Супрацоўнікі Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова склалі падрабязную картатэку на 45 тысяч землякоў і 151 059 загінулых воінаў. Звесткі апублікаваны на сайце “Кніга Памяць. Віцебская вобласць”.

“Мы цябе не забылі...”
“...Увосень 1943-га ўсіх здаровых дзяцей з нашага дзіцячага дома павезлі ў горад Алітус. Сярод нас быў хлопчык Гарык. Ён быў паралізаваны, хадзіць не мог, але рукі ў яго былі здаровыя. Любіў чытаць, наогул быў разумны, добры. Яго немцы браць не дазволілі. Яго знялі з машыны, ён плакаў, дзеці шкадавалі яго, выхавальніца прасіла, каб яго ўзялі разам з усімі. Але яго панеслі ў пакой і застрэлілі...”
“Мяне ўсынавілі, і стаў я Скараходаў Барыс Афанасьевіч, а быў Воранаў Барыс Іванавіч. Мой бацька — лётчык, маці — яўрэйка, і я думаў: мусіць, абое загінулі. У канцы 1984 года жонка пры- несла газету і сказала: вось нататка, людзі шукаюць сына, які знік падчас вайны. Я паглядзеў і абмёр... А 30 снежня да мяне прыехала маці. Праз 40 гадоў... Стаіць перада мной маленькая сівая бабулька і плача... Абняліся, расплакаліся абодва. Размаўлялі ўсю ноч”.
Такія лісты кожны дзень чытаюць супрацоўнікі Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова і скрупулёзна вывучаюць дадзеныя дакументаў ваенных і пасляваенных часоў: на базе ўстановы дзейнічае абласны цэнтр па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Мэта — адшукаць дакладную інфармацыю аб тым, што здарылася з кожным чалавекам, які дагэтуль лічыўся зніклым без вестак. І дзень за днём спіс імёнаў, вернутых з нябыту, становіцца ўсё даўжэйшым. Значыць, родныя і блізкія змогуць прыехаць на месцы пахавання, пакланіцца і сказаць: “Дарагі наш чалавек, мы цябе не забылі...”

Нашчадкі павінны ведаць
— Навукова-даследчую дзейнасць па верыфікацыі воінскіх пахаванняў і зверцы загінулых на тэрыторыі Віцебскай вобласці мы пачыналі з разгляду гісторыі аб пераходзе на бок партызан у 1943 годзе 825-га батальёна Волжска-татарскага легіёна (“Ідэль-Урал”) у колькасці 900 чалавек. Адразу было 13 устаноўленых асоб. Цяпер у нашым спісе іх ужо 221, — кажа дырэктар музея Ірына Шышкова.
На тэрыторыі Віцебшчыны 1605 воінскіх пахаванняў, у якіх спачывае амаль паўмільёна загінулых. І калі раней было вядома менш за трэць імёнаў і прозвішчаў (і тыя — з няпоўнымі звесткамі), то сёння дзякуючы намаганням навуковых супрацоўнікаў музея — амаль палова. Каб дасягнуць такога выніку, рупліўцы зверылі з поўнымі выхаднымі дадзенымі 180 тысяч прозвішчаў!
Ірына Аляксандраўна тлумачыць: асаблівая складанасць падобнай работы ў тым, што ва ўніфікаваных пашпартах на загінулых ёсць усяго некалькі палёў, у якіх пазначаны толькі прозвішча, імя і імя па бацьку воіна, год нараджэння, дата гібелі і месца пахавання. Але ці сапраўды Іван Іванавіч Іваноў (умоўна), імя якога напісана на пліце брацкай магілы, — менавіта той чалавек, ушанаваць памяць якога прыязджаюць родныя? Магчыма, гэта цёзка па прозвішчы, а нашчадкі нават цяпер не ведаюць, дзе герой іх сям’і знайшоў вечны спакой...
— Паступова мы распрацавалі ўнікальную праграму, у якой ёсць ужо 22 палі. Там змешчаны, акрамя іншага, звесткі пра сваякоў, па якіх мы і звяраем асноўную інфармацыю пра загінулых воінаў і іншых ахвяр Вялікай Айчыннай, — гаворыць кіраўнік музея. — За апошнія пяць гадоў нам удалося ўстанавіць 35 тысяч новых імёнаў.

Доступ — усім
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны” і пры падтрымцы Міністэрства абароны музейныя работнікі трансфармавалі вынікі даследаванняў у інтэрнэт-партал “Кніга Памяць. Віцебская вобласць”.
Каштоўную інфармацыю змяшчае і раздзел “Спісы” на сайце самой скарбніцы: тут апублікаваны прозвішчы землякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай, а таксама партызан, ваеннаслужачых, вязняў нацызму, чые лёсы звязаны з Віцебшчынай. Агромністая праца праводзілася пры ўдзеле мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, валанцёраў. І справа працягваецца, матэрыялы дапаўняюцца.
— Яшчэ адзін праект музея, створаны для ўвекавечання подзвігу салдат Перамогі, — сайт “Яны змагаліся за Радзіму”, — распавядае Ірына Шышкова. — Ён прапануе агульнадаступную базу дадзеных аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцах і жыхарах Віцебшчыны. Інфармацыя (а гэта амаль паўтысячы матэрыялаў) сабрана з анкет саміх ветэранаў, са слоў іх сваякоў, з дакументаў і іншых крыніц. Звесткі папаўняюцца ў тым ліку і з дапамогай наведвальнікаў сайта дзякуючы опцыі “Дадаць героя”.
У 2024-2025 гадах музей набыў у Нацыянальным архіве 5387 аркушаў лічбавых копій дакументаў. Зараз пачалася зверка па персаналіях для іх поўнага ўліку і занясення новай інфармацыі ў базу.

Без тэрміна даўнасці
Дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова падкрэслівае: расказваць пра вайну трэба абавязкова! Распавядаць аб подзвігу нашага народа і аб тых неверагодных цяжкасцях, якія ён пераадолеў. І, на думку Ірыны Аляксандраўны, не проста даведацца пра гісторыю, але і адчуць яе, дапамагаюць тэматычныя экспазіцыі, якія арганізуюцца музеем, у тым ліку і за сценамі ўстановы.
Так, гісторыя партызанскага руху на Віцебшчыне знайшла адлюстраванне ў выставачным праекце на вуліцы Леніна. Пра герояў — партызанаў і падпольшчыкаў, уклад якіх у вызваленне рэгіёну ад карычневай чумы складана пераацаніць, расказвае праект «Партызанскі партрэт», прадстаўлены ў парку музея. А ў падземным пераходзе ля плошчы Перамогі дэманструецца маштабная выстава, створаная супрацоўнікамі да 80-годдзя вызвалення Віцебска і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сёлета перасоўныя экспазіцыйныя праекты музея пабывалі ўжо больш як у 30 установах і арганізацыях як Віцебскай вобласці, так і Расійскай Федэрацыі, у тым ліку ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Маскве.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва музея