Калі на сцэну выходзяць зграбныя дзяўчаты з жэзламі пад жывую музыку духавога аркестра, пачынаецца сапраўднае тэатралізаванае дзейства — сінтэз харэаграфіі, маршавых рухаў і артыстызму. Менавіта такую магію ўжо больш за 10 гадоў стварае ансамбль мажарэтак “Феерыя” пры Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў — калектыў, які не толькі адрадзіў рэдкі жанр, але і знайшоў для яго сучаснае месца ў культурным жыцці рэгіёна.

ЭНЕРГІЯ СЦЭНЫ
У мажарэт-мастацтве важна літаральна ўсё: відовішчнасць, энергія, стыль, тэхніка. Тут патрабуецца бездакорная сінхроннасць дзеянняў, якія немагчыма выканаць паасобку. За кожным выступленнем — сотні гадзін настойлівых трэніровак, бясконцыя рэпетыцыі і інтэнсіўны творчы пошук. Менавіта ў гэтым нястомным імкненні да дасканаласці, як адзначае заснавальніца і мастацкі кіраўнік ансамбля Кацярына Славінская, нараджаецца тое сапраўднае ўражанне. — Калі я прыйшла працаваць у Стаўбцоўскую дзіцячую школу мастацтваў, адчула: проста выкладаць — недастаткова. Узнікла жаданне стварыць нешта жывое, яскравае. Ідэя мажарэтак з’явілася не адразу — спачатку былі семінары, паездкі, назіранне за вопытам замежных калег. Паступова прыйшло разуменне: менавіта гэты напрамак здольны ўцягнуць дзяцей у творчы працэс і напоўніць сцэну энергіяй, — успамінае Кацярына Вячаславаўна.
Створаная ў 2012-м, “Феерыя” з цягам часу набыла самастойны творчы голас. Плённае ўзаемадзеянне з такімі музычнымі калектывамі, як узорны духавы аркестр “Васількі” і народны духавы аркестр “Віціны” (заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь), надало імпульс для далейшага росту. Ужо ў 2017-м ансамблю было прысвоена званне “ўзорны”.

ЗА МЕЖЫ ПАРАДУ
Існуе распаўсюджанае меркаванне, што мастацтва мажарэтак — усяго толькі дэкаратыўны элемент у складзе духавых аркестраў. Аднак у Стоўбцах гэтую традыцыйную канцэпцыю ўжо даўно пераасэнсавалі. “Феерыя” адкрывае перад гледачом новыя грані жанру, а яго кіраўніца дакладна фармулюе асноўную мэту:
— Мы імкнёмся развіваць мажарэт-мастацтва ў Беларусі, асабліва на ўзроўні рэгіёнаў. Традыцыі — наш падмурак, а развіццё — рух наперад. Мы не кансервуем, а аднаўляем і пераасэнсоўваем, каб форма была жывой, актуальнай і сугучнай часу. Таму надаём вялікую ўвагу не толькі суправаджэнню аркестра, але і самастойным нумарам.
Праца з разнастайным рэквізітам — жэзламі, барабанамі — патрабуе ад удзельніц харэаграфічнай падрыхтаванасці, музычнага слыху і дакладнай сінхроннасці. Кожны рух, кожны паварот, кідок або адбіўка рытму — вынік карпатлівай, амаль ювелірнай адпрацоўкі. Рэпетыцыі праходзяць у шчыльным графіку, бо калектыву важна быць не толькі эстэтычна прывабным, але і тэхнічна бездакорным.

МАРА ПРАЗ ПРАЦУ
Стаць мажарэткай — мара, якая патрабуе часу, настойлівасці і вопыту. Яна не здзяйсняецца імгненна, а вырастае з захаплення і пастаяннай працы. У калектыў прыходзяць тыя, хто ўжо займаюцца танцамі або валодаюць адпаведнымі навыкамі
— Звычайна да ансамбля далучаюцца праз 2-3 гады навучання ў школе мастацтваў. Але калі дзіця сапраўды захопленае і мае моцную матывацыю — мы падтрымліваем гэтае імкненне, — падкрэслівае Кацярына Славінская.
Жыццё ўдзельніц “Феерыі” — гэта не толькі сцэна і апладысменты, але і штодзённыя вучэбныя абавязкі. І ўсё ж, пры ўсвядомленым выбары творчага шляху і належнай падтрымцы, юныя артысткі дасягаюць уражальных вынікаў.
— Сёлета выпускалася салістка, якая паспявала ўсё: заняткі ў агульнаадукацыйнай школе, падрыхтоўку да экзаменаў, курсы і рэпетыцыі. Пры гэтым скончыла 11-ы клас з залатым медалём. І такіх прыкладаў шмат. Галоўнае — зацікаўленасць самой дзяўчыны, падтрымка сям’і і разуменне з боку педагога, — кажа кіраўніца.

МАГІЯ АДЗІНСТВА
За гады актыўнай дзейнасці калектыў упэўнена заявіў пра сябе на сцэнах Беларусі і за яе межамі. Сярод найбольш запамінальных выступленняў Кацярына Вячаславаўна адзначае абласны конкурс народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” у Мар’інай Горцы, фестываль духавой музыкі “Майскі вальс” у Маладзечне, адкрыты чэмпіянат і першынства Маскоўскай вобласці па спартыўных мажарэтках “Парад Масковіі” ў горадзе Істра.
Не мае значэння маштаб конкурсу. Рэгіянальны ці міжнародны — кожны дае новыя магчымасці і натхняе на творчы рост. Нават абласныя фестывалі адкрываюць перспектывы для абмену вопытам, дазваляюць убачыць, колькі цікавых ідэй і нестандартных падыходаў існуе ў розных рэгіёнах. Гэта матывуе рухацца наперад. Атмасфера ў калектыве будуецца не толькі на прафесійнай падрыхтоўцы — тут выхоўваюць асобу. Кіраўнік імкнецца быць для дзяцей надзейным дарадцам, падтрымкай у развіцці. Удзельнікі дапамагаюць адно аднаму, перажываюць і радуюцца разам. Магчыма, менавіта гэтая ўнутраная згуртаванасць і ёсць ключ да стабільнасці і высокіх дасягненняў.
ТОЛЬКІ НАПЕРАД!
“Феерыя” не спыняецца на дасягнутым. Наперадзе — новы навучальны год, поўны планаў і ідэй. Наша гераіня пакідае інтрыгу — падрабязнасці пакуль у сакрэце, але настрой ужо відавочны:
— Поўнасцю аднаўляем праграму і рыхтуемся да ўдзелу ў свежых творчых праектах. Вельмі хочацца, каб гледачы пабачылі, як трансфармуецца і расце наш жанр. І каб самі дзеці адчулі ўнутраны рост — як асобы, так і ў складзе калектыву. Сёння ўсё змяняецца: жанры, трэнды, спосабы самавыяўлення.
Але пакуль у Стоўбцах мажарэткі ўпэўнена і гарманічна крочаць пад маршавыя рытмы духавога аркестра, можна не сумнявацца: мастацтва тут не проста прысутнічае. Яно жыве. Шчыра, глыбока, свядома. І, безумоўна, культурна.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву