Скарбы Нясвіжа. Выпуск 3

На столі — золата, на сценах — партрэты сенатараў, а дзе вылічальная машына? Усе сакрэты славутага замка — у культурна-турыстычным алфавіце!

Еўна Якабсон 

Еўна Якабсон — асоба яркая, але шырокай публіцы малавядомая. А менавіта з ім звязаны адзін вельмі цікавы культурна-гістарычны факт аб Нясвіжскім замку!

Значным эпізодам у біяграфіі майстра-гадзіншчыка стала супрацоўніцтва ў XVIII стагоддзі з Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькам, калі адмысловец сканструяваў унікальную прыбаўляючую машыну, якая выкарыстоўвалася для вядзення складаных разлікаў пры фінансавых аперацыях. Гэта сапраўдны тэхнічны шэдэўр свайго часу, якая спалучае дакладнасць і эстэтыку, — кажа старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў.

Прыбор быў выраблены ў выглядзе латуневай скрынкі даўжынёй 34,2 см, шырынёй 21,8 см і вышынёй 3,4 см на 4-х точаных ножках дыяметрам 1,6 см і вышынёй 1 см. Дазваляў ажыццяўляць складаныя арыфметычныя аперацыі без удзелу спецыялістаў. Акрамя гэтага, канструкцыя была не проста працоўнай прыладай, але і творам мастацтва: прадмет дэкарыраваны каштоўнымі пародамі дрэва, металічнымі інкрустацыямі і элементамі, якія адпавядаюць інтэр'еру Нясвіжскага замка.

Цікавы адзін з надпісаў на машыне, складзены з нямецкіх і лацінскіх слоў: "Erfunden und verfertigen von dem Hebreer Jewna Jacobson, Uhrmacher und Mechanicis in der Stadt Nieswiez in Lithauen, Gouvernement Minsk" ("Вынайдзена і выраблена Еўнай Якабсонам, гадзіннікавым майстрам і механікам, у горадзе Нясвіжы ў Літве, Мінскае ваяводства"). як бачым, Беларусь ніколі не стаяла ў баку ад навукова-тэхнічнага прагрэсу!

Цяпер унікальны экспанат захоўваецца ў музеі М.В. Ламаносава ў Санкт-Пецярбургу і з'яўляецца адзіным ва ўсіх расійскіх музеях прыкладам падліковай машыны XVIII стагоддзя.

Жывапіс

Калекцыя карцін, якая калісьці налічвала больш за 1000 работ знакамітых мастакоў, займае сярод галоўных скарбаў Нясвіжскага замка асаблівую нішу. Уладальнікі доўга збіралі гэтыя перліны. Мясцовыя і замежныя мастакі на сваіх палотнах часта адлюстроўвалі членаў сям'і Радзівілаў, а таксама гістарычныя і міфалагічныя сюжэты. Стваралі і абразы. У калекцыі былі прадстаўлены работы ў розных стылях.

Жывапіс меў вялікае значэнне ў афармленні інтэр'ераў замка і служыў пацвярджэннем высокага статуса магутнага роду. Калекцыя ўяўляла як мастацкую, так і гістарычную каштоўнасць, адлюстроўваючы эстэтычныя прыярытэты многіх пакаленняў Радзівілаў, а таксама фіксуючы аблічча гістарычных асоб.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны многія шэдэўры былі страчаны. Некаторыя пасля вярнуліся ў Беларусь, але частка калекцыі засталася недаступнай.

Адно з арыгінальных старажытных палотнаў — "Сусана і старцы" невядомага мастака — захоўваецца ў Нясвіжскім замку. На карціне — старазапаветны сюжэт, напоўнены драматычнай напругай, які раскрывае тэмы гонару, вернасці, жаночай дабрадзейнасці і справядлівасці.

Залатая зала

У Залатую залу, дзе праходзілі ўрачыстасці, госці замка падымаліся з сяней па параднай лесвіцы. На сценах віселі партрэты сенатараў Рэчы Паспалітай. Падчас аднаўленчых работ у 1730-х гадах вышыня памяшканне павялічылася больш чым на метр (тады ж дабудавалі чацвёрты паверх палаца), сцены і столь аздобілі сусальным золатам. Зала павінна была дэманстраваць веліч і багацце роду Радзівілаў.

У час вайны 1812 года ў замку размяшчаўся лазарэт рускай арміі, памяшканне страціла свой першасны выгляд. Яго аднавілі ў канцы таго ж стагоддзя, але без пазалоты. У розныя часы тут выстаўляліся рыцарскія даспехі, паляўнічыя трафеі, слуцкія паясы.

Сучасная зала вярнула сабе колішнюю веліч. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя люстэркі і дзве вазы, якія былі ў замку пры яго апошніх гаспадарах. На столі — манаграмы і гербы, на паркетнай падлозе выкладзены радзівілаўскі герб.

Зорная зала

Зорная зала, кабінет і спальня князя належаць да так званай мужчынскай паловы замка.

— Першы пакой атрымаў назву з-за галоўнага элемента дэкору — вялікай васьміканцовай зоркі на вызалачанай столі, — распавядае малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Кацярына Дзенісенка. —  Гэтая зорка згадваецца ў апісаннях сярэдзіны XVIII стагоддзя, аднак канчатковая назва за памяшканнем замацавалася толькі ў 1930-я. У той час у цэнтры пакоя стаяў круглы столік, за якім уся сям'я збіралася на штодзённую філіжанку кавы.

— У зале — арыгінальная ляпніна на столі і радзівілаўская печ 1880-х гадоў, — дадае Сяргей Чысцякоў. — На яе пярэднім фасадзе змешчана выява герба Мікалая Радзівіла Чорнага: геральдычны шчыт на грудзях каранаванага арла. На шчыце гербы Радзівілаў, Кішкаў, Мантыгірдаў і Манівідаў — продкаў Мікалая па лініях бацькі і маці.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА