Сёння мы ўбачым партал у іншы свет, пазнаёмімся з заснавальнікам каменнага Нясвіжа, пакаштуем чароўны напой і даведаемся пра бясцэнныя знаходкі.

Люстэркі
Люстэркі XIX стагоддзя аздабляюць Залатую залу. Незвычайныя! Згадкі пра іх сустракаюцца ў замкавых інвентарах: такія прадметы інтэр’ера — частка захаванай маёмасці палаца.
— Гэтыя люстэркі пакінулі замак у перыяд “пераразмеркавання” каштоўнасцей і доўга ўпрыгожвалі хол другога паверха Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў Мінску, — расказвае вучоны сакратар музеязапаведніка Вольга Шкрабіна. — А пры рэканструкцыі тэатра ў 2011—2013 гадах былі перададзены нашай установе. Арыгінальныя рамы пазалацілі падчас рэстаўрацыі, аднак захавалі на іх і фрагменты першапачатковага пакрыцця (зандажы).
Люстэркі вісяць адно насупраць аднаго. Калі зазірнуць у якое-небудзь, то ўбачым доўгую анфіладу з… чарнатой у глыбіні. Аж мурашкі па скуры — здаецца, зараз з’явіцца прывід. Але тлумачыцца такі эфект проста: даўней пры вытворчасці люстэркаў выкарыстоўвалі амальгаму. У яе склад уваходзілі ртуць і срэбра, злучэнне якіх і давала тую самую чарнату ў далёкім калідоры.

Напой
У ХVI—XVIII стагоддзях лічыўся адным з самых дарагіх у Рэчы Паспалітай. Дазволіць сабе такі маглі толькі заможныя людзі. Яго спажываў, ратуючыся ад меланхоліі, кароль і вялікі князь Стэфан Баторый. Гэтым напоем умацоўваў здароўе кароль Ян III Сабескі, а хтосьці са шляхты — засцерагаўся ад карыесу.
Назва цудасродку — дэкокт. А па сутнасці гэта... адвар з чайнага лісця! Тактак, гарбата — самы звычайны для нас штодзённы напой!
Упершыню дзіўную гаючую ўсходнюю расліну згадаў у ХVII стагоддзі Ян ІІ Казімір Ваза ў лісце да сваёй жонкі. Услед за каралём мода на дэкокт захліснула ўсе вярхі Рэчы Паспалітай. Не заставаліся ўбаку ад чайнай тэрапіі і Радзівілы. У інвентарах упамінаецца аб наяўнасці ў Нясвіжы спецыяльных імбрычкаў і сервізаў.

Мікалай Крыштаф Радзівіл
Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, сына Мікалая Радзівіла Чорнага, можна па праве назваць адной з ключавых фігур у гісторыі Нясвіжа. Менавіта пры Сіротку горад атрымаў магдэбургскае права — права на самакіраванне. Прычым магнат асабіста склаў прывілей і падпісаў яго на сейме ў Гродне 24 чэрвеня 1586 года ў караля Стэфана Баторыя. Дзякуючы гэтай падзеі ў Нясвіжа з’явіўся дазвол мець ратушу.
Намаганнямі Сіроткі горад з драўлянага пачаў ператварацца ў каменны: быў узведзены велічны касцёл Божага Цела ў стылі барока з крыптай для членаў роду, манастыр бенедыкцінак і дабудаваны сам замак, які стаў адной з найлепшых крэпасцей Вялікага Княства Літоўскага і адной з найпрыгажэйшых рэзідэнцый Еўропы.
Мікалай Крыштаф атрымаў бліскучую адукацыю, шмат падарожнічаў. З Каіра прывёз сакрэт бальзамавання, якім у савецкі час зацікавіліся навукоўцы, што планавалі навечна захаваць цела Сталіна. Сіротку ведалі і як пісьменніка: падчас вандроўкі на Святую зямлю ён вёў дзённік, дзе зафіксаваў уражанні ад шляху, краін. У 1601м нататкі былі выдадзены на лацінскай мове, а пазней — на польскай, рускай і беларускай.

Магнат ажаніўся з Альжбетай Вішнявецкай, якая нарадзіла яму дзевяць дзяцей, але рана сканала. Мікалай Крыштаф выхоўваў іх адзін, а потым узяў на сябе клопат яшчэ і аб чатырох пляменніках — дзецях памерлага брата.
Што тычыцца мянушкі Сіротка, то замацавалася яна, калі Мікалай быў яшчэ немаўляткам. Бацькі адправіліся на каралеўскі баль разам з сынам, пакінулі хлопчыка ў калысцы ў адной з зал, пакуль ён спаў, і адправіліся танцаваць. Дзіця прачнулася і расплакалася. На крык прыйшоў Жыгімонт II Аўгуст і выклікнуў: “Ах ты мой бедны сіротка!” І ўсё: мянушка прыляпілася.
Ордэнскія зоркі
Ордэны і іншыя ўзнагароды — сярод найважнейшых прадметаў, што сведчаць пра статус і заслугі ўладальнікаў, расказваюць пра іх лёс і захоўваюць яшчэ шмат каштоўнай гістарычнай інфармацыі. У зборы музеязапаведніка “Нясвіж” падобных артэфактаў некалькі.
— У магільным склепе князёў Радзівілаў у фарным (прыходскім) касцёле Божага Цела ў 2016— 2017 гадах спецыялісты выявілі шытыя знакі ордэнаў Белага Арла, Святога Губерта і Святой Ганны. Гэтыя знаходкі пралілі святло на многія моманты з жыцця ўладальнікаў замка і дазволілі ідэнтыфікаваць некаторыя пахаванні. Напрыклад, ордэнам Святой Ганны ўганараваны толькі адзін прадстаўнік роду — генераллейтэнант кавалерыі князь Станіслаў Радзівіл. У пахаванні адшукалі і муаравую стужку, якая з 1713га была знакам ордэна Белага Арла — вышэйшай узнагароды Рэчы Паспалітай, — распавядае Вольга Шкрабіна. — Другую шытую зорку ордэна Белага Арла выявілі ў пахаванні Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Важнай знаходкай сталі фрагменты муаравай стужкі і шытай зоркі аднаго з найстарэйшых еўрапейскіх ордэнаў — Святога Губерта. Атрыбуты належалі Гераніму Вінцэнту Радзівілу.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА