Гераіня, блізкая па духу

Апублiкавана: 21 жнiўня 2025 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Галоўную ролю ў айчыннай карціне “Класная”, прэм’ера якой адбудзецца 18 верасня, выканала артыстка Тэатра-студыі кінаакцёра Ірына Мароз. Яна ўвасобіла маладую настаўніцу Таццяну Вітальеўну, чый кар’ерны шлях пачаўся з размеркавання ў беларускую глыбінку.

 

— Ірына, як вы прыйшлі ў акцёрскую прафесію?

— У Баранавічах, дзе вырасла, пашчасціла трапіць ва ўзорны аматарскі тэатр-студыю “Паралель”. З таго часу маё жыццё набыло новае вымярэнне. Тэатр стаў для мяне месцам адкрыцця — сцэны, прафесіі, самой сябе. Я з захапленнем наведвала шматлікія майстар-класы, дзе можна было адточваць навыкі і чэрпаць натхненне, а таксама ўдзельнічала ў розных фестывалях, у тым ліку ў міжнародных. Аднойчы пачутая фраза: “Ты павінна ісці ў тую прафесію, у якой станеш сапраўдным майстрам” — глыбока запала ў душу.

Перад паступленнем у ВНУ канчаткова пераканалася, што менавіта акцёрства — тая сфера, у якой я максімальна рэалізую свой патэнцыял. Атрымаўшы адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, працягнула шлях у Тэатры-студыі кінаакцёра, дзе працую і дагэтуль.

— Раней вы здымаліся ў карціне Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання”, што выйшла ў пракат у 2023-м. Аднак галоўная роля ў поўным метры дасталася вам упершыню. Як трапілі ў “Класную”?

— Кастынг-дырэктар сама звязалася са мной, прапанаваўшы паўдзельнічаць у адборы. Пачалося ўсё з самапроб: прэтэндэнтам дасылалі ўрыўкі сцэнарыя, мы рабілі відэа. Шчыра кажучы, не была ўпэўнена, што змагу справіцца з такой маштабнай і адказнай роляй. І тым не менш…

Мяне запрасілі на асабістую сустрэчу з рэжысёрам і вочныя пробы. Я неверагодна хвалявалася, асабліва калі рэпеціравала сцэны з іншымі акцёрамі.

А вось з Кірылам Халецкім адразу паразумеліся: яму імпанаваў мой падыход да працы, я ж была ў захапленні ад яго бачання гераіні. Пасля серыі праслухоўванняў маю кандыдатуру канчаткова зацвердзілі.

— Які настрой панаваў на здымачнай пляцоўцы?

— Атмасфера поўнага даверу і камфорту. Каманда была проста цудоўнай — сапраўдныя прафесіяналы. Нават калі нешта ішло не па плане, ніхто не панікаваў. Я адчувала сябе ўпэўнена, ведаючы, што магу свабодна звярнуцца да рэжысёра або да акцёраў па карысную параду і атрымаць дапамогу.

— Дзе чэрпалі натхненне для ролі?

 — Таццяна Вітальеўна — па сутнасці, мазаіка з успамінаў аб маіх настаўніках. Я не сустракала чалавека, які быў бы ёй цалкам ідэнтычны, але многія рысы маіх школьных і ўніверсітэцкіх педагогаў адлюстраваліся ў гэтым вобразе.

— Галоўная гераіня блізкая вам?

— Мы нібы роднасныя душы. Яна — выключная асоба, у якой сталёвая сіла духу пераплятаецца з далікатнай ранімасцю. Тут ёсць нешта і ад мяне.

 — А што ў Таццяне Вітальеўне — дакладна не пра вас?

— Стыль яе працы з вучнямі ў першыя часы быў даволі катэгарычным. Я б дзейнічала больш асцярожна і далікатна. Яшчэ адно адрозненне — мая ўпартасць. Пакуль не наб’ю гузакоў і не зразумею сваю памылку, памяняць маё рашэнне, пераканаць мяне ў іншым практычна немагчыма. Таццяна Вітальеўна ўмее слухаць і прымаць да ўвагі іншыя пункты гледжання, і гэта яскрава выявілася ў развіцці сюжэта.

— Што аказалася самым цяжкім падчас працы над стужкай?

— Начная здымка на лёдзе. Было адчувальна холадна і крыху страшна.

— Якія вашы любімыя моманты фільма?

— Ёсць некалькі сцэн, што пакінулі асабліва глыбокі след. У першую чаргу — танец з Аляксеем Анісенем, выкладчыкам інфарматыкі па сюжэце. Гэты эпізод настолькі кранальны і пачуццёвы, што нават наш аператар не змог стрымаць эмоцый падчас здымак. Вялікай цеплынёй адгукаюцца сцэны з чатырохгадовай дачкой Лізай, якая сыграла маю сястру. Спачатку я перажывала, што дзіця спалохаецца камер, але яно аказалася сапраўднай зоркай — паводзіла сябе вельмі натуральна, спакойна і ўпэўнена.

Не магу не згадаць і моманты ўзаемадзеяння з акцёрамі, што сыгралі вучняў. У нас склаліся выдатныя адносіны, праца з кожным была неверагодна цікавай.

— Як гэта — зноў акунуцца ў школьную атмасферу?

— Гады, праведзеныя за партай, займаюць асаблівае месца ў душы. Мне вельмі пашанцавала, што нашы ініцыятывы і творчыя ідэі заўсёды сустракалі разуменне і падтрымку выкладчыкаў, а класны кіраўнік была сапраўднай крыніцай мудрых парад у цяжкія моманты. З цеплынёй захоўваю гэтыя ўспаміны і адчуваю вялізную ўдзячнасць усім педагогам, чые шляхі перасекліся з маім. Некаторыя застаюцца маімі настаўнікамі і сёння, аказваючы неацэнную дапамогу ў прафесійных і жыццёвых памкненнях.

— Назавіце тры важкія падставы, каб наведаць прэм’еру фільма.

— Па-першае, карціна ўражвае высокай якасцю сцэнарыя, аператарскай працы і акцёрскага майстэрства. Па-другое, стужка парадуе неверагоднай атмасферай, якая верне вас у бесклапотныя школьныя гады, абудзіць цёплыя ўспаміны аб дарагіх сэрцу людзях. І па-трэцяе — гэта выдатны варыянт для сямейнага паходу ў кіно. Можна смела браць з сабой усіх блізкіх: фільм з задавальненнем паглядзяць нават першакласнікі!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні