Барысаўскія школьнікі падчас канікулаў “лячылі” кнігі і на гэтым зарабілі грошы.

ХІТРАЯ СПРАВА
…Перад кожным з юнакоў і дзяўчат —пэндзлікі, слоічак з клеем, канцылярскі нож, лінейка, папяровыя стужачкі і стос старэнькіх кніг. Эх, пакалашмаціў жа іх час! У адной карэньчык зусім састарэў, у другой — старонка напалову, у трэцяй — каптал вось-вось распадзецца на нітачкі... Каб прывесці іх у нармальны стан, трэба будзе пастарацца.

Школьнікі ўважліва слухаюць пераплётчыка-прафесіянала: без яго тлумачэнняў і дапамогі ў іх ці наўрад што талковае атрымаецца. Бо патрабаванні да рэстаўрацыі кожнай кнігі індывідуальныя — залежаць ад каштоўнасці і ўнікальнасці выдання, яго тыражу і колькасці выпушчаных асобнікаў, ступені разбурэння і яшчэ шмат ад чаго. А вось разам яны здолеюць кожную кнігу "вылечыць".

З “ДАРОСЛЫМ” ПАДЫХОДАМ
Летнія канікулы для трох дзясяткаў школьнікаў Барысава запомняцца не толькі адпачынкам, але і добрай справай. У рамках праграмы часовай занятасці моладзі яны атрымалі магчымасць папрацаваць у бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева. І не проста падзарабіць, але і паўдзельнічаць у рэстаўрацыі кніг.

— Праект для нас новы, стартаваў сёлета ў супрацоўніцтве з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Барысаўскага райвыканкама, — расказвае дырэктар Алена Капыток. — Фінансаванне выдзялялася з бюджэту, а мы падрыхтавалі неабходную дакументацыю, арганізавалі працоўныя месцы і курыравалі працэс. Падлеткі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў працавалі ў нас афіцыйна і ў строгай адпаведнасці з нормамі заканадаўства. Напрыклад, іх рабочы дзень складаў ад 4 да 7 гадзін паводле ўзросту. Кожная з трох змен доўжылася пяць дзён.

Па словах кіраўніка, у часовай занятасці ёсць вялікая запатрабаванасць: школьнікі імкнуцца зарабляць.
— Кожны атрымаў ад 180 рублёў. Дзеці адзначылі: гэта добры старт, каб навучыцца ставіцца да жыцця падаросламу, — канстатуе Алена Сяргееўна.

"КНІГІ ТРЭБА ЛЮБІЦЬ"
Хлопцы і дзяўчаты працавалі пад кіраўніцтвам штатнага пераплётчыка Віктара Шкрэдава.
— Мой шлях у прафесію “лекара кніг” пачаўся з дзяцінства: чытаць любіў — хлебам не кармі! У бібліятэцы па дзве кніжкі на рукі выдавалі, а я па дзесяць прасіў. Ноч, цемра, усе спяць, а я пад коўдрай з ліхтарыкам шуршу старонкамі, — успамінае Віктар Пятровіч. — Праглынаў усё — ад прыгод да ваеннай гісторыі. Цяпер перадаю павагу да кнігі новаму пакаленню.
Першы асобнік, адрамантаваны майстрам, — зборнік кулінарных рэцэптаў. Ён быў у жудасным стане: засалены, з вырванымі старонкамі. Але Шкрэдаў справіўся! Выданне служыць людзям дагэтуль.

— Кнігі трэба любіць, — рэзюмуе Віктар Пятровіч. — Яны наша гісторыя, культура, наш здабытак.

Згодная з адмыслоўцам і ўдзельніца праекта, адзінаццацікласніца барысаўскай школы №18 Дар’я Барташ:
— Старыя кнігі — гэта памяць. Не ўсе з іх будуць перавыдадзены. І такія асобнікі — асабліва каштоўныя. Мы абавязаны іх захаваць.

Расказы пачаткоўцаў-пераплётчыкаў аб працоўным леце натхнілі іх аднагодкаў — ужо сфарміравалася чарга з ахвочых папрацаваць у бібліятэцы. Кіраўніцтва ўстановы падумвае, каб прадоўжыць практыку і на восеньскіх канікулах. Справа добрая — даць падлеткам шанц не толькі зарабіць, але і дакрануцца да гісторыі, культуры і адчуць адказнасць за тое, што ім пакінулі ў спадчыну папярэднія пакаленні.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара