Шляхам Міхаіла Пташука

Апублiкавана: 25 верасня 2025 Стужка не указан Мінск Культурны турызм

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Сёння мы рушым на малую радзіму Міхаіла Пташука, імя якога даўно стала нацыянальным брэндам. А праз прынцып рэжысёра здымаць дома, падарожжа ахопіць і мясціны, дзе ствараўся знакаміты фільм “Знак бяды”.

Міхаіл Пташук (28 студзеня 1943 — 26 красавіка 2002) — выбітны беларускі рэжысёр, прадзюсар. Яго заслугі не раз прызнаваліся на высокім дзяржаўным узроўні і адзначаліся ганаровымі званнямі ды прэміямі. Ім створаны вядомыя, знакавыя для нацыянальнага (і не толькі) кінематографа фільмы: “Чорны замак Альшанскі”, “Нас абраў час”, “Вазьму твой боль”, “Знак бяды”, “Наш бронецягнік”, “Кааператыў “Палітбюро”, “У жніўні 44-га”, “У чэрвені 41-га”… На жаль, жыццё рэжысёра абарвалася трагічным чынам на самым ўзлёце.

 

ЗНАК БЯ­ДЫ

Сорак гадоў таму ў ваколіцах Баранавічаў пачаліся здымкі фільма “Знак бяды”. У сюжэт лягла новая, завершаная у 1982 годзе аповесць Васіля Быкава (за якую пісьменнік атрымаў Ленінскую прэмію, найвышэйшую ўзнагароду СССР). Прысвечана стужка першым месяцам нямецкай акупацыі, калі ціхае хутарское жыццё галоўных герояў, Петрака і Сцепаніды, было перарвана раскватараваннем у іх доме нямецкай рамонтнай каманды. Да невыносных акалічнасцяў такога “суседства” дадаліся гвалтоўныя візіты паліцаяў. Фільм завершваецца вельмі трагічна.

Складаным быў і здымачны працэс. Пазней рэжысёр назваў яго самым цяжкім у сваім жыцці. Тады яшчэ ніхто ня ведаў, што “Знак бяды” прынясе свайму стваральніку і галоўным акторам Генадзю Гарбуку і Ніне Русланавай усе тры найвышэйшыя ўзнагароды на буйным міжнародным кінафестывалі ў Югаславіі. І што з цягам часу стужка папоўніць залаты фонд беларускага кіно. Карціна выйшла на экраны ў 1986-м — налета адзначым юбілей. А пакуль выходзім на шлях.

 

ЛЯ­ХА­ВІ­ЧЫ І КО­НЬ­КІ

 Аб тым, што ў Ляхавічах шануюць памяць вялікага земляка, сведчаць вуліца, якая носіць яго імя, памятная шыльда і мерапрыемствы, што ладзяцца ў культурных ўстановах горада — цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, кінатэатры “Кастрычнік”. У імпрэзах удзельнічае дачка Міхаіла Пташука, актор, рэжысер Беларускага радыё Ліка Пташук, а таксама творчыя калектывы, моладзь.

У аграгарадку Конькі пры сярэдняй школе існуе невялічкі музей з матэрыяламі пра жыццё і творчасць кінарэжысёра. Спрычыніўся да яго жыхар Конькаў настаўнік Мікалай Піліпчык, які з вучнямі даглядае і дом Пташукоў у Федзюках.

 

ФЕ­ДЗЮ­КІ

Вёска, дзе нарадзіўся адзін з самых знакамітых беларускіх рэжысёраў, захавала важныя памяткі аб ім. Першая і галоўная — дом. Тут прайшло дзяцінства і юнацтва рэжысёра, адсюль ён выбраўся ў вялікі свет. Асірацелая пасля смерці маці творцы і яго самога хата доўгі час стаяла замкнёнай. Але не так даўно было ўзнята пытанне аб ператварэнні яе ў музей Міхаіла Пташука.

У 2013-м мясцовыя жыхары ўзялі будынак пад апеку: наноў пафарбавалі, з’явілася памятная шыльда, даглядаецца і тэрыторыя. У 2010-м у вёсцы ўсталявалі крыж у памяць рэжысёра і камень з таблічкамі, на якіх адбіты назвы самых важных фільмаў.

 

 ДА­РА­ВА

Пра Дарава, якое амаль побач з Федзюкамі, мы не раз згадвалі на старонках “К”. Бо тут на старых каталіцкіх кладах спачывае разам з жонкай (сваячкай Адама Міцкевіча) і нашчадкамі беларускі філосаф ХІХ стагоддзя Фларыян Бохвіц. Пасля нашых штогадовых выездаў-суботнікаў сёлета далучыліся да дагляду гэтых сямейных пахаванняў і мясцовыя жыхары.

А на праваслаўных могілках, што за ракой, блізу капліцы стагоддзямі хавалі сваіх Пташукі. Тут спачываюць бацькі Міхаіла, дзядзька Адам Піваша, якога рэжысёр не раз згадваў у сваіх успамінах.

 

БА­РА­НА­ВІ­ЧЫ

 Перакрочыўшы мяжу раёнаў, трапляем у горад, што займаў у жыцці Міхаіла Пташука важнае месца. Тут прайшло яго юнацтва. Тут ён вучыўся ў школе, дзе ўпершыню паспрабаваў свае сілы на сцэне. Памятае яго і велічны паваенны чыгуначны вакзал на станцыі Баранавічы-Палескія, праз “пасрэдніцтва” якога творца трапляў або ў родныя Федзюкі, або ў Мінск і далей на ўсход. Сёння ў СШ №13 (былая 41-я) ёсць выдатны музейчык Пташука, дзе нямала ўнікальных экспанатаў. Прыкладам, рэжысёрская версія сцэнарыя “Знак бяды”, фотаздымкі. Не так даўно на мурах школы з’явілася памятная шыльда, прысвечаная творцу.

Што датычыцца фільма, то мясцо- выя па сёння прыгадваюць, як Ніна Русланава, не выходзячы з вобраза Сцепаніды, давяла нейкаму вайскоўцу, што пагарджаць простымі людзьмі нельга. Пасля пэўнай абструкцыі афіцэр перавёўся ў іншую частку. Падчас здымак акцёры жылі ў цэнтры горада, у гатэлі “Гарызонт”, а вячэралі ў блізкім рэстаране (сёння начны клуб). Мо хто з чытачоў больш ведае пра побыт каманды ў Баранавічах ды іншых мясцінах? Дзяліцеся ўспамінамі!

 

БАР­ТНІ­КІ

 Месца здымак фільма знаходзіцца не ў самой вёсцы. Трэба з колішняга маёнтка Бартнікі, дзе захавалася сядзіба ХІХ стагоддзя, накіравацца на поўнач, у бок Карчова. За сто метраў ад апошніх хат пры дарозе — тры магутныя дубы, за імі невялічкі гаёк і гара. Каб прайсці да тых дубоў, трэба тупаць па полі. Дарогу, што некалі вяла на Скробаў і Гарадзішча, даўно зааралі.

Сам хутар са старымі і ўзведзенымі для здымак фільма гаспадарчымі будынкамі ў 1985-м пайшоў дымам у нябёсы. Так было наканавана і аповесцю Васіля Быкава, і сцэнарным планам. Але вернемся да яго пачатку.

Шукаючы натуру, рэжысёр два тыдні безвынікова ездзіў па дарогах малой радзімы. Усё было не тое. Ёсць хутар — няма гары (якая ў аповесці мела назву “Галгофа”). Ёсць гара — няма хутара. І калі б не дапамога сябра Льва Аліферкі, старшыні Вольна Чэрніхаўскага саўгаса, здымкі маглі сарвацца. Даведаўшыся ад Пташука пра праблему, Аліферка прапанаваў аб’ект, на якім сышліся зоркі “Знака бяды”. Запушчаны хутар (гаспадары перабраліся ў Баранавічы), гара, палі… Што адбывалася на працягу далейшых некалькі месяцаў, лепей глядзець на экране, а пра тое, што засталося па-за кадрам, распавядзём у асобнай публікацыі. Бо там жыве свая цікавая гісторыя.

