Капліца, пабудаваная дзеля адной іконы, “абедзенны ліфт” і куток Персіі ў Нясвіжы. Зацікавіла? Далучайцеся да нашых даследаванняў, будзем вывучаць гісторыю разам!

ІКОНА
Ікона Маці Божай Ларэтанскай, а дакладней копія гэтага абраза, якая знаходзіцца ў алтары капліцы Нясвіжскага палаца, дасталася Радзівілам у XVIII стагоддзі ад знакамітага каралеўскага роду Сабескіх. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ганарыўся набыткам настолькі, што вырашыў спецыяльна зрабіць капліцу. Дзеля гэтага магнат запрасіў італьянскага архітэктара Маўрыцыа Педэці і земляка Казіміра Ждановіча.

Было вызвалена некалькі пакояў, каб арганізаваць адну вялікую прастору. Там і стварылі месца для малітваў і богаслужэнняў.
Практыка, калі ў “цела” замка ўбудоўваецца капліца, для беларускага краю не характэрная. Нясвіжскі палац — рэдкае выключэнне.
— Згодна з легендай, перад пачаткам бітвы пры Вене ў 1683 годзе пад капытамі каня караля Яна III Сабескага знайшлі нейкую анучу, — распавядае малодшы навуковы супрацоўнік музеязапаведніка “Нясвіж” Кацярына Дзенісенка. — Калі яе разгарнулі, аказалася, што гэта напісаны на палатне і выразаны з рамы абраз. На выяве — Багародзіца з маленькім Ісусам на руках, а па баках — анёлы, якія трымаюць скруткі. На адным пазначана на латыні: “З гэтым абразом ты, Іаан, пераможаш”, на другім — “З гэтым абразом я, Іаан, перамогу атрымаю”. Кароль вырашыў, што яго такім чынам блаславіў сам Гасподзь, і знаходку, якая стала для роду Радзівілаў святыняй, захаваў. А ў бітве, дарэчы, перамог.

КАПЛІЦА
Капліцу ў гонар іконы Маці Божай Ларэтанскай у першы раз асвяцілі 18 чэрвеня 1758 года. На ніжнім ярусе знаходзіліся алтар са штучнага мармуру, каменны алтарны стол, лавы. Падлога была выкладзена з мармуровых пліт, сцены — упрыгожаны абразамі, мемарыяльнымі табліцамі і фрэскамі. Пагаворваюць, што тут існавала сакрэтнае памяшканне. Туды па спецыяльным ходзе прыводзілі радзівілаўскіх вязняў, каб тыя нябачна для астатніх маглі прысутнічаць на богаслужэннях.
У 1812 годзе, пасля канфіскацыі маёмасці Дамініка Радзівіла, які далучыўся да войскаў Напалеона, капліца перастала дзейнічаць. У ёй у розныя часы былі склад будаўнічых матэрыялаў і сталярная майстэрня. Аднак пазней малельню ўсё ж аднавілі.

Па словах Кацярыны Дзенісенка, у савецкі перыяд, калі ў замку знаходзіўся санаторый, архітэктурны аб’ём пакоя вышынёй 14 метраў падзялілі на тры ўзроўні. На ніжнім паверсе, да сённяшняга балкона, размяшчаліся працэдурныя кабінеты, далей быў абсталяваны пакой для прагляду тэлевізара з мяккімі крэсламі і бюстам Леніна, а там, дзе калісьці знаходзіліся хоры (галерэя для пеўчых і духавенства), — палаты для адпачывальнікаў. Замест разабранага алтара зрабілі “шведскія сценкі”.
Капліцу аднавілі па фатаграфіях канца XIX — пачатку XX стагоддзя і паўторна асвяцілі ў лютым 2013-га.

КРЭДЭНС
Слова “крэдэнс” абазначае і памяшканне, і асаблівую шафу. І тое, і другое можна сустрэць у Нясвіжскім палацы.
Разам з Кацярынай Дзенісенка ўваходзім у невялікі пакой побач са Сталовай залай. Тут некалі захоўваліся прыборы, посуд, сурвэткі, ручнікі. Гэта і ёсць крэдэнс №1.

— На першым паверсе, пад намі, знаходзілася кухня, дзе гатавалі ежу для членаў сямейства і гасцей. Потым яе на спецыяльным пад’ёмніку адпраўлялі сюды. Дарэчы, “абедзенны ліфт” існаваў яшчэ і ў часы савецкага санаторыя, — тлумачыць экскурсавод.

— Даставалі талеркі з падобнай шафы (крэдэнс № 2), прыгожа афармлялі стравы і падавалі да стала.
Здзівіў яшчэ адзін факт. У XIII стагоддзі крэдэнсам называлася шафа з культавымі прадметамі (ад лац. сredo — “вера”). Але пазней свецкае грамадства запазычыла традыцыю выкарыстання такой мэблі, змяніўшы яе аблічча і прызначэнне, — атрымаўся гэтакі правобраз савецкага серванта.

КУНТУШОВЫЯ ПАЯСЫ
Кунтушовыя паясы, вядомыя нам як слуцкія, маюць цікавую гісторыю.
— У XVIII стагоддзі сярод магнатаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і Радзівілаў, быў распаўсюджаны так званы сармацкі стыль адзення, — расказвае Кацярына Дзенісенка. — Важным элементам параднага мужчынскага касцюма з’яўляўся шаўковы пояс. Такія стваралі на тэрыторыі Персіі (сучасны Іран) і прывозілі сюды. Працэс вырабу быў вельмі складаным, доўгім, і, апроч гэтага, ніхто не даваў ніякай гарантыі, што пояс даставяць своечасова.
І тады Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька арганізаваў у Нясвіжы персіярню — мануфактуру па вытворчасці шаўковых паясоў, запрасіў Яна Маджарскага, які і навучыў мясцовых жыхароў замежнаму рамяству. Ткацтвам займаліся часцей за ўсё мужчыны. Тонкую залатую або срэбную нітку абгіналі вакол тонкай шаўковай — і ўжо з такіх камбінаваных нітак выраблялі паясы.
Вялікую калекцыю радзівілаўскіх кунтушовых паясоў Савецкая дзяржава нацыяналізавала, цягам Вялікай Айчыннай вайны артэфакты былі страчаны. Але ў замку ўсё ж ёсць адзін арыгінальны пояс слуцкага тыпу канца XVIII стагоддзя, створаны невядомым майстрам. Рэліквію падарыў музею-запаведніку падчас яго ўрачыстага адкрыцця ў 2012 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА