Беларускі дзяржаўны тэатр лялек сустрэў 87-ы дзень народзінаў чарговым творчым адкрыццём: да ранейшых здабыткаў дадалося сцэнічнае прачытанне аповесці “Знак бяды” Васіля Быкава — спектакль “Хутар”.

ЗНАКІ-СІМВАЛЫ
Для прыхільнікаў тэатра добрым знакам будучай прэм’еры стаў сам склад пастаноўчай каманды. Рэжысёр Яўген Карняг, які выступіў і аўтарам інсцэніроўкі, мастак Таццяна Нерсісян і кампазітар Кацярына Аверкава ўжо выдалі ў розных тэатрах немалую колькасць эксперыментальна крэатыўных творчых прац — глыбока нацыянальных і адначасова ўпісаных у сусветныя трэнды, скіраваных на прынцыпова новую эстэтыку і далейшы паглыблены глядацкі роздум.
Усё пачынаецца ўжо ў фае, але не папярэднім дзеяннем ці перадгісторыяй падзей, а інсталяцыяй-сімвалам, што адлюстроўвае назву арыгінала: плуг, уторкнуты ва ўзараную зямлю, і на ёй замест будучых парасткаў — мёртвая птушка, што ўспрымаецца знакам блізкай бяды.
Працяг нас чакае ў зале, таксама яшчэ да пачатку спектакля. На сцэне жыве сваім жыццём вялізная лялька — хударлявая, бы шкілет. Пазней мы даведаемся, што гэта глуханямы пастушок Янка (Багдан Карташоў), якога заб’юць немцы, прыйшоўшы ў час Вялікай Айчыннай на аддалены хутар. Выява юнака асацыюецца з вязнем канцлагера, і праз гэта змест аповеду адразу пашыраецца да ўсіх фашысцкіх зверстваў.
Тэатр лялек заўжды сімвалічны, нават па самой сваёй прыродзе, бо той ці іншы герой азначаны не проста праз артыста, а праз ляльку. Але ў новым спектаклі такіх знакаў-пераўвасабленняў куды больш, чым звычайна. Асабліва калі ўлічваць закранутую тэму: пра вайну так яшчэ не ставіў ніхто. Сімвалам выступае ўжо звычайнае вясковае акенца, якое тут успрымаецца адчыненым акном у сусвет. А дзверы — як труна.
Спектакль вельмі цёмны па асвятленні, быццам дзеянне ўвесь час адбываецца ўночы. Так яно і ёсць: вайна — гэта чарноцце. Не толькі ў наваколлі, але і ў душах людзей. Таму так важна захаваць у сабе ўнутранае святло, што можа перамагчы жудасную цемру.
Сімвалічнае значэнне мае і музыка. Песні ды інструментальныя дадаткі працягваюць традыцыі тэатра Брэхта. Яны становяцца і паралельнай рэальнасцю, і каментарыямі да адлюстраваных падзей, і голасам вечнасці, што дае справядлівую ацэнку кожнаму.
Роля Спявачкі разлічвалася на Кацярыну Кошалеву, ды напярэдадні прэм’еры тая захварэла. І яе тэрмінова замяніла маладая актрыса Аляксандра Лакуціна.
Прынцыповая візуалізацыя музычнага выканання пашырае маленькую сцэну да памераў сусвету, дэманструе сувязь часоў. Бо пляцоўка з раялем не проста знаходзіцца ўверсе сцэнічнай прасторы, а быццам лунае злева ў паветры, маючы нахілены люстэркавы заднік, што падвойвае выяву. Каб патрапіць туды, артыстка спярша ў поўнай цемры праходзіць праз усю залу, асвятляючы шлях фанарыкам, і толькі потым займае сваё “канцэртнае” месца за клавішамі. Атрымліваецца гэткі позірк зверху, з пазіцый сучаснасці і нават пазачасавага вымярэння.

ВАМ ЯКОГА ПАМЕРУ?
Вялікую ролю ў тэатры лялек заў- сёды адыгрываюць маштабы. Героя можна зрабіць і ў чалавечы рост, і зусім маленечкім, і ва ўсю сцэнічную прастору. У “Хутары” гэта становіцца не толькі моцным мастацкім сродкам, але і своеасаблівым вымяральнікам душэўных якасцей персанажаў і маштабнасці тых ці іншых з’яў. Самая вялікая лялька — Сцепаніда (Наталля Кот-Кузьма), якая не хавае сваёй нянавісці да ворагаў і ў барацьбе з імі здольная да самаахвярнасці. Вялізная і яе карова, азначаная асобнымі дэталямі і найперш выразнай пысай, а таксама гучаннем званочкаў, што пазней перарастуць у набат.
Пятрок (Аляксей Сянчыла) — звычайны чалавек, які шукае магчымасці неяк прыстасавацца да страшнай рэчаіснасці, каб выжыць ва ўзніклых умовах.
Паліцаі — пярэваратні. У звычайным жыцці яны нічым не вылучаліся сярод астатніх, але вайна як экзістэнцыйная мяжа выявіла ў іх падвойнае дно. Невыпадкова Гуж (Дзмітрый Чуйкоў) у пачатку спектакля нацягвае на твар жудасную маску ненелюдзя.
Ёсць сярод іх напаўп’яная дзяўчына з аўтаматам (Іна Ганчар), што змяніла жаноцкасць на нахабную брутальнасць. Тая ж артыстка іграе і Недасеку, што імкнецца ўзлезці на Сцепаніду, як на велічную калону.
Фашысты ж — зусім маленькія. У іх няма душы, а значыць, не засталося нічога чалавечага. Такая іх “цацачнасць” нагадвае механічна мёртвы пачатак нашэсця ў знакамітай “Ленінградскай” сімфоніі Шастаковіча і вымушае ўспомніць няўмольны рух гэтай тэмы да магутнай разбуральнай кульмінацыі.
Паралелі невыпадковыя: апроч асобных немцаў, у спектаклі ёсць і абагульненае аблічча фашызму, а таксама яго развіццё — папраўдзе страшнае. Спачатку гэта ўсяго толькі смешная галава, што выглядае з бота. Потым — металічная канструкцыя накшталт шкілета з чырвонымі палаючымі вачыма, якая нагадвае трансформера-павука, а пазней ператвараецца ў мост, які будуюць немцы пад грукат малаткоў.
Бліжэй да фіналу зноў з’яўляецца галава з бегаючымі вачыма, але ўжо вялізная, і з яе вылазяць ворагі, бы тыя прусакі, бо не толькі дабро, а і зло можа ўзрастаць да неверагодных памераў.

Тая ж філасофская формула, па якой вялікае складаецца з памнажэння маленькага, узнікае і ў фінале. Сцепаніда падпальвае сваё жытло, куды ломяцца азвярэлыя немцы, шукаючы схаваную бомбу. Пажар перададзены не праз адну вялізную відэапраекцыю, а праз восем (знак бясконцасці) невялічкіх экранаў з агнём, што ўспыхваюць паступова, адзін за адным. І ператвараюцца ў сімвал паўсюднай барацьбы з варожай сілай.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра