Адчуць яго і наталіцца вытанчанай прыгажосцю можна ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выстава “Васільковае трымценне” — гэта сапраўдны гімн сіняму колеру ў беларускай шкловытворчасці. Не проста экспазіцыя, а зграбна сплеценая гісторыя, дзе далікатнасць матэрыялу сутыкаецца з трываласцю традыцый. Дзе рамяство ўзводзіцца ў ранг высокага мастацтва.

ТРЫ СЭРЦЫ ВАСЬМІНОГА
“Калі б я была васьміногам, то аддала б вам усе тры свае сэрцы”. Гэты кранальны, па-дзіцячы непасрэдны запіс у кнізе водгукаў, пэўна, самы шчыры камплімент, які толькі маглі атрымаць куратары выставы (Марыя Шугалей, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела, і Юлія Загорская, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стагоддзяў). У захопленай гіпербале — уся сутнасць праекта.

Выстава гаворыць з гледачом не на мове артэфактаў, а на мове пачуццяў. Аўтары экспазіцыі пастараліся паказаць і валошкавы сіні колер, і кветку васілёк як адзін з сімвалаў нашай краіны. І далікатнае, трапяткое стаўленне мастакоў і майстроў да такога складанага матэрыялу, як каляровае шкло. Гэтая пяшчота адчуваецца ў кожнай з 30 прадстаўленых работ — шматфігурных дэкаратыўных кампазіцый і асобных аб’ектаў са шкла і з крышталю, створаных на легендарных заводах “Нёман” і Барысаўскім хрустальным імя Ф. Дзяржынскага з 1930 па 2010 год.

АД ЕГІПТА ДА РОДНЫХ НІЎ
Сіняе шкло — традыцыя, якая сыходзіць каранямі ў глыб тысячагоддзяў. Першая ў гісторыі шкляная пацерка, знойдзеная ў Месапатаміі, была менавіта сіняга, “егіпецкага” колеру.

Гутная тэхніка — спосаб мастацкай апрацоўкі шкла, пры якім адмысловец уручную фарміруе вырабы з гарачай масы непасрэдна ў шклаварнай печы, выкарыстоўваючы выдзімальную трубку і іншыя інструменты (шчыпцы, нажніцы). Асноўны прынцып заключаецца ў наданні патрэбнай формы шкламасе да яе астывання, што патрабуе высокага майстэрства і прыводзіць да стварэння непаўторных аб’ектаў.

Беларускія майстры з самага пачатку прадаўжаюць гэтую старажытную лінію. Але ў нас сіні атрымаў сваё, унікальнае нацыянальнае значэнне. Фарбы Беларусі заўсёды натхнялі мастакоў. Сіні тут — не проста колер. Гэта адлюстраванне бясхмарнага неба ў люстраной роўнядзі азёр, гэта зімовыя снежныя покрывы і бязмежныя палі лёну і васількоў у квецені.

Каб узмацніць эфект, музейшчыкі адважыліся на незвычайны крок: яны дапоўнілі шкляныя шэдэўры фота. Аднак не з інтэрнэту і не ад прафесіяналаў. Здымкі рабілі самі супрацоўнікі музея і члены іх сем’яў, доўгі час фіксуючы ўсё сіняе, што ёсць вакол у прыродзе. Задума была ў тым, каб паказаць свет праз аб’ектыў фатографа-аматара — так, як яго бачаць простыя людзі і самі мастакі. Гэта нараджае дзіўны дыялог паміж экспанатам і жывым асяродкам.

МАСТАЦТВА АБО РАМЯСТВО?
На выставе можна прасачыць эвалюцыю беларускага мастацкага шкла. Тут суседнічаюць серыйныя вырабы 1930—1950-х гадоў, якія лёгка знайсці ў бабуліных сервантах, і ўнікальныя ўзоры, створаныя ў адзіным экзэмпляры і адзначаныя міжнароднымі ўзнагародамі. Грань паміж мастацтвам і рамяством у гэтай справе асабліва відавочная. Да 1960-х дамінавала масавая прадукцыя. Але ўсё змянілася са з’яўленнем на заводзе “Нёман” маладых выпускнікоў — Людмілы Мягковай, Уладзіміра Мурахвера і іх калег. Менавіта яны здзейснілі рэвалюцыю, адышоўшы ад паточнай вытворчасці і пачаўшы працаваць над унікальнымі аўтарскімі рэчамі. З гэтага моманту назва Беларусі загучала на сусветных выставах шкла.

Барысаўскі завод традыцыйна трымаў высокую планку ў вырабе класічнага празрыстага крышталю, але і там нараджаліся адметныя каляровыя аб’екты. Кожная такая перліна — гэта не плён халоднага разліку, а часцінка жыцця майстра. Мастак выдумляе эскіз, але выдзімальшчык літаральна сваім дыханнем з распаленай масы стварае ўнікальны прадмет. Загадзя ніколі нельга прадбачыць канчатковы вынік — у гэтым заключаюцца магія і далікатнасць працэсу.

НАТУРА, ЯКАЯ СЫХОДЗІЦЬ
Мастацкае шкло, прадстаўленае ў экспазіцыі, ужо гісторыя. Сапраўднае каляровае, афарбаванае ў масе, сёння амаль не вырабляецца. Сучасная крамная прадукцыя — гэта, як правіла, бясколернае шкло, пакрытае тонкім слоем глазуры. Калі такія прадметы разбіць, падман акажацца відавочны. Таму вазы і кампазіцыі Сямёна Грахоўскага, Галіны Сідарэвіч, Таццяны Малышавай, Сільвіі Раўдвеэ, Сяргея Шэціка, іншых аўтараў сталі музейнымі экспанатамі — захавальнікамі былой эпохі.

“Святыя пагоркі” Галіны Сідарэвіч са шкляных пластоў з украпінамі металу, чароўныя вазы Сяргея Шэціка “Мора-акіян”, выкананыя ў складанай гутнай тэхніцы, — гэтыя працы створаны не для побыту, а для любавання. Іх прыкладное значэнне адышло на другі план, саступіўшы месца чыстаму эстэтычнаму задавальненню.
Выстава “Васільковае трымценне” — магчымасць дакрануцца да цуду, адчуць яго магію і зразумець, што ў сінім адліве шкла жыве душа майстра і сама душа беларускай зямлі.

Выстава працягнецца да 10 кастрычніка 2025 года.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота аўтара