Заданне на восень — паглядзець “Класную”

Апублiкавана: 01 верасня 2025 Стужка Кіно Мінск Прэс-клуб

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У верасні ў пракат выходзіць стужка “Класная”. Новы праект “Беларусьфільма” ўжо называюць знакавым для айчыннага кінематографа.

 

Карціна, знятая рэжысёрам Кірылам Халецкім, распавядае гісторыю маладой настаўніцы, якая сутыкнулася з выклікамі сучаснай школы. У аснове сюжэта не толькі драма педагога, але і гісторыі вучняў, іх канфлікты, мары і сталенне. Як праходзілі здымкі? Чаму стваральнікі адмовіліся ад “дарослых” акцёраў у ролях школьнікаў? Якія тэмы падымае фільм? Чым беларускае кіно мае заваяваць давер гледачоў? На відэаканферэнцыі, арганізаванай Рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва”, стваральнікі карціны адказалі на гэтыя і іншыя пытанні. Нашымі гасцямі сталі рэжысёр Кірыл Халецкі, артысты Ірына Мароз і Мілен Кланюк, а таксама начальнік рэпертуарнага аддзела УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Юлія Баранава. Самыя цікавыя падрабязнасці — ад канцэпцыі да пракатнага лёсу праекта — з першых вуснаў.

 

Кірыл Халецкі

ІДЭЯ І ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАДТРЫМКА

Гісторыя стварэння “Класнай” пачалася з ініцыятывы школьнага педагога. Як распавёў Кірыл Халецкі: “Ля вытокаў праекта стаіць жаданне дырэктара адной з мінскіх школ, якое яна выказала кіраўніку дзяржавы, аб стварэнні фільма пра настаўнікаў. Для ўзняцця, скажам так, прэстыжу прафесіі, для новага погляду на педагагічную працу, прыцягнення ўвагі да праблем сучаснай школы”. Ідэю пачулі на самым высокім узроўні. Былі адпаведныя даручэнні. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла конкурс і выбрала сцэнарый. Праект першапачаткова ствараўся як дзяржаўны заказ. Гэта наклала пэўныя абавязацельствы на здымачную групу.

— У рэжысёра ёсць два варыянты ствараць кіно, — распавядае Кірыл Халецкі. — Першы — здымаць за свае грошы, аўтарскае. Там робіш што заманецца. Гэта тваё кіно, ніхто ў ім не зацікаўлены, акрамя цябе. Тут жа ўсё абсалютна дакладна, гэта заказ з боку Міністэрства культуры, гэта дзяржаўныя грошы, і мы, вядома ж, кінастудыя “Беларусьфільм”, дзяржаўная арганізацыя, якая выступае як выканаўца.

Пры гэтым малады, але вопытны рэжысёр падкрэслівае, што ў такім праекце шмат магчымасцяў творчай рэалізацыі: “Ты павінен улічваць інтарэсы заказчыка, інтарэсы краіны. Павінен у рамках зацверджанага сцэнарыя працаваць. Аднак асноўную ідэю можаш перадаць праз сваю прызму рэжысёра. Гэта значыць, з якога пункту гледжання я ўбачыў гэтую гісторыю, з такога і мушу данесці гледачу”.

 Мілен Кланюк

ПОШУК “ІДЭАЛЬНАГА КЛАСА”

Кастынг акцёраў працягваўся некалькі месяцаў. Як прызнаецца рэжысёр, галоўнай складанасцю было знайсці юных выканаўцаў на ролі вучняў. Халецкі з самага пачатку вызначыў ключавое патрабаванне да акцёрскага складу: у першую чаргу на ролі школьнікаў браць маладых людзей адпаведнага ўзросту.

— Я адразу пазначыў, што мы не будзем грымаваць тых, каму за 30, пад падлеткаў, — успамінае ён. — Гэта непрыгожа і непраўдападобна. Самаму малодшаму ўдзельніку нашага акцёрскага ансамбля, Дзянісу Серыкаву, было ўсяго 14 гадоў, калі ён прыступіў да здымак. Пры гэтым яму трэба было іграць адзінаццацікласніка. Гэта быў рызыкоўны выбар, але Дзяніс бліскуча справіўся з роляй.

Не менш старанна падыходзілі да пошуку акцёраў на ролі настаўнікаў і да прапрацоўкі кожнай дэталі. У фільме занятыя як маладыя выканаўцы, так і прызнаныя майстры беларускай сцэны.

— Мы імкнуліся да максімальнай дакладнасці, — адзначае Халецкі. — Нашы грымёры і касцюмеры прарабілі каласальную працу. Калі мы адправілі пробныя фатаграфіі на кансультацыю ў Міністэрства адукацыі, там спачатку вырашылі, што гэта здымкі рэальных педагогаў.

 

Ірына Мароз

ЯК АТРЫМАЦЬ ГАЛОЎНУЮ РОЛЮ?

Актрыса Ірына Мароз з лёту і з усмешкай адказала на гэтае пытанне: “Праз упартую працу”. Пасля падрабязна апісала этапы адбору. Праца кастынг-дырэктара, прапанова даслаць самапробы. Іх запіс і адбор. Затым запрашэнне тых, каму пашанцавала, на вочныя пробы з партнёрамі, на знаёмства з рэжысёрам. Кірыл Халецкі выбіраў, хто яму больш імпануе.

— Мне прапанавалі паспрабавацца на ролю адзінаццацікласніка, — дапаўняе калегу Мілен Кланюк. — Я запісаў самастойныя пробы. Пасля зацвярджэння рэжысёрам у нас былі чыткі. На іх правяралі эмоцыі, глядзелі сумяшчальнасць з партнёрамі.

Ужо на аснове гэтых вочных пробаў адбываўся канчатковы падбор акцёраў. Халецкі, са свайго боку, патлумачыў запрашэнне ў праект маладога расійскага блогера Кірыла Малышава. Паводле слоў рэжысёра, гэта блогер-мільённік з вялікай аўдыторыяй, падпісчыкі якога ўжо не адзін год прапануюць у сацсетках, каб таленавітага хлопца знялі ў кіно. Ён аказаўся прыдатным па тыпажы і вельмі артыстычным. Да таго ж яго ўдзел дапаможа прыцягнуць да кінафільма маладзёжную аўдыторыю не толькі ў Беларусі.

 

34 ДНІ НАПРУЖАНАЙ ПРАЦЫ

Фільм атрымалася зняць усяго за 34 здымачныя дні. Па мерках поўнага метра, зусім няшмат. Асабліва з улікам таго, што стужка стваралася ў розныя поры года. Былі і іншыя складанасці. Напрыклад, здымкі ў дзейных школах, дзе не спыняўся навучальны працэс дзеля кіношнікаў. Таму працавалі напружана.

Рэжысёр лічыць, што кожная карціна праходзіць тры стадыі. Па сутнасці, як бы тры розныя фільмы ствараюцца. Першы — на этапе сцэнарыя. Другі — падчас здымак, ужо нешта памянялася. І трэці, калі памянялася амаль усё, — на мантажы.

Версія, якая ўжо практычна гатовая, па словах Кірылы Халецкага, атрымалася нават лепшай, чым першапачаткова меркавалі аўтары. Саўндтрэк да фільма ствараў малады кампазітар Максім Пятруша. Супрацоўніцтва з ім пачалося за тры месяцы да здымак.

— Я сказаў: “Макс, мне патрэбная тэма для галоўнай гераіні”, — успамінае Кірыл Халецкі. — У нас на той момант была толькі фатаграфія Ірыны Мароз. Першае, што мы вызначылі для яе, — вядучы музычны інструмент, флейту. Вельмі далікатную і лірычную. (У гэты момант Ірына робіць вельмі здзіўлены твар. Відавочна, яна асацыявала сваю ролю зусім з іншым. Як высветлілася пазней — з фартэпіяна. — заўв. аўт.)

Для лідара класа Дзімы музычную лінію кампазітар выбудаваў на электрабасе. Такі кантраст дапамагае гледачу лепш зразумець характары персанажаў. Адразу для некалькіх з іх былі створаны ўнікальныя музычныя тэмы.

Акрамя арыгінальных кампазіцый, у фільме будзе гучаць і папулярная музыка. Гэта вельмі вядомы сёння трэк “Пяшчотнае каханне” гурта Beautiful Boys — на “Яндэкс.Музыцы” каля трох мільёнаў праслухоўванняў у месяц.

— Людзі вар’яцеюць па гэтым трэку, — кажа рэжысёр карціны. — Для нас гэта добра. Апытанні фокус-групы паказалі, што моладзь кажа, маўляў, мы “шазамілі” гэтую песню.

Калі “шазамілі”, значыць шукалі музыку з фільма. Асабліва кіраўнік праекта адзначае ўклад аператарапастаноўшчыка Аляксея Карабко. Гэта ён прапанаваў здымаць на Canon С500 з выкарыстаннем анамарфотных аб’ектываў. Камера стварае эфект плёнкавага малюнка. З дапамогай такой лічбавай мадэлі здымалі ўсе часткі “Фарсажу”. Дарэчы, дзякуючы Аляксею ў распараджэнні здымачнай групы аказалася гэта ўнікальнае для СНД абсталяванне.

— Яму 25 гадоў, але ён ужо дасведчаны прафесіянал, — лічыць Кірыл Халецкі. — У яго багажы некалькі поўнаметражных фільмаў, вельмі шмат рэкламы, кароткаметражак. Ён думае нестандартна. Таму карцінка ў фільме атрымалася класная.

 

Юлія Баранава

ПРЭМ’ЕРА І СТРАТЭГІЯ ПРАКАТУ

Аб падрыхтоўцы да прэм’еры распавяла Юлія Баранава, начальнік рэпертуарнага аддзела УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама.

— Ва ўсіх кінатэатрах з 18 верасня мы ўжо рыхтуем шырокую ратацыю. Для нас гэта галоўная прэм’ера восені. Падтрымліваем яе рэкламай, усё лета працуем па нарастаючай.

Паводле слоў Юліі Баранавай, была распрацавана спецыяльная праграма прасоўвання. На сёння ўжо распісана больш за 500 сеансаў на першыя тры тыдні. Кошты плануюцца вельмі даступныя. Пракатчыкі чакаюць, што прэм’ерныя прагляды будуць масавымі. Асаблівая ўвага надаецца маладзёжнай аўдыторыі. — Прадугледжаныя дзённыя сеансы з ільготнымі коштамі, — паведаміла начальнік рэпертуарнага аддзела.

— Адбудзецца вялікая прэм’ера ў кінатэатры “Масква” з запрашэннем зорных гасцей.

 

ЧАМУ ВАРТА ЎБАЧЫЦЬ ПРЭМ’ЕРУ?

Гэты фільм задумваўся як сацыяльная драма. Але ў працэсе здымак трансфармаваўся ў кінааповесць. Той факт, што на ролі шукалі сапраўдных падлеткаў па ўсёй Беларусі і Расіі, прычым самаму малодшаму выканаўцу ўсяго 14 гадоў, ужо абяцае свежы падыход да ўвасаблення школьнай тэмы ў айчынным кіно. Свежы, зразумела, у сучасных рэаліях. У савецкі час, як правіла, менавіта дзеці гралі ў кіно дзяцей. Будзе цікава паглядзець, як з гэтым справяцца прадстаўнікі зумераў і пакалення “альфа”.

У фільме з вялікай увагай падыходзілі да прапрацоўкі кожнай дэталі. Дый музычны складнік — яшчэ адзін моцны козыр: апроч індывідуальных тэм для персанажаў (флейта для настаўніцы, электрабас для хулігана), выкарыстанне ў стужцы папулярнага трэка з мільёнамі праслухоўванняў у Сеціве — выйгрышная стратэгія, каб прывабіць моладзь.

Унушальны таксама спіс вопытных артыстаў, якія задзейнічаны ў карціне. Віктар Рыбчынскі, Святлана Нікіфарава, Ірына Нарбекава, Тамара Міронава — сапраўдныя прафесіяналы, выбітныя майстры. Да таго ж Руслан Чарнецкі — міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.

Агулам жа “Класная” — гэта шанц убачыць сумленнае кіно аб сучаснай школе, зробленае з любоўю да прадмета і павагай да гледача. Фільм, здольны прымусіць па-новаму зірнуць на настаўнікаў, на падлеткаў, на ўсю сістэму адукацыі. Хіба гэта не нагода для таго, каб вылучыць восеньскі вечар для культпаходу ў кіно?

Віктар ГАЎРЫШ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА