Адданасць справе

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня 2025 года падпісаў указ аб прысваенні артыстцы сімфанічнага аркестра — вядучаму майстру сцэны Дзяржаўнай установы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Гродзенская капэла»” Таццяне Сухоцкай ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.

 

Гэта прызнанне шматгадовай працы, любові да мастацтва і ўкладу ў нацыянальную культуру. За званнем — доўгая гісторыя адданасці абранай справе, шматбаковага развіцця ў прафесіі, выхавання маладых музыкантаў і перадачы назапашанага досведу, гісторыя не толькі адной выбітнай музыканткі, але і цэлага калектыву, які пачынаўся з квартэта энтузіястаў.

 

СІЛА МУЗЫКІ

“Гродзенская капэла” — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, якім фактычна з моманту стварэння і да гэтага часу нязменна кіруе Уладзімір Борматаў. Ідэйным натхняль­нікам адраджэння капэлы быў Андрэй Бандарэнка — кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а цяпер праваслаўны святар, протаіерэй. Менавіта ён прапанаваў на пачатку 1990-х адрадзіць традыцыі музычнага калектыву, які існаваў яшчэ ў часы графа Антонія Тызенгаўза і напудраных мужчынскіх парыкоў. Гісторыя адроджанай капэлы пачалася з чатырох музыкантаў: скрыпача Анатоля Сматрыцкага, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, альтыста Алега Целяпнёва, віяланчэлісткі Ірыны Грыц і Таццяны Сухоцкай.

— Мы прыйшлі як сумяшчальнікі, на паўстаўкі, — успамінае Таццяна Іванаўна. — Я тады працавала завучам у музычнай школе, іншыя калегі — у філармоніі і вучылішчы. Ужо праз два месяцы давалі канцэрты, а праз год цалкам прысвяцілі сябе капэле.

Са слоў скрыпачкі, “Гродзенская капэла” — гэта не проста калектыў, а сапраўдная сям’я, у якую кожны музыкант укладвае душу. Яе званне “заслужаны артыст” — чарговы напамін, што сапраўднае мастацтва нараджаецца толькі там, дзе ёсць запал, праца і жаданне дарыць эмоцыі. Для Таццяны Сухоцкай гэта вынік дзесяцігоддзяў працы, дзе кожны канцэрт — выпрабаванне майстэрства.

— Вядучы майстар сцэны — гэта вышэйшая ступень для музыкі, — тлумачыць яна. — Ты павінен не проста граць, а весці за сабой калег, быць прыкладам.

Раней Таццяна Іванаўна ўжо была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, але новае званне — асаблівая веха.

— Музыка — прафесія альтруістычная, — кажа Таццяна Сухоцкая. — Тут нельга гнацца за грашыма. Трэба любіць сваю справу ўсёй душой.

 

ВЫШЭЙШЫ ПІЛАТАЖ

Пра сваё прафесійнае станаўленне яна распавядае захоплена. Але галоўным урокам творчага сталення лічыць гісторыю, якая пачалася вельмі даўно і працягваецца дагэтуль.

— Шмат гадоў таму мы з мужам і сябрамі ездзілі на гастролі квартэтам: гітара, кларнет, скрыпка і віяланчэль, — успамінае Таццяна Іванаўна. — У Іспаніі ўпершыню пачулі крыкі “Брава!”, што стала для нас новым стымулам. Мы пачалі старацца граць так, каб кожны раз пачуць гэтае “Брава!”.

Наступнай прыступкай быў момант, калі гледачы з апладысментамі пачалі ўставаць са сваіх месцаў. Для нашага квартэта гэта было вялікім дасягненнем. Тады мы ўжо імкнуліся падымаць гледачоў з месцаў пасля кожнага выступлення. Скончылася ўсё тым, што я пачала ў зале выбіраць канкрэтнага чалавека і граць менавіта для яго. Так, каб расчуліць да слёз. Вышэйшы пілатаж, калі музыка пачынае кіраваць эмоцыямі людзей.

Адзін з самых яркіх момантаў яе музычнай кар’еры — нядаўняе выкананне саўндтрэкаў да фільма “Спіс Шындлера” з капэлай.

— Я выйшла саліраваць і трапіла ў такую эмацыйную хвалю, што заплакала сама і разам са мной плакала палова залы. Каб музыкай перадаць іншым свае пачуцці, іх трэба ўнутры сябе адчуваць у тысячу разоў больш. Вось гэтым, напэўна, і прывабная прафесія музыканта.

 

ЗАЛАТЫЯ РУКІ

Акрамя музыкі, у сям’і Таццяны Іванаўны і яе мужа, Сяргея Мікалаевіча, ёсць шмат іншых інтарэсаў. Адзін з іх — будаўніцтва, што вельмі незвычайна для людзей творчых прафесій. Але яны пабудавалі свой дом уласнымі рукамі.

— Мы захопленыя людзі, нам усё цікава, — з усмешкай распавядае заслужаная артыстка. — Суседзі дагэтуль успамінаюць, як я, скрыпачка, выводзіла трубу дома на 12-метровай вышыні.

Для яе творчасць не толькі ў нотах, але і ва ўменні ствараць нешта новае, няхай гэта будзе музыка або сямейны ачаг. А вось датычна таго, што дорыць самыя прыемныя моманты ў прафесіі, меркаванне Таццяны Сухоцкай адназначнае: магчымасць граць у капэле разам са сваімі вучнямі.

Віктар ГАЎРЫШ. Фота з архіва "Гродзенскай капэлы"