Народныя майстры — для народа

Старадаўнім беларускім рамёствам — мастацкай кераміцы, ганчарству, разьбе па дрэве, вышыўцы, салома-, лозапляценню, бондарству, ручному ўзорнаму ткацтву — ужо 15 гадоў навучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак у Любанскай дзіцячай школе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая “вырасла” з клуба народных майстроў.

 

— Сёння ў нас займаецца 101 чалавек, дзяцей прымаем з дзевяці гадоў, — расказвае дырэктар установы Любоў Серавокая. — Навучанне доўжыцца пяць гадоў. Пасля заканчэння юнакі і дзяўчаты атрымліваюць пасведчанне аб дадатковай адукацыі. Многія выпускнікі ў далейшым звязваюць жыццё са сферай культуры і працягваюць падрыхтоўку ў спецыялізаваных ВНУ, у тым ліку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, выбіраюць шлях рамесніка. Каб вучоба праходзіла прадуктыўна, створаны добрыя ўмовы: школа размясцілася ў двух будынках, па ўсіх відах рамёстваў абсталяваны класы.

А дзеляцца з дзецьмі прафесійнымі сакрэтамі і сама Любоў Пятроўна, і яе калегі — народны майстар Беларусі Міхаіл Насановіч, які спецыялізуецца на мастацкай кераміцы і ганчарстве, бондар Мікалай Казлоўскі, кіраўнік клуба народных майстроў, вышывальшчыца Раіса Абчынец, умеліца па паясах Святлана Адзінец.

 

Мат­руш­ка і Сей­біт

Таксама асвойваюць, адраджаюць традыцыйныя беларускія віды народнай творчасці і перадаюць іх паслядоўнікам удзельнікі клуба народных майстроў — муж і жонка Васіль ды Ірына Яскевічы. Ірына Васільеўна загадвае Камунараўскім сельскім Домам культуры і ўзначальвае студыю традыцыйнага ткацтва “Матрушка”, якой сёлета спаўняецца чвэрць стагоддзя. Пры студыі працуе гурток “Вірок”. Акрамя ткацтва, народны майстар асвоіла шмат іншых рамёстваў. Напрыклад, стварае традыцыйных лялек. Іх ужо велізарная калекцыя, але аднолькавых не знайсці: у кожнай — асаблівае аблічча і нават характар.

Ёсць у аўтара любімчык — “Сейбіт”. Бравы хлопец адзеты ў тканыя штаны і кашулю, падпяразаны паяском з арнаментам, абуты ў самаробныя лапці; валасы — з лёну, у руках — кошык з зернем. Прыгажун беларус!

 

Лы­кам шы­тыя!

Народны майстар Васіль Яскевіч — прадстаўнік рэдкай прафесіі: ён лапатнік. Распавядае, што жаданне асвоіць гэтае рамяство ў іх з жонкай было вялікае. Але як плесці сапраўдныя лапці, ні ў старадаўніх кнігах, ні ў сучасных крыніцах пара не знайшла. Гэта, зрэшты, вытлумачальна, бо навык перадаваўся ў сем’ях з пакалення ў пакаленне на практыцы, таму і патрэбы ў запісах не было. Так Яскевічы пачалі пошук знаўца.

— У 2013-м нам пашчасціла пазнаёміцца з Надзеяй Пракопаўнай Міхаленяй з пасёлка Чырвонае. Спачатку яна дала заданне — нарыхтаваць лыка, пры гэтым расказала, як слушна яго надзерці. Аказалася, тут ёсць свае правілы. Калі сустрэліся, кабета змайстравала лапці на мой 36-ы памер з зайздроснай хуткасцю, — успамінае Ірына Васільеўна. — Назіралі мы ўважліва, працэс на відэа запісалі. Але калі дадому вярнуліся і паспрабавалі паўтарыць, нічога не выйшла, заблыталіся! Вось вам і “гэта табе не лапці сплесці”... Тройчы на майстар-клас ездзілі — і толькі пасля здолелі стварыць самастойна сваю першую пару.

Васіль ды Ірына расказалі, што на Любаншчыне плялі асаблівыя лапці, паляшуцкія, з незвычайнай мясцовай назвай “вядучыя”. Выраблялі іх як з лазы, так і з лыка ліпы (атрымліваюцца больш светлыя). Але для “вядучых” лепш браць лазу.

— Спачатку ствараецца аснова, потым робіцца падплёт: знізу мацуецца яшчэ адна падэшва, — паказвае Васіль Дзмітрыевіч. — Якраз гэты падплёт і зношваецца пры хадзьбе першым. Таму з цягам часу яго можна замяніць на новы, а аснову пакінуць ранейшую. Выгадна! Да таго ж такі абутак практычны. Улетку пясок, які трапіў унутр, лёгка высыпаецца, а ў дажджлівае надвор’е вада выліваецца і ногі хутка высыхаюць. Нашы сучаснікі, аматары лазні, знайшлі для “вядучых” новае ўжыванне: кажуць, у іх спякота не страшная і ступні масажуюцца.

 

“Лапці ў хату!”

З гэтым абуткам звязана шмат мясцовых звычаяў. Напрыклад, перад тым, як адправіцца ў сваты, хлопец завітваў да дзеўкі, адчыняў дзверы са словамі: “Шурум-бурум, лапці ў хату!” — і кідаў іх у пакой. Дзяўчына разглядала лапці, прымярала і рабіла выснову: калі падышлі і добра сплецены, то і хлопец годным гаспадаром будзе. А калі не той памер або крывыя, то выкідвала іх на вуліцу са словамі: “Шурум-бурум, лапці з хаты!” Намёк відавочны!