал, яго энергетыку, пасланую небам, перадаць атмасферу канцэрта не можа.
Ёсць моманты, даступныя толькі ў жывым выкананні, на канцэрце. Быў такі піяніст Уладзімір Сафраніцкі, улюбёнец публікі. Дык ён прама казаў пра свае запісы: “Гэта мае трупы”.

— І гэта пры тым, што запісы на фірме “Мелодыя” прыносілі выканаўцам добрыя грошы.
— Так. “Мелодыя” прапаноўвала шчодрыя ганарары, і ўсе марылі зрабіць там запіс. Калі я вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі, савецкая ідэалогія прадугледжвала духоўнае ўдасканаленне чалавека, яго ўсебаковае развіццё. Культурная спадчына была для гэтага фундаментальнай асновай. І на яе выдзяляліся немалыя сродкі. Прычым субсідзіравалася менавіта класічнае мастацтва, якое ўзвышае чалавека, выхоўвае яго душу, узбагачае яе і культывуе.
А музыка лёгкая, эстрадная, папсовая жыла тады на камерцыйнай аснове. Лічылася, што гэта прыбытковая справа, у якой артысты і арганізатары зарабляюць самі. Усё гэта было выразна падзелена. Потым усё трохі змяшалася.
Выдатна, што ў Беларусі дзейнасць у сферы класічнага музычнага мастацтва датуецца дзяржавай. Гэта дазваляе нам выступаць усюды. Я магу паехаць у маленькую музычную школу ў аддаленым райцэнтры і сыграць там для некалькіх слухачоў навучэнцаў і педагогаў.
Вельмі патрэбна, каб у кожным кутку нашай краіны дзеці маглі чуць сапраўдную жывую музыку, бачыць, да чаго яны павінны імкнуцца і чаго могуць дасягнуць. Напэўна, кагосьці гэта натхніць, ён прысвеціць сваё жыццё музыцы, стане выдатным музыкантам. А хтосьці проста палюбіць класіку і будзе потым усё жыццё з задавальненнем хадзіць на канцэрты ў філармонію.

— Улічваючы вопыт вашай дзейнасці, паездак у іншыя краіны, з замежнага досведу штосьці варта ўкараніць у нас?
— Гэта ім ёсць чаму павучыцца і што ў нас запазычыць. Савецкая сістэма музычнай адукацыі заўсёды была і застаецца цяпер найлепшай у свеце. Яна ахоплівае сістэмна ўсе ступені адукацыі. Нічога падобнага няма нідзе. А ў Беларусі ўдалося захаваць гэту сістэму! Наколькі мне вядома, у Германіі толькі нядаўна ўзнікла ідэя зрабіць бесперапынную сярэднюю музычную адукацыю. Але задума не рэалізаваная. Здаецца, яе падкасіў ковід.
Тое самае ў Кітаі: вельмі шмат музычных школ, усе прыватныя. І ў большасці з іх узровень падрыхтоўкі нізкі. А многія ж мараць паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Уяўляеце, з чым да нас прыходзяць?
Але ёсць здольныя. У іх вельмі добрая рухальная каардынацыя. Проста яны нічому не навучаны. Наогул узнікае ўражанне, што за мяжой больш-менш якасную музычную адукацыю могуць атрымаць толькі вельмі забяспечаныя людзі. А ў каго няма грошай, той не атрымае яе, нават маючы талент.
— Ці даводзілася вам чуць музычныя творы, зробленыя штучным інтэлектам?
— У ХХ стагоддзі ўжо была музыка, заснаваная на матэматычным разліку. Напрыклад, серыйная тэхніка, дадэкафонія. Яе стварылі прадстаўнікі так званай новай венскай школы. Шенберг, Веберн, Берг — тры апосталы гэтай сістэмы, якая адзін час была вельмі моднай. Потым і іншыя кампазітары эксперыментавалі ў гэтым кірунку. Напрыклад, Стравінскі. На слых гэта як суцэльная дысанантнасць.
Я чуў узоры музычнай творчасці штучнага інтэлекту. Яны добра скроены. Але я б аднёс іх да вобласці фонавай музыкі. Прыемная? Так. Такой цяпер шмат. Такую багата і людзі ўмеюць складаць. Але напісаць твор, як 5-я сімфонія Шастаковіча, штучнаму розуму, думаю, не пад сілу. Хіба ён зможа напісаць так, як Рахманінаў, у якога пануе стыхія пачуццяў, натхненне, акрыленасць, настальгія? Не. Творчасць — прыярытэт чалавечай асобы!
— Якія ў вас планы?
— Я не задумваюся далёка наперад. У гэтым сезоне хацеў бы пайграць свае транскрыпцыі, апрацоўкі. Сярод іх зусім розная музыка, пачынаючы ад Баха і заканчваючы Лучанком, кінамузыкай Уільямса з “Гары Потэра” і Карнелюка з “Майстра і Маргарыты”.
Я цяпер увесь час думаю пра ордэн. Гэта вельмі высокая дзяржаўная ўзнагарода. Яна накладае дадатковую прафесійную і грамадзянскую адказнасць. Гэта першы ордэн у маім жыцці. У майго бацькі іх было чатыры — ён жа капітан гвардыі, франтавік, які прайшоў усю вайну. Такія ўзнагароды абавязваюць. Пасля іх атрымання немагчыма спачываць на лаўрах.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота з архіва героя