Засушаная луста хлеба, кававарка-“мікраскоп” і пластылінавы торт. Музей гісторыі горада Мінска прапаноўвае ўвазе наведвальнікаў праект, прысвечаны гастранамічнай культуры. Набыўшы адзіны білет, можна ўбачыць дзве часовыя выставы ў розных філіялах установы, экспазіцыю археалагічнага музея, а таксама прайсці тэматычны квэст і атрымаць сувенір.

У ДВАРАНСКАЙ СЯДЗІБЕ
Традыцыі прыгатавання ежы, сервіроўкі і застольны этыкет адлюстроўваюць гісторыю, уплываюць на жыццё грамадства і развіццё гарадской прасторы. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлена выстава “Смак і стыль: за сталом у дваранскай сядзібе”, якая распавядае пра кулінарныя звычаі прывілеяванага саслоўя ў канцы XVIII — пачатку ХХ стагоддзя. Праект выдатна дапаўняе асноўную экспазіцыю, размешчаную ў будынку сядзібы канца XVIII стагоддзя, дазваляючы зірнуць на мінуўшчыну і штодзённасць губернскага Мінска з новага ракурсу.
Гастранамічная культура паказана праз посуд для захоўвання і падачы ежы, калекцыю прыбораў, іншыя рэдкія прадметы побыту, такія як дарожны самавар, гармата для застольных міні-салютаў альбо акваманіл — адмысловы сасуд для мыцця рук.
Таксама тут можна пабачыць калекцыю фарфоравага посуду ў форме садавіны, гародніны і жывёлін. Экспазіцыя працуе да 15 кастрычніка.

НОВАЯ ЭРА — НОВЫ БЫТ
А ў выставачных залах на Ракаўскай вуліцы даступны праект “Гастранамічная культура Мінска. ХХ стагоддзе”. Ён распавядае ўжо не толькі пра дамашняе, але і пра грамадскае харчаванне, дзейнасць прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Своеасаблівы сімвал рэвалюцыйнага часу — засушаная луста хлеба, якую ў 1918 годзе прывёз з маскоўскай камандзіроўкі і збярог на памяць мінскі чыгуначнік Іосіф Голубеў.
Змена дзяржаўнага ладу і маштабныя пераўтварэнні ў грамадстве паўплывалі і на сталы мінчан: з усталяваннем савецкай улады ў 1920-х традыцыйны фарфор папярэдняй эпохі саступаў месца посуду з выявамі ды лозунгамі, якія мусілі агітаваць за новы быт.

Куратар выставы Яўгенія Стальмахова адзначае, што міжваенныя дзесяцігоддзі ў гастранамічнай гісторыі СССР адметныя імкненнем адысці ад хатняй ежы, паступова вызваліць гаспадынь ад патрэбы займацца кухоннымі клопатамі. Прапагандавалася харчаванне ў сталовых, арганізоўваліся так званыя фабрыкі-кухні — адпаведны мінскі будынак у стылі канструктывізму быў узведзены ў 1934 годзе непадалёк ад Дома ўрада, на вуліцы Свярдлова. Пазней там знаходзіўся знакаміты рэстаран “Папараць-кветка”.

У харчовай прамысловасці, якой у 1930-х кіраваў народны камісар Анастас Мікаян, уводзіліся новыя тэхналогіі кансервавання, доўгатэрміновага захоўвання ў халадзільных камерах, вытворчасці марожанага, рабіліся першыя спробы прызвычаіць насельніцтва да таго, што сёння назвалі б фаст-фудам. Акурат тады з’явілася “Кніга аб смачнай і здаровай ежы”, якая мусіла навучыць людзей правільнаму харчаванню.

Што тычыцца дамашняй гастранамічнай культуры, у пасляваенныя гады больш заможныя гараджане, жыхары новазбудаваных “сталінак”, збіраліся за сталом у гасцёўнях, а вось у наступную эру “хрушчовак” елі ўжо непасрэдна на кухнях. Нярэдкімі былі трафейныя посуд і прыборы, прывезеныя ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай.

НА МІНСКІХ КУХНЯХ
Дапаўняюць экспазіцыю атмасферныя інсталяцыі. Яны рэканструююць кухню 1950-х і сталовую 1960-х, дзе між іншага можна пабачыць па-майстэрску вылепленыя адмыслова да выставы пластылінавыя муляжы характэрных савецкіх страў — сасісак з зялёным гарошкам і святочнага бісквітна-крэмавага торта. А вось усе прадметы побыту і мэбля тут, зразумела, арыгінальныя, перададзеныя ў музей гараджанамі альбо адшуканыя самімі супрацоўнікамі ўстановы ў розных кутках Мінска.
Паказаны і вытанчаныя сервізы, і кававарка “касмічнага” дызайну, якая нагадвае мікраскоп, і больш звыклыя ды шырока распаўсюджаныя сіфоны, тэрмасы. Кухонная тэхніка сталічнага вырабу прадстаўлена прадукцыяй завода “Тэрмапласт”, навукова-вытворчага аб’яднання “Гранат”, доследнага завода “Эталон”, Мінскага аўтамабільнага завода і кампаніі “Амкадор”.

НЕ ТОЛЬКІ СМАК, АЛЕ І ГУСТ
Змешчаная ў вітрынах прадукцыя Мінскага фарфоравага завода 1960—1980-х дазваляе прасачыць эвалюцыю формы посуду і ўплыў модных тэндэнцый на яго аздабленне. Акрамя таго, экспануюцца этыкеткі і ўпакоўка прадукцыі такіх сталічных прадпрыемстваў, як бісквітная фабрыка, малочны камбінат альбо кандытарская фабрыка “Камунарка”; прэзентаваная калекцыяй абгортак ад цукерак 1930—1970-х.
Побач на сценах — узоры рэкламы ўстаноў грамадскага харчавання, якія працавалі ў савецкім Мінску, і публікацыі на кулінарную тэматыку са старых часопісаў.
Па тэлевізары дэманструюцца архіўныя відэа аб прадпрыемствах харчовай прамысловасці, кафэ і рэстаранах другой паловы ХХ стагоддзя.

Як і іншыя праекты Музея гісторыі горада Мінска, прысвечаныя савецкай штодзённасці, гэтая выстава можа выклікаць у старэйшага пакалення прыліў настальгіі. Маладыя ж людзі, якія не заспелі рэалій мінулага стагоддзя, на свае вочы пабачаць, што елі, як гатавалі і якімі прадметамі карысталіся бабулі ды дзядулі. Экспазіцыя будзе працаваць да канца года.
Антон РУДАК. Фота аўтара