Амурныя гульні

Пад завесу сезона Новы драматычны тэатр прэзентаваў папраўдзе вяснова-летнюю прэм’еру — “Амурныя забавы”. Нязмушана гуллівы спектакль адразу прывабіў публіку, адцягнуўшы яе ад сельскагаспадарчых клопатаў на летніку.

 

ЗМЯНЯЕМ МАСКІ. ЦІ ЗДЫМАЕМ?

Сапраўды, што можа быць лепш за каханне, памножанае на гумар? Ды яшчэ на прыкладзе французскай камедыі ХVIII стагоддзя. Сюжэт — тыпова вадэвільны, калі хтосьці з закаханых хоча праверыць абранніка і прыкідваецца служкай, а не гаспадыняй. Падобныя гісторыі можна знайсці і ў Пушкіна, і ў Дуніна-Марцінкевіча, і ў шматлікіх сучасных меладрамах пра пераапранутых мільянераў.

Асаблівасць п’есы П’ера дэ Марыво ў тым, што ў ёй мяняюцца сацыяльнымі ролямі ўсе чацвёра маладзёнаў: Сільвія (Надзея Анцыповіч) і яе пакаёўка Лізэта (Мілана Іванова), а таксама Дарант (Дзмітрый Ціхановіч) і яго служка Арлекін (Дзмітрый Кузняцоў). Але ж вынікам усіх тых падманаў становяцца дзве сацыяльна роўныя пары, згодныя ў фінале ўзяць шлюб. Бо кожны інтуітыўна цягнецца да таго, хто яму больш блізкі, і праз гэта пазбягае мезальянсу.

У спектаклі гэта падкрэслена рэзкім кантрастам паводзін герояў. На адным полюсе — выхаванасць, інтэлігентнасць спадароў, якія выдатна валодаюць прыдворным этыкетам і майстэрствам слова, умеюць стрымліваць хвалі пачуццяў. На іншым — нястрыманасць, неўтаймаванасць эмоцый прыслугі, што адчула сваю ўсёдазволенасць, маўляў, мы ж цяпер вышэйшае саслоўе і можам рабіць што заўгодна. Асабліва відавочна гэта ў Арлекіна, якому драматург невыпадкова даў імя вясёлага і крыху наіўнага персанажа італьянскай камедыі масак. У спектаклі ж ён ператвараецца ў даволі нахабнага хлопца — што называецца, з гаршка ў паны.

Героі ўпэўненыя, што прымяраюць на сябе чужыя ролі, а насамрэч яны зрываюць уласныя маскі і раскрываюць унутраную сутнасць, дэманструюць, хто ёсць хто.

 

ЛЯЦІМ ПАМІЖ СТАГОДДЗЯМІ

Такая трактоўка ўспрымаецца асучасненай і больш актуальнай. Невыпадкова мастак Лідзія Малашэнка стварае на сцэне адчуванне гэткага дарагога вінтажу. Дзве вялізныя рамы нагадваюць і люстэркі ў поўны рост, і дзверы, выступаюць сімвалам падманнасці, пераходу ў іншае вымярэнне. Касцюмы ўвогуле глядзяцца канцэпцыйна цэласнай моднай калекцыяй, дзе старадаўнім элементам нададзена новае жывое дыханне. Каб ператварыцца ў пакаёўку, дастаткова апрануць маленечкі фартух — выключна аксэ суарны, зусім непрыдатны для працы. А каб стаць спадаром — памяняцца са служкай камізэлькамі, адрознымі хіба па колеры. Тэатральная ўмоўнасць? Не толькі. Гэта падкрэсленне непарыўнай повязі часоў, скіраванасць у “сёння і цяпер”. Такім жа сучасным з’яўляецца грым, бо гэта і намёк на “закручанасць”, мудрагелістыя завітушкі ракако, і быццам бы моднае тату на твары кожнага героя.

У харэаграфіі Паўла Стрэльчанкі таксама змяшаны спасылкі на старадаўнія побытавыя і сучасныя бальныя танцы. Ёсць і амаль балетныя варыяцыі салістаў з элементамі contemporary, і адметныя дуэты, што раскрываюць не толькі характар саміх герояў, але і тып іх узаемадзеяння ў складзенай пары. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кулікоўскі ставіцца да п’есы ў лепшым сэнсе слова па-рэжысёрску, па-постмадэрнісцку. З аднаго боку, ён неверагодна скарачае тэкст, выкідвае з яго ўласцівае той эпосе шматслоўе, некаторую вычварнасць выразаў. З другога боку, пашырае п’есу. Дапаўняе яе новым персанажам, сціпла названым Гувернанткай (Аксана Баранок). Не толькі дзеля таго, каб яна дзесьці ў будучым склала магчымую пару з Аргонам (Васіль Ніцко).

Звярніце ўвагу: менавіта гэтая адзіная пазбаўленая імя гераіня, апранутая ў шырокую спадніцу-штаны, фігуруе ў цэнтры пластычна-танцавальнай уверцюры. І менавіта яна першай з’яўляецца на подыуме-пастаменце за празрыстай завесай у глыбі сцэны, дзе потым пабываюць усе астатнія. Гульня святла (Уладзіслаў Рыхтар) раз-пораз надае відовішчу адценне інфернальнасці, таямнічай пазачасавай, амаль касмічнай прасторы. Бо тая Гувернантка насамрэч — своеасаблівы медыум, сувязная паміж эпохамі, а менавіта між эстэтыкай кідкага вулічнага тэатра, дзе дазволена залішняе шаржыраванне, і тонкімі жартоўна-філасофскімі заўвагамі, якімі бываюць насычаны добрыя стэндапы, гумарыстычныя шоу.

 

АД МАРЫВО ДА МАРЫВА

У такім сцэнічным прачытанні п’еса Марыво з яе прадказальным фіналам, дзе ўсе павінны знайсці сваё каханне і не расчаравацца, ператвараецца ў атмасфернае, часам тумановае марыва, што становіцца часткай агульнай гульні. Невыпадкова драматургічны арыгінал называўся “Гульня кахання і выпадку”.

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, дзе гэту п’есу паставіў знакаміты расійскі акцёр Марат Башараў, спектакль ідзе са скарочанай назвай “Гульня кахання”. У Новым драматычным ад слова “гульня” адмовіліся, але яе прынцып не толькі захавалі, але і шматкроць узмацнілі. Цяпер яна ахоплівае не толькі стасункі персанажаў, але і ўсе складнікі самой пастаноўкі — ад дададзеных слоў да плаўных святлаценяў і нават своеасаблівага інтэрактыву, калі згаданая Гувернантка звяртаецца непасрэдна да публікі. Напрыклад, каб аб’явіць антракт. Ці выдаць чарговую порцыю трапных афарызмаў і смешных парад, што насамрэч маюць рацыю.

Спектакль, пададзены як нязмушаныя забавы, транслюе вельмі важную для кожнага і асабліва для моладзі ідэю: кахаць не прыдуманы ідэал, а жывога чалавека. Такога, які ён ёсць на самой справе, а не ў зааблочных фантазіях. Таму ў новым сезоне прыходзьце, глядзіце, параўноўвайце “Амурныя забавы” з “Гульнёй кахання” — і любіце. Людзей і тэатр.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра