Яны пачыналі як студэнцкая ініцыятыва — а сёлета атрымалі спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ансамбль народнай песні “Дзвінскія пералівы” пры Наваполацкім музычным каледжы існуе ўсяго тры гады, але ўжо паспеў заваяваць любоў гледачоў і прызнанне на высокім узроўні. Як народная песня натхняе моладзь і чаму фальклор — гэта сучасна, расказвае кіраўніца калектыву Нэлі Бароўская.

— Нэлі Леанідаўна, давайце вернемся да пачатку гісторыі. Як з’явілася ідэя стварыць ансамбль?
— У каледжы штогод паўставала пытанне, дзе студэнты могуць праходзіць вытворчую практыку. Менавіта гэта падштурхнула да ідэі: чаму б не заснаваць уласны калектыў на базе нашай установы? Гэта дало б магчымасць навучэнцам розных спецыяльнасцей набываць рэальны вопыт — ад падрыхтоўкі канцэрта да арганізацыі ансамблевай працы.
І вось “Дзвінскія пералівы” пачалі сваю дзейнасць 5 кастрычніка 2022 года. Так і пачалася наша гісторыя. Аб’ядналіся тыя, хто захоплены спевамі, танцамі, каму блізкая народная спадчына. Асноўны склад калектыву — студэнты каледжа: калі адны заканчваюць навучанне, іншыя прыходзяць на іх месца. Ансамбль — жывы арганізм, які няспынна расце, змяняецца і развіваецца.

— У чым адметнасць вашага творчага падыходу да пастаноўкі нумароў?
— Нам падабаецца выходзіць за межы звыклага. Летась, напрыклад, мы ўдзельнічалі ў конкурсе харавых калектываў і вакальных ансамбляў народнай манеры выканання “КаверХорШоу”, дзе трэба было пераасэнсаваць вядомыя хіты ў народным стылі. Выбралі папулярныя кампазіцыі і надалі ім фальклорнае гучанне — атрымалася арыгінальна і яскрава.
Але, безумоўна, сэрца нашага рэпертуару — аўтэнтычныя народныя песні: глыбокія, эмацыйныя, з гісторыяй. Студэнты паступова адчуваюць іх душу, адкрываюць для сябе каштоўнасць традыцый. Вакальныя нумары спалучаем з харэаграфіяй, што надае выступленням дынаміку і сцэнічную завершанасць.
Асобная частка творчага працэсу — касцюмы. Самастойна распрацоўваю эскізы, падбіраю матэрыялы, а вопытныя майстры ўвасабляюць задумы. Нам важна, каб візуальны вобраз не проста ўпрыгожваў сцэну, а гарманічна перадаваў настрой песні і дух калектыву.

— Няпоўныя тры гады дзейнасці — і ўжо спецыяльная прэмія Прэзідэнта. Што вы адчулі, калі даведаліся?
— Гэта быў вельмі хвалюючы момант. Мы ўжо спрабавалі падавацца раней, але менавіта леташняя перамога — гран-пры на конкурсе “Маладыя таленты Беларусі” — надала нам упэўненасці ў сваіх сілах. Калі ж прыйшла навіна пра прысуджэнне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, гэта стала сапраўдным сюрпрызам — нечаканым, але надзвычай прыемным. Такая высокая ацэнка не толькі гонар, але і моцны імпульс рухацца далей, развівацца, ставіць новыя творчыя мэты.

— За гэты час вы паспелі ўзяць удзел у мностве конкурсаў. Якое з выступленняў запомнілася найбольш?
— Увесну сталі лаўрэатамі I ступені на Міжнародным фестывалі “Вясновы спеў” у Мінску, а таксама атрымалі дыплом лаўрэата ІІ ступені на V Адкрытым гарадскім конкурсе ваенна-патрыятычнай песні “Галасы Айчыны” ў Віцебску. Адзін з найбольш значных для нас — фестываль народнага песеннага мастацтва “Як на рэчцы было на Фантанцы” ў Санкт-Пецярбургу. Удзельнічалі там двойчы і плануем сёлета ехаць зноў. Гэта сустрэча дзвюх культурных школ — беларускай і расійскай, і там заўсёды асаблівая атмасфера
— Рэпетыцыі — штодзённая праца, нябачная гледачу. Як яны праходзяць у вас? Ці ёсць традыцыі, якія аб’ядноўваюць калектыў?
— Займаемся рэгулярна: два разы на тыдзень па паўтары-дзве гадзіны. А калі наперадзе выступленне ці конкурс, рэпетыцыі становяцца штодзённымі. Працуем над кожным элементам: ад вакалу і харэаграфіі да агульнай выразнасці нумара. Перад выхадам на сцэну ў нас ёсць асаблівы момант — становімся ў круг, бяромся за рукі і “зараджаемся” энергіяй. Гэты невялікі рытуал дапамагае сабрацца, наладзіцца і адчуць адзінства.
— Народная творчасць часта ўспрымаецца маладымі як нешта з мінулага. Ці лёгка заахвоціць сённяшняе пакаленне да фальклору?
— Спачатку не кожны разумее, што такое народная песня і чаму яна вартая ўвагі. Але з часам студэнты ўцягваюцца, пачынаюць адчуваць, што за кожным матывам — жыццёвы вопыт, душэўная глыбіня, культурная памяць. У калектыве сабраліся людзі з рознымі інтарэсамі: хтосьці захапляецца вакалам, харэаграфіяй, хтосьці — сцэнічным дызайнам, пастаноўкай нумароў. Кожны прыносіць нешта сваё, што стварае шматгранны творчы працэс. І тады фальклор перастае ўспрымацца як нешта архаічнае — ён набывае сучаснае гучанне, становіцца актуальным і жывым.

— Чым напаўняецца жыццё калектыву па-за сцэнай?
— Нам важна, каб кожная паездка была не толькі выступленнем, але і культурным адкрыццём. Наведваем музеі, гістарычныя мясціны, супрацоўнічаем з нядзельнай школай пры гарадскім храме, выступаем у дзіцячых сацыяльных цэнтрах. Акрамя таго, ствараем мюзіклы і музычныя казкі, што захапляе і залу, і выканаўцаў. Ужо былі пастаноўкі “Мэры Попінс, з Новым годам” і “Брэменскія музыканты” — жывыя, яркія, натхняльныя гісторыі, якія аб’ядноўваюць творчасць і выхаванне.
— А калі адкінуць ролю кіраўніка, што для вас асабіста значыць праца з калектывам?
— “Дзвінскія пералівы” — частка майго жыцця. Падчас вучобы ва Універсітэце культуры я спявала ў ансамблі “Валачобнікі”. Той перыяд быў сапраўды незабыўным: сумесная праца, стварэнне песень, сцэна — усё гэта застаецца ў сэрцы назаўжды. Мне вельмі хацелася перадаць гэтую атмасферу іншым, каб нашы навучэнцы адчувалі творчасць не як абавязак, а як патрэбу душы. І цяпер, калі бачу, як студэнты растуць, адкрываюцца, знаходзяць сябе, разумею: менавіта гэта і ёсць галоўны сэнс маёй працы.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву