Найстарэйшая на Палессі

Апублiкавана: 01 кастрычнiка 2025 Стужка Музыка Брэст і вобласць Тэма

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Штогод 1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень музыкі. Першая музычная, як гэтую школу называюць у Пінску, лічыцца на Палессі найстарэйшай. У 1939 годзе, 17 верасня, прайшло аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, а ўжо назаўтра быў аб’яўлены набор вучняў.

 

ПРАЗ ЧАС

Горад Пінск Брэсцкай вобласці з 1921 года знаходзіўся ў складзе Польшчы і быў вернуты БССР разам з іншымі населенымі пунктамі ў верасні 1939-га.

— Да гэтага тут працавалі асобныя прыватныя настаўнікі музыкі, а калі ўсталявалася савецкая ўлада, яны аб’ядналіся і правялі першы набор, — распавядае дырэктар Пінскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Цупа.

Спачатку ва ўстанове навучалі ігры на фартэпіяна і скрыпцы, крыху пазней з’явілася аддзяленне духавых інструментаў. Будынак, у якім цяпер размяшчаецца школа, на 10 гадоў старэйшы за яе. Дом захоўвае асаблівую атмасферу і спрыяе творчаму працэсу.

Высокая столь забяспечвае выключную акустыку ў малой канцэртнай зале і кабінетах, а панарамныя вокны і агульная эстэтыка памяшканняў — выхаванне пачуцця прыгожага ў навучэнцах.

— На карце горада будынак з’явіўся ў 1929-м, — распавядае Ганна Алегаўна. — Гэта помнік архітэктуры ХХ стагоддзя. Да музычнай школы тут былі розныя ўстановы. Існуюць звесткі, што цягам вайны ў доме знаходзіўся штаб партызанскага атрада, а ў адным з кабінетаў на першым паверсе працаваў камандзір падраздзялення генерал-маёр Васіль Корж — Герой Савецкага Саюза.

 

СВАЯ АТМАСФЕРА

— З часам школа пашыралася, для работы педагогаў і навучэнцаў былі патрэбныя новыя памяшканні. Так у 1984 годзе з’явіліся прыбудовы, — расказвае дырэктар. — Яны выкананы ў тым жа стылі, што і цэнтральная частка, і цалкам падыходзяць для заняткаў музыкай.

Мы крочым па калідорах. На сценах — партрэты кампазітараў. Зазіраем у класы — кожны мае сваё прызначэнне, свой характар. Фотаздымкі ў адным распавядаюць: тут навучаюцца ігры на саксафоне.

Гадзіннік у форме скрыпкі ў другім — зразумелы сімвал. У трэцім — балалайкі, у чацвёртым — духавыя інструменты, у пятым — прыступкі для дзіцячага хору… І кожны пакой дыхае ўласнай адметнасцю, настройвае на творчасць і плён.

 НА ЛЮБЫ ГУСТ

У чарговым кабінеце ўвагу прыцягвае… кельцкая арфа. Тут займаюцца дзеці, якія абралі асноўным напрамкам лютню. Дарэчы, іграць на ёй вучаць толькі ў Пінскай школе мастацтваў. Па словах Ганны Алегаўны, як асноўны гэты незвычайны для Беларусі інструмент асвойваюць тры чалавекі.

А ігру на аргане як на дадатковым інструменце спасцігае ўсяго адзін.

— Далёка не першы год у нас існуе гэты кірунак, — распавядае Ганна Цупа. — Як правіла, ідуць на яго тыя, хто спазнае ігру на фартэпіяна. Дарэчы, мясцовы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі запрашае навучэнцаў і выпускнікоў школы да ўдзелу ў традыцыйным фестывалі арганнай музыкі.

Сярод унікальных інструментаў — дарэвалюцыйнае піяніна з аўтэнтычнай разьбой, якое, нягледзячы на ўзрост, гучыць вельмі чыста.

 

ДА КАРАНЁЎ

— У нас на мэце — захаванне культурнай спадчыны, — расказвае Ганна Алегаўна. — Напрыклад, калі паўстала пытанне пра стварэнне касцюмаў для хору, было вырашана ўзяць за аснову палескія строі і характэрную для рэгіёна вышыўку. Тое, што гарнітуры не стылізаваны пад беларушчыну, а нясуць спадчынны код, выклікае цікавасць у многіх этнографаў, з якімі даводзіцца сустракацца на выязных мерапрыемствах.

Гэта датычыцца і адзення, і музыкі, інструментаў, агульнага настрою, які пануе ў школе.

— Прытым для нас важна не толькі зберагаць нацыянальную культуру, але і развіваць яе, ісці ў нагу з часам, — падкрэслівае дырэктар.

 

ЗОРНЫ ШЛЯХ

Сёння ва ўстанове па 25 спецыяльнасцях навучаюцца 616 хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут у адпаведнасці з традыцыямі школы даволі багатае аддзяленне духавых інструментаў — ужо згаданы саксафон, а яшчэ труба, туба, валторна, трамбон, флейта ды іншыя. Іграе на іх шостая частка ўсіх вучняў — амаль 100 чалавек.

Самае шматлікае аддзяленне — струнна-народнае, дзе паўтары сотні дзяцей асвойваюць ігру на цымбалах, лютні, домры, мандаліне, балалайцы, гітары. Прыкладна па 100 вучняў займаецца харавым і эстрадным вакалам, ігрой на фартэпіяна, струнна-смычковых і народных інструментах.

У школе дзейнічае цэлы шэраг паспяховых калектываў. Сярод іх духавы, цымбальны, камерны аркестры і эстрадна-вакальны гурт “Фантастыка” — узорныя. А струнны квартэт “Кантыненталь”, ансамбль народнай музыкі “Палескі сувенір” і студыя эстраднай песні “Папуры” ўдастоены звання “Народны”.

Ганна Алегаўна з гонарам пералічвае прозвішчы таленавітых вучняў і выпускнікоў, якія дасягнулі пэўных вышынь у творчасці і якія толькі робяць першыя крокі на зорным шляху. Падаецца, дырэктар можа гадзінамі расказваць пра кожнага! А ў вачах самой Ганны Цупа гараць агеньчыкі натхнення, любові да справы, музыкі, Радзімы.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара і з архіваў музычнай установы