Экспанат “ад першай асобы”

Унікальныя допісы, якія яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя былі перададзены ў Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей Іванам Куліковым, паплечнікам камандзіра партызанскай брыгады “Чэкіст” Герасіма Кірпіча, сталі падмуркам для стварэння асобнага выдання. Праект адзначаны дыпломам І ступені на VI Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.

 

Галоўны герой

Герасім Аляксеевіч Кірпіч, 1909 года нараджэння, — афіцэр Чырвонай арміі. Да Вялікай Айчыннай служыў старшынёй кулямётнага дывізіёна 17-га Цімкавіцкага пагранатрада. Як і многія воіны заходняй мяжы, начальнік заставы манеўранай групы малодшы лейтэнант Кірпіч не змог выйсці з акружэння. Аказаўшыся ў варожым тыле, звязаўся з падпольным райкамам КПБ і ўключыўся ў барацьбу супраць фашысцкіх акупантаў. Спачатку Герасіма Кірпіча прызначылі камандзірам партызанскага атрада, а ў хуткім часе афіцэр узначаліў буйное злучэнне народных мсціўцаў — брыгаду “Чэкіст”, якая дзейнічала на тэрыторыі Шклоўскага, Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Талачынскага, Аршанскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.

 

Каштоўны здабытак

— Больш за 1200 старонак машынапіснага тэксту ўспамінаў захоўваў доўгі час Іван Віктаравіч Кулікоў, добры сябар камандзіра брыгады, палітрук, удзельнік партызанскага руху, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Ірына Гапеева. — Яшчэ калі нават музея ў нашым раёне не існавала, Іван Віктаравіч марыў, каб гэты рукапіс быў даступны чытачам, якія цікавяцца падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Падарунак установе насамрэч надзвычай каштоўны. У мемуарах Герасім Кірпіч адлюстроўвае партызанскае жыццё без прыкрас — такім, якім яно было на самай справе. Герасім Аляксеевіч закранае не толькі ідэалагічныя аспекты, але і бытавыя моманты, выказвае свой пункт гледжання на тыя ці іншыя сітуацыі, дзеянні радавых партызан і камандзіраў падраздзяленняў. Шмат увагі надае і таварышам па брыгадзе, апісвае іх жыццё, думкі, учынкі, сочыць за пасляваенным шляхам.

 

Каб помнілі нашчадкі

— Шчыра, даволі доўга мы нават не ўяўлялі, як падступіцца да матэрыялу, — працягвае Ірына Уладзіміраўна. — Разумелі, што рэч вельмі каштоўная. Гэта аповед пра час акупацыі і вызвалення нашага краю, як кажуць, з першых вуснаў. Хацелася, каб пра тыя старонкі мінулага даведалася як мага больш жыхароў раёнаў, у якіх дзейнічала брыгада “Чэкіст”. Так і ўзнікла ідэя выдаць рукапіс хаця б невялічкім тыражом.

І пачалася карпатлівая работа музейшчыкаў і валанцёраў. Кожны ўносіў уклад у агульную справу. Напрыклад, сама Ірына Гапеева, паколькі доўга працавала менавіта па тэме Вялікай Айчыннай вайны і мае адпаведную адукацыю, стала навуковым кансультантам. Удакладненню асобных дробязей, згаданых у рукапісе, прыходзілася ўдзяляць шмат часу. Зразумела, хацелася зрабіць усё на найвышэйшым узроўні. Дапамагалі прадстаўнікі райваенкамата, краязнаўцы, журналісты.

Сярод найбольш актыўных Ірына Уладзіміраўна называе пошукаўца Вольгу Якаўлеву, карэспандэнта агенцтва “Магілёўскія ведамасці” Генадзя Ляхава, кіраўніка школьнага музея ў вёсцы Стараселле Івана Маісеева.

— Дарэчы, Іван Андрэевіч вельмі дапамог з аздабленнем выдання фотадакументамі, — каментуе навуковы супрацоўнік. — У школьным музеі яшчэ з сярэдзіны 1970-х захоўваецца нямала здымкаў, якія тычацца дзейнасці “Чэкіста”.

 

Усім светам

У выданні, акрамя фота са старасельскага музея, ветэраны і ўдзельнікі партызанскай брыгады, паплечнікі Герасіма Кірпіча, яго дачка Алена Раманенка вырашылі размясціць копіі ўрыўкаў самога рукапісу. Гэта стала слушным дадаткам да тэксту — атрымалася даволі важкая кніга аб’ёмам больш як 500 аркушаў. Яна пабачыла свет у пачатку гэтага года ў друкарскім цэху інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці”. Наклад — 150 экзэмпляраў.

— Так, тыраж невялікі для такой грунтоўнай працы, — заўважае Ірына Гапеева. — Аднак мы зрабілі ўсё, што маглі. Гэта — дарагая кніга. Каб выдаць яе, сродкі збіралі ўсім светам. Па ініцыятыве Старасельскага сельвыканкама пры падтрымцы раённага Савета дэпутатаў частка грошай была выдаткавана з бюджэту. Да высакароднай справы далучыліся ўстановы рэгіёна. Дзякуючы землякам і здолелі зрабіць гэтую значную справу.

 

Важкая рэч

Прэзентацыя выдання прайшла ў Шклоўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў красавіку. На мерапрыемства прыехала шмат гасцей, сярод якіх была і дачка камандзіра-героя Алена Раманенка. Узяўшы ў рукі кнігу, 80-гадовая жанчына ледзь стрымлівала слёзы.

— Мне даводзілася чуць ад бацькі шмат гісторый пра вайну, пра дзеянні партызан і падпольшчыкаў, — распавяла Алена Герасімаўна. — Як, напэўна, і многія мае знаёмыя, я марыла, каб гэтыя звесткі былі даступныя шырокаму колу. І вось мы трымаем у руках каштоўную ва ўсіх сэнсах рэч.

Кніга важкая не толькі па масе, але і па змесце. Дзякуй, што яна пабачыла свет, усім, хто мае дачыненне, і асабліва — супрацоўнікам музея.

— Ужо ў той час мы разумелі, наколькі праца, якую мы выканалі, каштоўная, — распавядае дырэктар Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ларыса Сілівестрава. — Таму, убачыўшы, што сёлета на форуме зацверджана намінацыя, у якой маглі б выступіць, вырашылі падаць дакументы. На перамогу асабліва не разлічвалі, хаця надзея была. А як даведаліся, што нам прысуджаны дыплом І ступені, — зразумела, узрадаваліся.

Тыраж разышоўся па бібліятэках і школах раёна. Некалькі асобнікаў накіравана ў Нацыянальны архіў, Нацыянальную бібліятэку. Зразумела, кнігі былі прэзентаваны і тым, для каго яны — вялікая каштоўнасць.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва музея