Народны драматычны тэатр “Відарыс” з Барысава рыхтуецца трымаць экзамен

Народны драматычны тэатр “Відарыс” Палаца культуры імя М. Горкага ў Барысаве, пачынаючы сезон, рыхтуецца трымаць экзамен — пацвярджаць званне заслужанага.

Для калектыву гэта важнае сведчанне творчай сілы, якая цягам дзесяцігоддзяў аб’ядноўвае артыстаў і захапляе гледачоў. Як “Відарыс” сустракае чарговы этап сталення і чым жыве, расказаў кіраўнік тэатра Ігар Куніцкі.

 

ПА СЦЭНАРЫІ ЛЁСУ

Гісторыя драматычнага тэатра ў Барысаве — летапіс гарадскога культурнага жыцця. Ён пачынаецца з першых згадак “Таварыства прыгожых мастацтваў” у 1880-м, працягваецца праз моладзевыя калектывы 1920-х і калгасна-саўгасны тэатр 1930-х.

Новы этап звязаны з 1950-м — тады быў заснаваны драматычны гурток, што ўжо праз дзевяць гадоў атрымаў статус народнага.

З 1991-га калектыў носіць імя “Відарыс”, якое ў артыстаў асацыіруецца з відамі, абрысамі, перспектывамі. Назва стала метафарай творчага шляху: бачыць далей, адчуваць глыбей, імкнуцца да новых гарызонтаў, не страчваючы сувязі з традыцыяй.

У 2004-м Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоіла тэатру званне заслужанага — за важкі ўклад у развіццё нацыянальнага мастацтва і актыўную гастрольную дзейнасць.

Біяграфія кіраўніка Ігара Куніцкага нагадвае драматургічны сюжэт, дзе галоўным рэжысёрам выступае лёс.

— У тэатр я трапіў раптоўна, — успамінае Ігар Анатольевіч. — У 1981-м прыйшоў у моладзевую студыю пры народным тэатры. Спачатку атрымаў невялікую ролю ў асноўным складзе і адразу адчуў: сцэна валодае асаблівай, невытлумачальнай магіяй. Паспрабаваў паступіць у тэатральную навучальную ўстанову, але мне сказалі: “Ты малайчына, але перадусім — армія”. Мара засталася жыць у сэрцы. Мінулі гады, і яна ўсё ж спраўдзілася. Ведаеце, ні пра што не шкадую. Тэатр заўсёды быў побач. А ў 2011-м я ўзначаліў калектыў.

За гэтымі словамі — сутнасць “Відарыса”: ён трымаецца на тых, хто не здольны пакінуць сцэну, нават калі жыццё вядзе ў іншы бок. Гэта людзі, для якіх тэатр — унутраны арыенцір, спосаб дыхаць і адчуваць свет.

 

СЯМ’Я ПАД САФІТАМІ

Асаблівасць калектыву — у атмасферы, якая беражліва захоўваецца цягам дзесяцігоддзяў. Тут сустракаюцца людзі розных узростаў і прафесій: пасля працы, вучобы, штодзённых клопатаў яны ідуць у тэатр, каб разам ствараць на сцэне новыя сусветы. — Мы сапраўды як сям’я, — прызнаецца кіраўнік.

— Без гэтага адзінства аматарскі тэатр існаваць не можа. Удзельнікаў тут злучае не матэрыяльная выгада, а душэўная цеплыня і шчырасць у адносінах. Прыходзяць дзеля сцэны, а застаюцца дзеля тых, хто побач. У суполцы няма выпадковых людзей. Кожны акцёр — асоба, натхнёны майстар, які ўносіць у агульны поспех значна больш, чым проста прачытанне ролі. — Прыблізна палова трупы мае прафесійную падрыхтоўку, — распавядае Ігар Куніцкі. — Напрыклад, Віталь Прыбыльскі — не толькі акцёр, але і таленавіты музыкант, аўтар уласных кампазіцый. Тамара Гаеўская працуе з харэаграфіяй і вакалам. Эльвіра Кучынская адказвае за касцюмы, рэквізіт і дэкарацыі. Яўгена Палонская — мой надзейны памочнік і кіраўнік моладзевай студыі “Трыумф”, адкуль да нас прыходзяць но выя таленты.

Тэатр — жывы арганізм. Калі ён адкрыты для творчасці, то і вынік будзе адпаведным. Магчыма, іменна таму спектаклі “Відарыса” гучаць так шчыра. У іх няма фальшу — толькі праўда, якая нараджаецца ў прасторы даверу і ўзаемнай падтрымкі. Кожны адчувае сябе часткай чагосьці большага.

 

ЛЮСТЭРКА ІСЦІНЫ

Рэпертуар тэатра — жывая палітра, адкрытая для гледачоў усіх пакаленняў. На сцэне суіснуюць работы айчынных і замежных класікаў, сучасныя п’есы і драматургічныя эксперыменты. Кожная пастаноўка — плён удумлівага калектыўнага выбару, своеасаблівы экзамен для трупы. Артысты разам чытаюць, абмяркоўваюць п’есы, часам адкладваюць іх, калі тыя не знаходзяць унутранага водгуку. Такі падыход абараняе ад выпадковасці і павярхоўнасці, дазваляе ствараць спектаклі, у якіх ёсць сэнс, глыбіня і душа.

Тут не гоняцца за сенсацыйнасцю ці знешнім эфектам: галоўнае для каманды — шчыры дыялог з гледачом. Таму ў рэпертуары “Відарыса” — матэрыял, правераны часам і напоўнены праўдай. Спектакль “У галоўнай ролі — Этэль П. Сэвідж” паводле Джона Патрыка прынёс калектыву гран-пры абласнога фестывалю “Бярэзінская рампа — 2022” і перамогу ў рэспубліканскім форуме “Тэатральныя скрыжаванні — 2023”.

А ў 2024-м на той жа “Бярэзінскай рампе” адбылася новая падзея — спектакль “Авантура з відам на стары Парыж” (“Блэз”) адзначыў упэўнены дэбют маладых акцёраў. Гэтыя дасягненні сведчаць: калектыў, у аснове якога энтузіязм, любоў да сцэны і павага да публікі, здольны канкурыраваць нават з прафесійнымі тэатрамі.

 

ШЧЫРЫ ДЫЯЛОГ

Сёння залы “Відарыса” заўсёды поў­ныя, бо сцэна тут — гэта найперш прастора жывых зносін. Сюды ідуць не проста паглядзець пастаноўку, а сустрэць суразмоўца, пачуць словы, што адгукаюцца ў сэрцы.

— Ці не ў гэтым сутнасць чалавечай прыроды — у жаданні быць пачутым, знайсці таго, хто разумее? Калі публіка давярае нам, мы абавязаны заставацца сумленнымі і адкрытымі, — падкрэслівае рэжысёр. — Мы не прыдумваем далёкасяжных праграм і не распавядаем пра планы загадзя — нам важней здзіўляць і захоўваць жывую непрадказальнасць сустрэчы са сцэнай. І галоўнае — каб кожны, хто пераступае наш парог, разумеў: перад ім сапраўдны тэатр. Жывы. Шчыры. Блізкі.

Стабільны склад трупы, перамогі на фестывалях, давер гледачоў — усё гэта сведчыць: тэатр дыхае і развіваецца. Кожная пастаноўка — больш чым мастацкая падзея. Усе спектаклі ператвараюцца ў шчыры дыялог. А дыялог, як лічаць у “Відарысе”, і ёсць аснова ўзаемаразумення, без якога немагчыма будаваць будучыню.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву