Малёўскія ідыліі Вініцкага

Цеснаватую гасцёўню ў хаце Галіны Каліноўскай больш за паўстагоддзя ўпрыгожвае вялікае палатно аднавяскоўца Хведара Вініцкага “Пасля буры”. Нядаўна споўнілася 125 гадоў з нараджэння мастака і 40 — з яго адыходу на нябесныя сцежкі. Не было ў творцы звычкі даваць назвы сваім карцінам, а тут — вывеў у куце, дзе прафесіяналы зазвычай пазначаюць аўтарства. На долю малёўскага самавука выпала жыццё ў эпоху вялікіх гістарычных узрушэнняў і бур. Здаецца, і маляваць ён пачаў дзеля таго, каб хоць на даматканым палатне ўбачыць жаданую ідылію ў рысах і вобразах роднай зямлі.

ЧАМУ МАЛЕВА? 

Непадалёк ад Нясвіжа, пры дарозе на Сноў, утульна размясцілася Малева — паселішча з даўняй гісторыяй. Некалі тут знаходзіўся гаспадарчы двор Радзівілаў, гадаваліся статкі жывёлы, працавала сыраварня. Пра паходжанне назвы вёскі бытуе шмат версій. Хто згадае, што калісьці тут у Мікалаеўскай царкве служылі родзічы Казіміра Малевіча, ды і зрыжэлым ад часу дакументам тое пацвердзіць. Іншы напомніць пра цудадзейнага лекара Малькевіча, які практыкаваў у акрузе і меў тут добрую сядзібу. Шмат хто чуў ад бабуль, што даўнейшыя гаспадыні надта ўпадабалі мальву, заўзята разгадоўвалі яе, каб упрыгожыць падворкі; не ад прозвішчаў — ад назвы кветкі, маўляў, пайшла назва вёскі. Але пераважная большасць з гонарам будзе даводзіць сваё: Малева — бо вельмі ж маляўнічыя мясціны. Цяжка запярэчыць. Сутокі невялічкай рачулкі Дунайкі і нясвіжскай Ушы, мнагаводдзе, вербалоззе, густыя алешнікі, квяцістыя паплавы, сухадольныя пагоркі — напраўду маляўніча, адно любуйся, а калі здатны — бярыся за пэндзаль або аловак. 

Хведар Вініцкі, карэнны малёвец, так і рабіў. Схільнасць да малявання меў, а першыя ўрокі атрымаў… у мясцовай царкве. Яна стаяла блізка да роднай хаты. Ранейшая, вельмі багата аздобленая Мікалаеўская царква згарэла. Праз некаторы час была ўзведзена новая. У яе, па ўспамінах родзічаў, яшчэ хлапчуком гадоў васьмі-дзевяці Хведар бегаў дапамагаць мастаку, што працаваў над аздобай святыні, маляваў абразы. Творца і хлопчык пасябравалі. Майстар давяраў малому размешваць фарбу, выціраць пэндзлікі, наносіць грунтоўку. 

СЯЛЯНСКІ ІНТЭЛІГЕНТ 

Пазней была падрыхтоўка ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе здольныя навучэнцы, апроч усяго, атрымлівалі грунтоўныя веды па асновах выяўленчага мастацтва. Варта згадаць некаторых слынных нясвіжскіх семінарыстаў і гімназістаў — Кузьму Чорнага і яго на дзіва прафесійныя графічныя работы, Сяргея Новіка-Пеюна, які выканаў мастацкае афармленне сваёй першай кніжкі “Малады дзядок”. Няма сумнення, што і Хведар Вініцкі займеў тут добрыя веды і навыкі ў справе, да якой імкнулася душа. 

За польскім і савецкім часам, да вайны і некаторы перыяд пасля яе Хведар настаўнічаў у пачатковых школках Нясвіжчыны — у Качановічах, родным Малеве, Грыцкавічах. Быў чалавекам культуры, па-грамадску актыўным. Яшчэ пры паляках, як распавядалі старэйшыя малёўцы, на летніх вакацыях зладзіў з моладдзю роднай вёскі пастаноўку Купалавай “Паўлінкі”. Вялікага памяшкання для той дзеі не было, дык дамовіўся са святаром наконт яго прасторнага ды пустога да жніва гумна. Там і прайшла “прэм’ера”, для якой Хведар, апроч усяго, і дэкарацыі намаляваў. А перад гэтым схадзіў аж у Ланскую гміну па дазвол. Размова вялася амаль што такая: 

— Што за Паўлінка? — пытаюць. 

— Дзяўчына, вясёлая, прыгожая, песні хораша пяе, — гаворыць Хведар. 

— Прыгожая, кажаш. А што там яшчэ? 

— Ды так — кірмаш, паны і паненкі, сваты, каханне, пацалункі… 

— А дзе паказваць будзеце? 

— Бацюшка дазволіў, дык у яго гумне. 

— Бацюшка? Ну, добра. Глядзіце толькі, каб нічога лішняга. 

…І неўзабаве вёска сузірала незвычайную дзею, адзначала небывалае свята — спектакль у гумне. 

Сялянскі інтэлігент, Хведар Вініцкі не толькі ведамі ўзбагачаў вясковых школьнікаў — падаваў моладзі, старэйшаму пакаленню прыклад у грамадскай культуры, мове, паводзінах у сям’і, нават у адзенні. Пра Хведара Аляксеевіча захаваліся ўдзячныя ўспаміны яго колішняга вучня — прафесара, доктара медыцыны, магістра фізічнай культуры Тадэвуша Грыгеля: “Як сёння, бачу невысокага росту, сярэдніх гадоў мужчыну, яго спагадлівы твар, хуткі пагляд, густыя бровы, прыцярушаныя сівізной валасы. Белая кашуля, карычневы касцюм, такога ж колеру гальштук і чаравікі — усё падабрана з вялікім густам”. Запомніліся і мудрыя настаўленні, што радзіму “трэба любіць, як маці, што звычаі і традыцыі неабходна захоўваць і працягваць, а добрая дружная сям’я — аснова ўсіх спраў і пачынанняў”. Усё жыццё вучань быў удзячны настаўніку за спачуванне і падтрымку ў час вялікай трагедыі, якая напаткала сям’ю, — страты бацькі, расстралянага фашыстамі ў сумна вядомым нясвіжскім урочышчы Гайкі. 

Пасля вайны Хведар Вініцкі некаторы час вучыўся ў Баранавіцкім педагагічным інстытуце. Жадаючы стаць сапраўдным творцам, спрабаваў паступіць у Ленінградскую мастацкую акадэмію. Вучыцца ў ёй не давялося, але, як успамінаюць малёўцы, там мелі ўвагу на іх земляка — дасылалі па пошце фарбы, давалі пісьмовыя парады. А што да пэндзлікаў, дык Хведар умела майстраваў іх сам: вялікія, малыя, танюткія, на тры валасінкі, — якія былі патрэбны. Нават ваверчаня дзеля гэтага выгадаваў-прыручыў. Прылашчыць яго, пацярэбіць за вушкам — глядзіш, і на пэндзлік сабралася. Жыў у сям’і брата, які заўчасна памёр, дапамагаў расціць асірацелых пляменнікаў. У 1950-х, пакінуўшы працу ў школе, стала заняўся сельскай гаспадаркай і творчасцю. Не вандраваў — маляваў за невялікія грошы, а то і без аніякай платы пераважна для аднавяскоўцаў і блізкіх суседзяў. Так год за годам ад хаты да хаты стваралася яго галерэя. Далёкая родзічка з вёскі Альхоўка ўспамінае: “Быў ужо старэнькі, а ўсё маляваў. І мне гаварыў: «Я табе намалюю!» Кажу яму: «Дзядзечка, вам ужо цяжка — і вачам, і руцэ». А ён сваё: «Не! Намалюю!»” 

З ВЯСКОВАЙ ГАЛЕРЭІ 

Сёння значная частка спадчыны Хведара Вініцкага беззваротна страчана. Аднак тое, што ацалела, дазваляе сфарміраваць выразнае ўяўленне пра творчасць мастака і сцвярджаць, што яна разнастайная па тэматычных і стылявых кірунках, самабытная і непаўторная. Захаваліся зробленыя яшчэ рукой семінарыста графічныя выявы куточкаў Нясвіжа першай паловы ХХ стагоддзя з адметнымі гарадскімі пабудовамі. Уражваюць “Іван-царэвіч на Шэрым Ваўку”, “Дзеці, што ўцякаюць ад навальніцы”, іншыя дасканалыя копіі, найперш з Васняцова, Саўрасава. Хведар працаваў над перамалёўкамі растыражаваных у пасляваенны час сюжэтаў для вышывання (хутчэй на замову гаспадынь, якія не мелі на тое часу ці жадання). Аднак з большай ахвотай ствараў свае сюжэты. На адным палатне паважны лось, напіўшыся з лясной ручаіны, кіруецца праз поле ў суседні лясок. На другім — згаладалы воўк зімовым надвячоркам прыслухоўваецца да гукаў-галасоў чалавечага жытла. На трэцім — супакоены зубр дрэмле ў асеннім лесе. Доўга хочацца глядзець на “партрэты” жывёл “Цікаўны каток”, “Гняды і буланы”, а дакладней, гэта яны зазіраюць табе ў душу — глыбока, унікліва, запытальна. У суседняй вёсцы знойдзена выява хлопчыка, з бацькам якога мастак сябраваў. Родныя сведчаць пра фатаграфічную дакладнасць аблічча. Аздоблены ружамі, як традыцыйная для 1950—1960-х народная рамка-размалёўка на шкле, той дзіцячы партрэцік сапраўды падаецца фотаздымкам.

Яшчэ адна старонка творчасці Вініцкага — абразы, выявы святых. З’яўленню гэтых работ, несумненна, паспрыялі тыя раннія “ўрокі” ў царкве, сталая набожнасць мастака, амаль штодзённае сузіранне кананічнага жывапісу ў храмах Малева і Нясвіжа. Захаваліся іконы Маці Божай рукі малёўца, класічны абраз Мікалая Цудатворца, а таксама інтэрпрэтацыя шматлікіх біблейных сюжэтаў “Маленне аб чашы”. У апошняй, як падаецца, пераважае ўплыў Яна Дамеля. Ацалеў і падвойны абраз з Маці Божай і Мікалаем Цудатворцам. 

Хведар Вініцкі маляваў на даматканым палатне вялікія, на паўтара метра, а то і болей, надзвычай ходкія ў пасляваенныя дзесяцігоддзі дыванкі — з козачкамі ці аленямі на беражку возера, з белакаменнымі палацамі, бярозамі і кіпарысамі, з горнымі краявідамі. Патрапіўся адзін з нетыповым сюжэтам, гэткая афрыканская маляванка: леў з ільвіцай, што ўчулі небяспеку, і чарнаскурыя абарыгены, што затаіліся непадалёк. Напружаны момант інтрыгуе, трымае ўвагу. Ды не менш вабіць экзотыка прыроды. Шчодра запаўняюць палатно нянаскія дрэвы і кветкі, травы і ліяны — раздолле фарбаў, пацеха вачам, свята ў хату! 

Самае ж адметнае ў спадчыне мастака — ідылічныя абразкі з жыцця роднай вёскі, рамантычныя малёўскія сюжэты, створаныя часам з дамешкам фантазіі. Менавіта малёўскія — у выявах мясцовыя жыхары пазнаюць родныя вуліцы і ваколіцы, рачулку Дунайку, яе звіліны і павароты. Пазнавальны і ракурс — злева ці правей, бліжэй ці крыху ўдалячынь, але нязменна з пагорка, дзе месціўся хутар Вініцкіх. Гэтыя вялікафарматныя карціны, у якіх будзённае спалучана з ідылічным, і памерам, і зместам блізкія да маляваных дываноў. Ідыліі самі сабой паўставалі перад мастаком, калі, управіўшыся на палетку з плугам ці касой, творца браўся за ўлюбёны занятак. Палатно пад умоўнай назвай “Зажынкі ў Сялцы” з таго ліку. На ім — вулачка, што пачыналася ля царквы і таму мела назву Сялцо. Шчыра вымаляваў Хведар сядзібу святара, сціплыя, але дагледжаныя сялянскія хаціны, пунькі, хлеўчукі… Найбольшую ўвагу надаў палоскам-палеткам. Займаючы ўвесь пярэдні план, яны сведчаць аб працавітасці і гаспадарлівасці, самадастатковасці жыццёвага ўкладу людзей. Тут і раўнюткія барозны бульбы, і малады садок з багатым ураджаем, і копкі сена… Дамінуе ж спелым сонечным колерам палоска збажыны з першымі важкімі снапамі. Ціхамірную карцінку дапаўняе мілая сямейка — зайчыха з зайчанятамі, што ўладкаваліся непадалёк на адпачынак. Цёплы свет беларускай вёскі Хведар Вініцкі падае з добрым веданнем штодзённых патрэб і клопатаў чалавека працы, нават пахаў і гукаў роднай зямлі. “Відок на царкву і школу”, пэўна, самы паказальны ў гэтым сэнсе. Паўсюль квітнее-духменіць бэз. Бруіць паўнаводная ў вясновую пару рачулка. Гаспадар, кінуўшы на воз баронку, прыспешвае коніка. Ляскочуць колы па мастку, гергечуць ім наўздагон патрывожаныя гусі. Вёска жыве ў сваёй адвечнай штодзённасці — толькі ўсміхнуцца і парадавацца. 

Карціна, якую хочацца назваць “Спатканне на Дунайцы”, — яшчэ адно акенца ў ідылію Вініцкага. Лёгка пазнаюцца кампазіцыйныя і каляровыя перавагі, вабныя куточкі-беражкі роднага краявіду. Але на гэты раз тут адбываецца дзея нібыта са спектакля. Дэкарацыйна-ідылічны матыў пераносіць у свет мрой, надзей і кахання. Шчаслівы момант! Дзяўчына з сялянскага дамка (з шалікам і парасонам — паненка!) дачакалася свайго каханага. Праўда, гэта не заморскі прынц, а вясковы хлопец. Прырода выглядае асабліва святочна, урачыста. Шаўкова-квяцістыя берагі, далікатны крышталь неба — усё аздабляе сустрэчу. У пастаралі “Рыбачок-пастушок” амаль тыя ж дэкарацыі, тая ж велічнасць прыроды. Сакавітая паша, рыбка бярэцца — адно цягай! І зноўку адольвае ціхая радасць за малога пастушка, якому ў бацькоўскім свеце як у карэце. Героі вясновага абразка “Буслы прыляцелі” (яшчэ адна назва, прыдуманая мастаком) — таксама дзеці. Яны пускаюць папяровыя караблікі, заўзята ўглядаюцца ў блакітную далеч — пабеглі б туды… А буслы ляцяць адтуль, з той далечы, да сваіх гнёздаў. Работа “Пасля буры” змяшчае матывы вяртання на родную зямлю, думку пра яе нязменную каштоўнасць. 

Шчасце магчымае пад нябёсамі з ружовай аблачынкай. Яго не трэба шукаць за морам — яно побач. Знаходзь, стварай яго тут. Менавіта гэтым правілам кіраваўся настаўнік, асветнік, мастак-самавук, селянін-інтэлігент, жыццялюб, зычлівы суседвясковец Хведар Вініцкі. 

Ціха прамінулі нядаўнія знакавыя даты, звязаныя з лёсам аўтара. Сыходзяць у іншы свет людзі, якія ведалі Хведара. Часткова занатаваны іх расказы. Жывуць памятлівыя з маладзейшага пакалення, родзічы. Не губляюць першапачатковага колеру фарбы, нанесеныя самаробнымі пэндзлямі на даматканае палатно; гаспадары тых мясцовых рарытэтаў шануюць, захоўваюць іх, не здымаюць са сцен. Але гады ўсё ж аддаляюць нас ад асобы Вініцкага, а зорны час яго творчых набыткаў яшчэ не наступіў. Сёння ўсё ж не позна дбаць, каб шматаблічная спадчына самавука з Малева выйшла за межы дзвюх-трох вёсак, а жыццесцвярджальныя малёўскія ідыліі занялі пачэснае месца сярод залацінак беларускага наіўнага мастацтва. 

Наталля ПЛАКСА

краязнавец з Нясвіжчыны