На сцэне — апладысменты і святло сафітаў, на працы – пагоны, строгасць і дысцыпліна, дома — дзіцячы смех і цёплыя абдымкі. Спявачка, кампазітар, лейтэнант міліцыі Ганна Благава штодня балансуе паміж творчасцю, службай і мацярынствам, ператвараючы гэты складаны рытм у прыгожую мелодыю жыцця.

РАНІЦА З ПЯШЧОТАЙ
Пакуль горад яшчэ дрэмле, у паветры кухні ўжо лунае водар свежазваранай кавы — маленькая раскоша, якую Ганна Благава дазваляе сабе перад тым, як распачнецца яе звыклы бурлівы дзень. Гэтая кароткая паўза — момант цішыні, калі можна сабрацца з думкамі, перш чым адчыніць дзверы ў чарговы вір клопатаў.
Праз хвіліну — пяшчотнае прабуджэнне сына. Цёплая ўсмешка, лагоднае слова, абдымкі — і ўвесь ранак напаўняецца асаблівым святлом.
— Дзень пачынаецца з хатніх клопатаў, але ў гэтых хвілінах ёсць нешта вельмі важнае, — прызнаецца артыстка. — Мы збіраемся разам, а потым едзем у садок. З верасня пачнецца новая старонка — школа. Рэжым стане больш строгі, але мы гатовыя.
Асабісты расклад Ганна называе паняццем адносным. Часам абед замяняе кубак кавы, а вячэру — шклянка вады і перакус, зроблены на хаду паміж рэпетыцыяй і службовымі абавязкамі.
— Мы, жанчыны, на генетычным узроўні навучаныя быць шматзадачнымі. Я і спявачка, і міліцыянер, і салістка аркестра, і кампазітар, і мама. І калі дзеля сына трэба цалкам ахвяраваць сваім рэжымам, я раблю гэта без ваганняў

МУЗЫКА Ў РУХУ
Рытм дня Ганны — як джазавая імправізацыя: без строгіх межаў, але з унутранай гармоніяй. Рэпетыцыя можа пачацца ў машыне, песня — нарадзіцца ў самалёце, а мелодыя — прыйсці ноччу, калі горад спіць, а думкі працягваюць гучаць.
— Калі ў дарозе з’яўляецца ідэя, адразу прашу: “Цішыня! Мне трэба гэта запісаць”, — усміхаецца спявачка. — Бывае, пасля канцэрта прыходзіць такі музычны вобраз, што заснуць ужо немагчыма, пакуль не занатую.

З аркестрам іншы тэмп: там кожная хвіліна распісана, і трэба паспець укласці ў яе ўсё — ад нот да эмоцый.
— Паміж службай, мацярынствам і творчасцю даводзіцца шанаваць кожную хвіліну. Галоўнае не ўпусціць натхненне, яно не любіць чакаць.

НАТХНЕННЕ І АПОРА
Для лейтэнанта міліцыі служба — адказная місія, што патрабуе дысцыпліны, вытрымкі і поўнай аддачы. Але менавіта мастацтва становіцца для Ганны Благавай тым ціхім прытулкам, дзе можна дыхаць свабодна, адчуваць і ствараць. Натхненне для артысткі нараджаецца не з адных толькі імгненных эмоцый — яно прарастае праз жыццёвы досвед: радасці, перамогі, выпрабаванні.
Наймацнейшай апорай у гэтым шляху яна лічыць сям’ю — маці, сястру і сына. Яны — яе шчырыя дарадцы, надзейныя крытыкі і крыніца душэўнай раўнавагі.
У сваёй творчасці Ганна шануе і тых, хто своечасова падаў руку дапамогі і паверыў у яе сілы. Асаблівае месца ў гэтым спісе займаюць заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, аўтар песень Ганна Сялук, рэжысёр Уладзіслава Арцюкоўская і, безумоўна, сястра Кацярына Толсцікава, з якой разам ствараюцца лёсавызначальныя кампазіцыі.
— Удзячная кожнаму, хто калісьці сказаў: “Ты зможаш”, — прызнаецца спявачка. — Часам менавіта гэтыя словы становяцца пачаткам вялікіх перамен. У кожнай песні ёсць не толькі мой голас, але і часцінка душы тых, хто стварае яе разам са мной.
СІЛА ВЕРЫ
Перад тым як ступіць на сцэну, выканаўца заўсёды знаходзіць хвіліну цішыні. Знак крыжа, кароткая малітва — і ў душы з’яўляецца спакой.
— Гэта мой нябачны шчыт, — прызнаецца суразмоўца. — Заўсёды жагнаюся і перад дарогай, і перад канцэртам.
Ганна перакананая: музыка — дар, які трэба перадаваць людзям з верай і падзякай. Пра сваю місію на сцэне яна гаворыць без пафасу, але з глыбокай упэўненасцю:
— Мне важна, каб песні не былі пустымі. Яны павінны кранаць душу, натхняць, падтрымліваць. Мелодыя здольная выцягнуць чалавека з суму, падарыць надзею, даць імпульс рухацца далей. Імкнуся, каб мае кампазіцыі аб’ядноўвалі душы і сэрцы. Хочацца быць спявачкай, якая сагравае людзей сваёй творчасцю.

