З 1 жніўня працоўныя калектывы ўстаноў культуры папоўніліся маладымі спецыялістамі. Паводле заканадаўства, выпускнікам вышэйшых і сярэднеспецыяльных устаноў адукацыі, што прыходзяць па размеркаванні на першае месца працы, належаць сацыяльныя гарантыі. З якім настроем прыступілі да работы ўчарашнія студэнты і як іх падтрымліваюць працадаўцы — у нашым рэпартажы.

ВЯРНУЛАСЯ НА РАДЗІМУ
Віцябчанка Ксенія Сідарэнка (на фота) сёлета скончыла факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і размеркавалася ў Віцебскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна.
— Шчыра прызнаюся, што спачатку не планавала вяртацца ў свой горад, — гаворыць дзяўчына. — Але так склаліся абставіны, што атрымала размеркаванне менавіта сюды. І вось, адпрацаваўшы больш за тыдзень, магу ўпэўнена сказаць, што мне тут падабаецца ўсё.
Сярод выгод Ксенія называе цікавую працу, добразычлівых калег, блізкасць да бацькоўскай хаты.
— Кажуць, маўляў, у бібліятэцы працаваць сумна, — дадае малады спецыяліст. — А мне — не. Па-першае, тут дастаткова шмат актыўнасцей — я ўжо паспела пабываць на канферэнцыі, зладзіць выставу, зараз рыхтуюся да чарговага мерапрыемства. А па-другое, мне падабаецца праводзіць час сярод кніг.
Як зазначыла намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Камендантава, у Ксеніі вочы гараць прагай прыносіць карысць. Дзяўчына заняла пасаду бібліёграфа ў чытальнай зале і цяпер актыўна вывучае бібліятэчны фонд.
— Увогуле чытальная зала не самы просты ўчастак для маладога спецыяліста, — дадае Вольга Макараўна. — Аднак бачна, што ў Ксеніі гэта быў усвядомлены выбар. І, шчыра кажучы, мы робім на яе стаўку як на перспектыўнага работніка. Згодна з заканадаўствам, дзяўчына атрымала адначасовую грашовую выплату, за ёй замацавалі настаўніка з ліку старэйшых супрацоўнікаў.
Загадчыца аддзела Таццяна Патоцкая, як і іншыя калегі дзяўчыны, дапамагае маладой спецыялістцы адаптавацца на новым вітку жыцця, адчуць адказнасць за работу і сваю запатрабаванасць.

СА СТАЛІЦЫ Ў ВЁСКУ
Па размеркаванні ў Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці прыбыў гісторык Барыс Кулінковіч (на фота), які дагэтуль жыў у Мінску. Як зазначыў у гутарцы начальнік сектара культуры Жабінкаўскага райвыканкама Ілья Усачоў, установы сферы штогод прымаюць маладых спецыялістаў, і шмат якія застаюцца ў раёне на пастаяннае месца жыхарства. Гэтаму садзейнічае магчымасць прадастаўлення жылля. Так, да прыкладу, Барыс Кулінковіч атрымаў пакой у інтэрнаце.
А яго калега Паліна Бейня, якая прыехала працаваць у раён летась, ужо паспела засяліцца ў арэнднае жыллё. Сам жа Барыс прыступіў да працы ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі, які знаходзіцца ў гістарычным будынку сядзібы Касцюшка-Сяхновіцкіх у вёсцы Малыя Сяхновічы.
— Гэта ўнікальнае месца, — гаворыць малады гісторык. — Адно толькі складана дабірацца да месца працы. Але і гэта вырашальна. Тройчы на тыдзень з Жабінкі ў вёску ходзіць грамадскі транспарт, двойчы мяне падвозіць калега. У астатнім жа ўсім задаволены: адносінамі да мяне старэйшых супрацоўнікаў, іх дапамогай у станаўленні як спецыяліста, тымі сацыяльнымі гарантыямі, што атрымліваю як малады спецыяліст.
Засмучае Барыса толькі вымушаны перапынак у рабоце з прычыны хуткага прызыву на тэрміновую службу ў войскі.

Яна Вялічка
ПРЫЯЗДЖАЮЦЬ, КАБ ЗАСТАЦЦА
Ва ўстановы культуры Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці штогод прыязджае даволі багата маладых спецыялістаў. І што істотна, большасць з іх застаюцца тут назаўсёды. У чым прычына? Адказала галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Алена Маркевіч:
— Па-першае, у нас вельмі прыгожы горад, — лічыць чыноўніца. — А па-другое, свае маладыя кадры мы беражом: стараемся забяспечыць ім добрыя ўмовы працы і быту. У горадзе існуе інтэрнат для маладых спецыялістаў, і гэта таксама спрыяе замацаванасці кадраў.
Па словах Алены Канстанцінаўны, сёлета, як летась і нават два гады таму, у сферу культуры Навагруччыны прыйшло па пятнаццаць маладых спецыялістаў. Калі гаварыць пра гэты год, то 8 чалавек прыступаюць да працы ў школе мастацтваў, чацвёра — у Цэнтры культуры і яго падраздзяленнях і тры спецыялісты — у двух музеях.

Маргарыта Станчык (на фота) і Яна Вялічка размеркаваліся пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей.
— Мне прапанавалі пасаду галоўнага захавальніка фондаў, — зазначыла Маргарыта. — Цяпер знаёмлюся з экспанатамі — яны тут надзвычай цікавыя! — а яшчэ працую з дакументацыяй. Да таго ж ужо вывучыла экскурсію па экспазіцыі і магу сустракаць групы. Планую ў будучым расшырыць веды, каб праводзіць экскурсіі па горадзе.
Дзяўчына расказала, што кіраўніцтва горада прадаставіла ёй як іншагародняй месца ў інтэрнаце, дзе пакой яна дзеліць з такой жа маладой спецыялісткай, толькі з іншай сферы. Да таго ж атрымала адначасовую матэрыяльную дапамогу, а ў аддзеле расказалі, якімі яшчэ льготамі яна можа карыстацца як малады спецыяліст. Прыемным момантам з’яўляецца таксама насычанае культурнае жыццё горада.
— Мяне замацавалі за настаўнікам, але, шчыра кажучы, усе супрацоўнікі музея не адмаўляюць у дапамозе, — працягвае Маргарыта. — Да таго ж удваіх разбірацца ў нюансах і спецыфіцы працы намнога лягчэй. Спадзяюся, што мы з Янай, а яшчэ з Анастасіяй Міцкевіч, з якой разам вучыліся, а цяпер працуем у адным горадзе, будзем і надалей не толькі супрацоўнічаць, але і сябраваць.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва герояў