Пасля здымак гэтае месца заняпала. Частка тых “сотак” зрэзана, але яшчэ даволі зямлі і дрэў, каб адрадзіць сад. Ад дома засталіся падмуркі і кавалкі цэглы ад печы. Акурат з апісання такіх парэшткаў і пачынаецца аповесць Быкава. Ідэя аднавіць хутар ужо выказвалася ў 2009-м на старонках “СБ”. Аб’ект мог бы стаць прывабным для турыстаў, бо фільм глядзеў увесь СССР. Стужка знаная і ў свеце: на прэстыжным кінафестывалі перамагла з вялікім адрывам аскараноснага суперніка — “Узвод” Алівера Стоўна. Мо час вярнуцца да той ідэі?

 

ВО­ЛЬ­НА

 Пра лёс маёнтка ў ХІХ стагоддзі мы ўжо распавялі на старонках “К”. Давайце перанясёмся на дзвесце гадоў бліжэй да нас. Па-першае, сённяшні прыгожы Дом культуры (у якім месціцца і бібліятэка) памятае першую прэзентацыю фільма “Знак бяды” . Такім чынам Міхаіл Пташук хацеў аддзячыць землякам і сябрам — тым, хто дапамагаў падчас здымак і ўдзельнічаў у іх. Таму памятная дошка, якая гэты факт адцеміць, тут раней ці пазней з’явіцца: на Баранавіччыне вельмі шануюць рэжысёра. У Вольнаўскай школе ўжо некалькі гадоў працуе музейчык Міхаіла Пташука, перанесены з суседняй вёскі Ніжняе Чэрніхава.

 

НІЖ­НЯЕ ЧЭР­НІ­ХА­ВА

Вёска месціцца амаль пры самай трасе М1. Там вельмі зручна або пачынаць, або, як у нашым выпадку, завершваць “вандроўку па раёнах”. На месцы, дзе некалі быў маёнтак Гартынгаў, за савецкім часам працавала школа. Ад сядзібнай гаспадаркі застаўся двухпавярховы мураваны будынак, цікавы ў архітэктурным плане. Школа, дзе яшчэ пры жыцці Міхаіла Пташука дбаннем спадара Аліферкі быў створаны першы ў краіне музейчык рэжысёра (і фільма), некалькі гадоў таму была зачынена. Экспанаты пераехалі ў Вольна. Будынак жа набыла прыватная асоба, і там ідзе сваё жыццё.

 

 МІНСК

 Вось мы і вярнуліся ў сталіцу. Але прыгоды працягваюцца. З чыгуначнага вакзала накіроўваемся на Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” (станцыя метро “Маскоўская”). Тут нараджаліся карціны Пташука. На галоўным корпусе — тры выразныя памятныя шыльды тром выбітным беларускім рэжысёрам: Уладзіміру Корш-Сабліну, Віктару Тураву, Міхаілу Пташуку. Жыццё кожнага з іх — важна веха ў гісторыі беларускага кінематографа і асобная тэма для расповеду на старонках “К”.

З “Беларусьфільма” адпраўляемся на знакаміты некропаль “Усходнія могілкі” (станцыя метро “Барысаўскі тракт”). З левага боку ад цэнтральнай алеі, на якой высіцца помнік Пятру Машэраву, знаходзіцца ўчастак, дзе здаўна хаваюць прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай эліты. Тут, сярод сяброў і калег, знайшоў апошні спачын і Міхаіл Пташук — пазнавальны помнік добра бачны здалёк. Побач пахаваны і Пятрок са “Знака бяды”, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Генадзь Гарбук. Тут, на сталічных могілках, іх ізноў паяднаў лёс.

 

ПА­МЯЦЬ ЖЫ­ВЕ

Неўзабаве ў мінскай СШ №224, якая знаходзіцца на вуліцы, што носіць імя рэжысёра, адбудзецца адкрыццё музея Міхаіла Пташука. Вялікую колькасць сапраўдных рарытэтаў перадала ўстанове дачка рэжысёра Ліка Пташук. Мы абавязкова пабываем на свяце і распавядзём чытачам пра ўбачанае.

 

Змі­цер ЮРКЕ­ВІЧ. Фота аўтара

 

MAX TikTok