На конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” Мастоўская раённая бібліятэка Гродзенскай вобласці адзначана дыпломам І ступені за праект “Гісторыі з кніг ажываюць у тэатры ценяў”.

Незвычайна і цікава
— Пачыналася ўсё ў 2022-м, калі наша бібліятэка “засялілася” ў памяшканне пасля мадэрнізацыі, — расказвае дырэктар установы Таццяна Стэльмах. — Тады ў свежых сценах сярод сучаснай мэблі і абсталявання захацелася зрабіць штосьці новае і цікавае, штосьці незвычайнае для дзяцей і падлеткаў. Неяк само так атрымалася, што сярод мноства ідэй, агучаных супрацоўнікамі, выбралі стварэнне тэатра ценяў. Як задуму ажыццявіць — ніхто дакладна не ведаў. Але — інтэрнэт у дапамогу!
— Усе элементы тэатра нашы дзяўчаткі-руплівіцы выраблялі самі: экран, фігуркі, падсвет, — працягвае Таццяна Іосіфаўна. — Шмат часу, у тым ліку асабістага, прысвяцілі рэалізацыі гэтай ідэі. У выніку ўжо ў 2023 годзе зладзілі прэм’еру першай казкі. Запрасілі самых прыдзірлівых гледачоў — дзяцей. “Дзеці, як ніхто іншы, адчуваюць фальш, іх не падманеш”, — лічаць бібліятэкары. І таму аншлаг на прэм’еры адзначылі для сябе як заклік да развіцця.
“Цені вайны”
— У 2024-м была пастаноўка “Цені вайны”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі, і Мастоўшчыны ў тым ліку, ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гаворыць дырэктар. — Спектакль невялічкі, хвілін на 7-10, але вельмі эмацыйны. Глядзіш яго — і, як кажуць, мурашкі па скуры.
Сюжэт такі. У даваеннай вёсцы жывуць двое хлопцаў-сяброў. Разам працуюць і адпачываюць, разам мараць пра будучыню. Але надыходзяць страшныя гады. Фонам гучыць голас Левітана. Хлопцы адпраўляюцца на фронт змагацца з ворагам. Падчас чарговага танкавага бою аднаго моцна параніла. Сябар выносіць яго з поля бітвы, але, на жаль, выратаваць салдата немагчыма… І вось адсалютавала Перамога, настала мірнае жыццё. Ацалелы хлопец вярнуўся дадому, аднак і праз 10, і праз 20 і больш гадоў прыходзіць да месца пахавання таварыша. Сталы сівы мужчына з кійком не здраджвае памяці таго, з кім некалі марыў пра шчасце.
— Спектакль паглядзелі госці з Ніжняга Ноўгарада, — распавядае Таццяна Стэльмах. — А праз некаторы час мне давялося ў складзе дэлегацыі завітаць у гэты расійскі горад. Уяўляеце, там сустрэлася з кіраўніком Адміністрацыі Велікаболдзінскай муніцыпальнай акругі Алай Марозавай, якая была ў нас. І першае, што яна згадала, — наш спектакль і глыбокія пачуцці, якія выклікаў твор.

Новы стымул
Гэтая акалічнасць, як і шматлікія водгукі наведвальнікаў, сталі стымулам для далейшага развіцця такога напрамку дзейнасці. — Хачу адзначыць: тэатр на базе бібліятэкі ладзілі, каб зацікавіць новае пакаленне работамі беларускіх і замежных аўтараў, захапіць творчасцю, — падкрэслівае Таццяна Іосіфаўна. — З гэтай нагоды мы прапаноўваем хлопчыкам і дзяўчынкам самім паспрабаваць сябе ў якасці акцёраў, паўдзельнічаць у працы над спектаклем. Сёння ў арсенале бібліятэкараў ужо каля дзясятка розных пастановак — пераважна казак. Гэта падштурхнула мастаўчан да ўдзелу ў конкурсе, аб’яўленым расійскім фондам “Рускі свет”. На творчым спаборніцтве яны прадставілі праект “Казка як феномен традыцыйнай культуры”.
— Якімі ж былі нашы здзіўленне і радасць, калі мы выйгралі конкурс і атрымалі грант на 350 тысяч расійскіх рублёў! — расказвае кіраўнік. — Гэта дало магчымасць развівацца і далей. Грошы зрасходавалі на новае абсталяванне, касцюмы і стварэнне тэатраў: лялечнага, пальчыкавага, настольнага і штокавага.
Не проста калабок
У рамках праекта ладзіўся круглы стол, у якім паўдзельнічалі прафесар кафедры рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Таццяна Аўтуховіч, псіхолаг Кацярына Патоніч, выкладчык дзіцячай нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Усіх гаротных Радасць” Таццяна Чарняк. Спікеры далі ацэнку казцы як феномену культуры, філалогіі, псіхалогіі, рэлігіі. Прагучала шмат цікавых фактаў. Напрыклад, у ранейшым варыянце “Рэпкі” героі вырашылі ўзяцца за справу назаўтра. Аднак за ноч мышка згрызла караняплод. Мараль: не варта адкладваць важнае на потым. А вось Калабок у нацыянальнай культуры адпавядае Месяцу, які з кожнымі новымі суткамі становіцца ўсё меншым, пакуль яго краёк не з’ядае ліска. Гэтую ж казку даследчыкі разглядаюць і як адлюстраванне жыццёвага шляху чалавека — ад яго нараджэння, атрымання самастойнасці і праз выпрабаванні да сталасці і смерці. Запрошаныя педагогі садкоў і агульнаадукацыйных школ, спецыялісты бібліятэк Мастоўскага раёна абмеркавалі ўплыў глыбіннага філасофскага зместу народных казак на станаўленне характару дзіцяці. Удзельнікі круглага стала вызначылі, што зацікавіць малых чытаннем прасцей праз спектаклі, малюнкі, тэатралізацыю, інтэрактыў, і самі далучыліся да майстар-класа ў тэатры ценяў, пальчыкавым і лялечным тэатры.

Казка — для кожнага
Фінальным акордам праекта стаў казачны фестываль, які мастоўскія бібліятэкары арганізавалі пры падтрымцы фонду “Рускі свет”, мясцовай улады і калег з іншых кніжных скарбніц Гродзеншчыны. Пляцоўка, на якой праходзіла творчая сустрэча, запомнілася багаццем: тут знаходзілася хата Бабы Ягі, дзе прапаноўвалі паспрабаваць, напрыклад, “жывой вады” альбо даведацца ў варажбіткі пра сваю будучыню. Попытам карысталася “Казачная трапеза”: арганізатары сабралі стравы з розных казак, прыгатавалі іх і раздрукавалі рэцэпты. Можна было пакаштаваць кашу з сякеры, кісель з кісельных берагоў, маладзільныя яблыкі і шмат чаго іншага. Асобна наведвальнікаў запрашалі паўдзельнічаць у майстар-класах па роспісе пернікавых домікаў або пляценні касы ў Васілісы Прамудрай і Варвары-красы. Шмат было розных конкурсаў, пераможцам якіх уручаліся прызы як ад бібліятэкі, так і ад партнёра — фонду “Рускі свет”.
Праца працягваецца
Паколькі праект “Гісторыі з кніг ажываюць у тэатры ценяў” аказаўся такім маштабным і запатрабаваным у наведвальнікаў, кіраўніцтва ўстановы вырашыла падаць яго на рэспубліканскі конкурс, дзе бібліятэка атрымала дыплом І ступені.
— Не думайце, што на гэтым мы спыніліся, — зазначае Таццяна Іосіфаўна. — Мы выйшлі на новы ўзровень і цяпер працягваем працу над праектам ужо на аснове беларускіх казак. А гэта не меншая скарбніца народнай мудрасці!
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва бібліятэкі