У ГАРМОНІІ РОЛЯЎ
— Музыка займае амаль усё маё жыццё, — прызнаецца Ганна Благава. — Астатняе — простыя, але бясцэнныя моманты, што напаўняюць сэрца цеплынёй.
Дома, без сцэнічнага бляску, Ганна пераўтвараецца ў пяшчотную маці: час для гульняў з сынам, чытанне казак перад сном, ціхія калыханкі.
— У нас ёсць асаблівы рытуал: сын загінае пальчыкі і пералічвае песні, якія я павінна спяваць. У такія хвіліны я адчуваю, што жыву сапраўды шчыра, з любоўю і ў гармоніі з сабой, — кажа яна.
Артыстка прызнаецца: у паўсядзённым жыцці і на сцэне яна розная.
— На канцэрце вобраз павінен быць бездакорным: прычоска, макіяж, строй. Глядач чакае свята. А ў будні для мяне галоўнае — камфорт: без касметыкі і ў зручным абутку. Абцасы — толькі для выступленняў.

ПРАЗ ПРАЦУ ДА МАРЫ
Яшчэ некалькі гадоў таму ўдзел у конкурсе “Песня года Беларусі” здаваўся ёй марай, якая вымагае гадамі заваёўваць сцэну. Сёння ж Ганна трымае ў руках дзве галоўныя ўзнагароды: “Песня года” за хіт “У сюжэце імені мяне” і “Выканаўца года (жаночы вакал)” з кампазіцыяй “Не судзі мяне”.
— Двойчы запар атрымаць званне лаўрэата — сапраўднае прызнанне і высокая ацэнка майго шляху, прафесійных навыкаў і творчага патэнцыялу з боку тых, хто фарміруе сучасную беларускую эстраду, — адзначае артыстка. — Гэта і хвалюе, і накладае вялікую адказнасць. Асаблівая ўдзячнасць Міністэрству культуры, тэлеканалу АНТ і ўсёй камандзе пад кіраўніцтвам Алены Лобач, якія зрабілі гэты праект сапраўдным святам музыкі.
— Веру, што прыйдзе дзень, калі я выйду на сцэну, а зала будзе поўная людзей, якія прыйшлі паслухаць менавіта мяне — Ганну Благаву, — упэўнена кажа салістка.

ПАСЛЯ АПЛАДЫСМЕНТАЎ
Пасля сцэнічнага шуму і яркіх эмоцый Ганна Благава цэніць цішыню як напраўду каштоўны адпачынак. У яе машыне не гучыць музыка — замест гэтага спакойная размова. А дома — сон без будзільніка.
— Калі можна спаць столькі, колькі патрабуе арганізм, без рэзкага сігналу, — гэта сапраўдны падарунак. Пасля пастаяннага кантакту з гукам цішыня становіцца не проста жаданай, а жыццёва неабходнай, — кажа гераіня.
Ганна жыве на скрыжаванні трох важных шляхоў: сцэны, службы і сям’і. У кожным з гэтых напрамкаў яна знаходзіць сваю крыніцу натхнення, каб зноў вярнуцца да слухача і падарыць яму часцінку свайго святла.
— Маладым артыстам я б параіла перш за ўсё верыць у сябе. Пастаянна развівацца, шліфаваць майстэрства, назапашваць вопыт. Калі музыка — справа жыцця, то поспех абавязкова прыйдзе. Дарога ніколі не заканчваецца— і гэта трэба памятаць. Нават калі здараюцца расчараванні ці няўдачы, важна не згасаць, а гарэць і ісці наперад, — падкрэслівае суразмоўца.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні