Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей на працягу 60 гадоў сваёй дзейнасці (2025-ы, дарэчы, юбілейны) беражліва захоўвае памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. У фондах установы — унікальныя дакументы, фотакалекцыі, іншыя артэфакты па гэтай тэме.
Пра трагічныя і гераічныя старонкі мінулага нагадваюць аглядныя і тэматычныя экскурсіі, перасоўныя выставы, музейна-педагагічныя заняткі, інтэрактыўныя краязнаўчыя гульні-квэсты, рэканструкцыі, якія супрацоўнікі скарбніцы праводзяць у гарадской прасторы.
У год Вялікай Перамогі музей працягвае інтэрнэт-праект “Фотакартка з фронту”, пачаты летась: на сайце размяшчаюцца алічбаваныя здымкі ваеннага часу з тэкставай інфармацыяй.
Першымі героямі анлайн-публікацый сталі ўраджэнцы вёскі Пескі Іван Казінец, Мікалай Крук, Мікалай Сірыска, Іван Карповіч. Яны дайшлі франтавымі дарогамі да самага Берліна. На фотакартках ваеннай пары маладыя пехацінцы — працаўнікі-ратнікі са стомленымі тварамі. Але калі спатрэбілася, кожны з іх — стралкі, мінамётчык, сувязіст — праявіў гераізм: смеласць, адвагу і гатоўнасць да самаахвяравання.
Павел Паўлавіч Варыпаеў і Васіль Мацвеевіч Кучаравенка (злева направа)
Так, чырвонаармеец Мікалай Сірыска добра плаваў — камандзір задзейнічаў яго пры пераадоленні воднай перашкоды. Баец прыдумаў, як дапамагчы таварышам, што не маглі плысці: першым дасягаў іншага берага з прывязаным да нагі канатам, каб потым да яго прымацаваць трос, які фіксаваўся на абодвух берагах. “Неплаўцы” трымаліся і па ім перапраўляліся праз раку. І гэта Мікалаю прыходзілася рабіць на фронце многа разоў.
Гвардыі малодшы сяржант Іван Карповіч заўсёды першым паднімаўся ў атаку, прарываўся ў траншэі немцаў, пераплываў рэкі, бясстрашна паліваў ворага агнём з аўтамата. Чырвонаармеец Мікалай Сірыска ва ўзнагародным лісце адзначаны камандаваннем за тое, што ўмела наводзіў асабісты мінамёт у цэль саперніка, які контратакуе, дакладнай і зладжанай працай стралка расчышчаў шлях пяхоце. 19-гадовы сувязіст Мікалай Крук, дастаўляючы тэрміновы пакет-данясенне, прыняў няроўны бой з васьмю гітлераўцамі і выйграў яго. Два медалі “За адвагу” — узнагароды самай высокай салдацкай пробы, як і сам баец.
Франтавыя фатаграфіі пескаўскіх ветэранаў перадала ў музей іх аднавяскоўка, бібліятэкар-краязнавец Лідзія Іванаўна Рудзьман, якая даведалася аб праекце з публікацыі ў раённай газеце “Маяк”.
Пасля наведвання сайта да віртуальнай ініцыятывы далучыліся сваякі Віктара Кашталяна, ураджэнца вёскі Мастыкі, пажадаўшы расказаць пра яго ратную працу. Віктар добрасумленна выконваў яе ў якасці старшага павозачнага гужавога транспарту. Нягучная прафесія патрабавала цягавітасці, дысцыплінаванасці. На перадавой усе задачы — баявыя. Кіламетр за кіламетрам па бездарожжы, гразі, снезе — яфрэйтар Кашталян своечасова дастаўляў на перадавую боепрыпасы, гарачую ежу, рыштунак, быў незаменным байцом у сваім падраздзяленні.
“Ёсць сувязь з рэйхстагам”. Такое данясенне Ф.М. Зінчанку, камандзіру 756-га стралковага палка, які штурмаваў цытадэль фашызму, перадаў 30 красавіка 1945 года тэлефаніст першага батальёна пад кіраўніцтвам капітана С.А. Няўстроева беларус Фёдар Ёрш. Ураджэнец вёскі Зарэчча, выконваючы пастаўленую камандаваннем задачу — забяспечыць удзельнікаў штурму бесперабойнай сувяззю, дзейнічаў смела і рашуча. Калі з амбразур рэйхстага ліўся патокам свінец, амаль немагчыма было яе ўтрымаць. 17 разоў сувязь перарывалася ад пападання ў правады асколкаў і куль. І ўсе гэтыя 17 разоў Фёдар Ёрш, паказваючы сапраўднае майстэрства, воінскую кемлівасць, грэбуючы небяспекай, аднаўляў злучэнне.
Вось якім ён быў у 1945-м: малады салдат з пастрыжанай галавой, на гімнасцёрцы ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль “За ўзяцце Берліна”. У пераможным маі радавы сфатаграфаваўся з баявым сябрам. Выдатны настрой Фёдара Ярша, які годна выканаў сваю ратную працу, перадае не толькі ўсмешка, але і задзірыста ссунутая набок фуражка. Дарэчы, такую маладзецкую манеру насіць галаўны ўбор франтавік захоўваў усё жыццё.
Віртуальную галерэю ўпрыгожылі таксама імёны салдат і афіцэраў, якія вызвалялі Бярозаўскі раён у ліпені 1944 года, з падраздзяленняў 48-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Крыварожскай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Г.М. Корчыкава. З вялікага масіву матэрыялаў, перададзеных музею ў 1970—1990-я ветэранамі дывізіі, адабраны франтавыя здымкі, пісьмовыя ўспаміны пехацінцаў, артылерыстаў, разведчыкаў, сапёраў, медработнікаў пра камандзіра 138-га гвардзейскага стралковага палка гвардыі палкоўніка Паўла Варыпаева, начальніка штаба гэтага ж палка гвардыі падпалкоўніка Васіля Кучаравенку, разведчыка гвардыі маёра Ілью Брука, галоўнага хірурга дывізіі гвардыі падпалкоўніка Васіля Артамошына, гвардыі капітана Пятра Грыгарэнку, які загінуў на бярозаўскай зямлі. У кожнага — свая жыццёвая гісторыя, але ўсе — з пакалення пераможцаў.
У праект уключана анлайнпублікацыя пра дырэктара гісторыка-рэвалюцыйнага музея горада Бярозы ў 1970— 1980-я, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Сікорына. Выпускнік Рыжскага ваенна-палітычнага вучылішча старшы лейтэнант Мікалай Сікорын служыў у 149-м асобным артдывізіёне 133-й стралковай дывізіі Паўночна-Заходняга фронту. І калі “громам загрукатала над радзімай вайна”, 22-гадовы афіцэр апынуўся на перадавой у першыя ж дні. На франтавым здымку Мікалай малады і прыгожы. Дзеля агульнай перамогі над ворагам афіцэр-артылерыст не адзін раз рызыкаваў жыццём. Толькі два цяжкія раненні, затым інваліднасць не дазволілі Мікалаю Сікорыну дайсці з аднапалчанамі да Берліна.
Мікалай Аляксеевіч Сірыска (злева)
Лёсы франтавікоў, якія не лічылі сябе героямі, у межах праекта апісаны з глыбокай падзякай. Мы памятаем гэтых асоб пайменна.
І ўсё ж, узіраючыся ў іх твары, не можаш не ўразіцца: вынесшы такія выпрабаванні, людзі змаглі захаваць унутраную сілу, імкненне будаваць мірнае жыццё. Можа, таму і праз 80 гадоў так хвалюе надпіс хімічным алоўкам на адваротным баку здымка з фронту, зроблены гвардыі малодшым сяржантам Іванам Казінцом: “Высылаю на радзіму сваю фотакартку. На памяць з вайны родным бацькам. На доўгую памяць. Прашу вас захаваць маю фотакартку”.
Пошук, адкрыццё іншых імёнаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай, якіх невядомы фатограф адлюстраваў на здымках у “саракавыя, ракавыя, ваенныя і франтавыя”, і аповед пра гэтых людзей працягваецца. Публікацыі можна знайсці на старонцы музея на партале museum.by, у раздзеле “Наведвальніку”.
Ала ДРАГАН,
навуковы супрацоўнік, аўтар праекта