Сапраўдная прастора для развіцця талентаў і душы — менавіта так называюць заслужаны аматарскі калектыў, узорны тэатр песні “Шына-най” тыя, хто хоць раз адчуў яго атмасферу. Тут музыка становіцца мовай сэрца, а сцэна — месцам, дзе нараджаюцца мары. Як удаецца захоўваць гэтую творчую энергію і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, расказала заснавальнік і нязменны кіраўнік заслужанага калектыву Ала Ефіменка.

АД ІДЭІ — ДА БРЭНДА
Гісторыя тэатра песні “Шынанай” распачалася ў 1992-м у Бабруйску, у сценах Дома культуры “Шыннік” Беларускага шыннага камбіната. Тады ніхто і не думаў, што з маленькага эстраднага калектыву вырасце жывое гучанне горада.
— Пачыналася ўсё з аднаго сінтэзатара і вялікага жадання ствараць, — успамінае Ала Яўгенаўна. — Муж — музыкант, ды і мне хацелася прыдумаць прастору, дзе аб’яднаюцца дзецячыя таленты, святло і шчырасць. Так і нарадзіўся наш “Шына-най”.
З цягам часу творчая ініцыятыва пачала набіраць абароты. Ужо ў 1997-м ансамбль атрымаў званне “ўзорны”, а ў 2008-м — “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Сёння гэта сапраўдны брэнд Бабруйска.
— Спачатку мы працавалі выключна з дзецьмі, — распавядае кіраўнік ансамбля. — А цяпер спяваюць ужо цэлымі сем’ямі. Прыходзяць тыя, хто 25 гадоў таму былі нашымі пачаткоўцамі, — цяпер яны прыводзяць сваіх сыноў і дачок. Гэта вельмі кранальна і ўскладвае вялікую адказнасць. Бо ты не проста педагог — ты частка чужога жыцця, унутранага свету сямейнай гісторыі.

ШЧЫРАСЦЬ — АСНОВА
“Шына-най” аб’ядноўвае амаль сотню ўдзельнікаў — ад 3 да 40 гадоў. Такая ўзроставая разнастайнасць ператварае кожны канцэрт у жывое мазаічнае дзейства, насычанае эмоцыямі, жанрава шчодрае і светлае па каларыце. Гнуткая і творча адкрытая суполь- насць не баіцца новых формаў. Рэпертуар ахоплівае шырокі спектр — ад класікі беларускай эстрады да аўтарскай песні, ад традыцыйных нумароў да лёгкага рэпу. Усё залежыць ад каманды артыстаў, часу, падзей і патрэб аўдыторыі.
— Хочам быць цікавыя ўсім — і дзецям, і дарослым. Таму жанравая палітра ў нас багатая. Але ў аснове заўсёды застаецца адно: шчырасць. Людзі адчуваюць, калі з імі размаўляюць па-сапраўднаму, — падкрэслівае Ала Ефіменка.

РУХ НАПЕРАД
Тэатр песні “Шына-най” — актыўны ўдзельнік культурнага жыцця як у краіне, так і за яе межамі. Калектыў актыўна гастралюе, прадстаўляе сваю творчасць на прэстыжных конкурсах, фестывалях і творчых форумах. Сярод пастаянных сцэнічных пляцовак — Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вя- нок сяброўства” (г. Бабруйск), Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі (г. Маладзечна), фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” (г. Смаленск), міжнародны конкурс-фестываль “Зімняя сюіта” (г. Санкт-Пецярбург), і на гэтым спіс не сканчаецца.
— Ганаруся кожным сваім выхаванцам, — падкрэслівае Ала Яўгенаўна. — Нават калі няма прызавога месца, гэта ўсё роўна значны крок: дзіця пераадолела сябе, выйшла на сцэну, зрабіла ўпэўнены рух наперад.
Спаборніцтвы — усяго толькі адна з прыступак на вялікім творчым шляху. Кожны конкурсны выезд ператвараецца ў неверагоднае падарожжа з насычанай культурнай праграмай: экскурсіі, знаёмства з новымі людзьмі і традыцыямі, абмен вопытам і жывымі ўражаннямі.

— Імкнёмся, каб такія падзеі станавіліся святам для дзяцей, — прызнаецца кіраўніца. — Важна не толькі паказаць сябе, але і атрымаць зарад эмоцый, натхнення. Гэтыя паездкі застаюцца ў сэрцы назаўсёды.
Якасць працы Алы Яўгенаўны даўно пацверджана на высокім узроўні. Яна лаўрэат прэміі “Чалавек года” Магілёўскай вобласці (2013), уладальніца нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2017) і ганаровы грамадзянін Бабруйска (2020).

СУВЯЗЬ ПАКАЛЕННЯЎ
Калектыў жыве паводле ўнутраных прынцыпаў, дзе галоўнае — павага, шчырасць і клопат. Тут пануе тое, што не прапішаш у правілах: нябачная, але надзвычай моцная сувязь пакаленняў.
— Наш сакрэт у стабільнасці, любові да дзяцей і веры ў іх патэнцыял, — тлумачыць Ала Ефіменка. — Традыцыі не навязваюцца — яны нараджаюцца самі сабой. Старэйшыя ўдзе- льнікі перадаюць іх малодшым, і ў гэтым асаблівая каштоўнасць.
Магчыма, менавіта ўнутраныя повязі і надаюць “Шынанай” тую магутную энергетыку, якую адчуваеш падчас іх выступлення. Для калектыву сцэна — месца, дзе растуць, набываюць упэўненасць у сабе і раскрываюцца юныя таленты. І ў музыцы, і ў жыцці.

СЭРЦАМ І ДУШОЙ
Сёння Ала Яўгенаўна ўжо рыхтуецца да новага творчага сезона. Яна ўпэўненая: з восенню прыйдуць новыя праекты, свежыя ідэі і галасы, якіх яшчэ не чулі.
— Мая мара — каб “Шына-най” рос і развіваўся ў прасторы, якая на- тхняе, — прызнаецца суразмоўца. — Уявіце сабе сучасную залу з ідэальнай акустыкай, цёплай атмасферай, яркімі беларускімі касцюмамі. Хачу, каб нашы дзеці выходзілі на сцэну і адчувалі: яны ствараюць сапраўднае мастацтва ў месцы, што адпавядае іх таленту і ўзроўню.
Калі размаўляеш з Алай Яўгенаўнай, адчуваеш: яна распавядае пра сваіх выхаванцаў не проста як педагог, а як блізкі чалавек, які аддае дзецям часцінку сэрца. У яе словах — шчыры гонар, тонкае разуменне іх радасцей і цяжкасцей і безумоўная вера ў кожнага.
— “Шына-най” — мой лёс. Калектыў прарос у жыццё, стаў яго сэнсам і дыханнем. І калі я жыву гэтым — значыць, і ўсе адчуваюць тое ж: гэта не проста праца, а наш агульны шлях, — прызнаецца суразмоўца.
І гэтымі словамі можна растлумачыць усё: чаму дзеці застаюцца ў “Шына-най” гадамі, чаму вяртаюцца нават пасля перапынку, чаму прыводзяць сваіх дзяцей. Тут не толькі вучаць спяваць — тут дапамагаюць раскрыцца, стаць мацнейшымі і, галоўнае, выхоўваюць душу.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву