У той дзень у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў было надзвычай горача. І не таму, што за вокнамі на тэрмометры вялікі “плюс”. Тут прайшло адкрытае залічэнне па мэтавых накіраваннях.
Абітурыенты, як і іх бацькі, не маглі схаваць хвалявання. Гэта зразумела: марам не кожнага наканавана спраўдзіцца. Залічэнне на мэтавыя месцы ажыццяўлялася, толькі калі быў забяспечаны адпаведны конкурс, а прэтэндэнты здалі іспыты на станоўчыя адзнакі.
Пасля прывітальнага слова рэктара ўніверсітэта Наталлі Карчэўскай сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта мастацкай культуры Алена Пагоцкая агучыла кантрольныя лічбы і прозвішчы першых шчасліўцаў.
Як паведаміла Алена Віктараўна, па некалькіх спецыяльнасцях заказчыкамі не была забяспечана неабходная канкурэнцыя, таму гэтыя месцы перададзены на агульны конкурс. У ім прапанавана паўдзельнічаць і тым абітурыентам, якія планавалі падмацаваць пазіцыі мэтавым накіраваннем. Цяпер маладым людзям давядзецца вытрымаць больш сур’ёзную барацьбу.
— Па адной спецыяльнасці абодва абітурыенты на іспыце паказалі нездавальняючыя веды, таму гэтае месца таксама было перададзена на агульны конкурс, — працягнула Алена Пагоцкая. — Такім чынам, сёння да залічэння рэкамендавана 29 абітурыентаў з 51 прэтэндэнта. Кажу “рэкамендавана”, бо да выхаду загада ў кагосьці могуць змяніцца абставіны, хаця, як паказвае практыка, падобнае здараецца надзвычай рэдка.
Калі гаварыць пра балы, патрэбныя для паступлення па мэтавым накіраванні, то яны дастаткова высокія: у асноўным гэта 200, 220 і нават больш, што пацвярджае прэстыж вышэйшай адукацыі.
Калі сакратар прыёмнай камісіі агучвала прозвішчы, абітурыенты ўжо не стрымлівалі эмоцыі. Тут былі як шчырыя ўсмешкі, абдымкі і пацісканне рук, так і не менш шчырыя слёзы — радасці альбо расчаравання.
Сярод тых, хто трапіў у запаветны спіс, мінчанка Вераніка Жыдзецкая, якая прыехала на залічэнне з мамай Ганнай Уладзіміраўнай і бацькам Аляксандрам Леанідавічам.
— Быць мастацтвазнаўцам я мару вельмі даўно, — распавяла Вераніка. — Яшчэ з часоў, калі хадзіла ў школу, а потым вучылася ў каледжы. Да іспытаў рыхтавалася старанна. Разумею, што мэтавае накіраванне — гэта плюс, але не гарантыя паступлення.
Дзяўчына здавала гісторыю мастацтваў вусна, пісьмова — аналіз мастацкага твора: па карціне ці ўрыўку з музычнай кампазіцыі трэба было скласці мастацтвазнаўчае эсэ, у якім — не толькі разабраць прапанаваную работу з пункту гледжання тэхнікі, стылю, гармоніі, але і выказаць сваё разуменне. Каб справіцца з задачай на высокім узроўні, Вераніка вывучала тэорыю па падручніках і не адзін дзень правяла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Іменна там абітурыентцы і выдалі накіраванне, убачыўшы ў дзяўчыне ў будучым зацікаўленага спецыяліста. Праўда, дзеля таго Вераніка прайшла сумоўе, падчас якога змагла пераканаць адміністрацыю ўстановы ў сур’ёзнасці намераў.
— За выставамі ў Нацыянальным мастацкім мы сочым пастаянна, — уступае ў размову мама абітурыенткі Ганна Уладзіміраўна. — Не было, напэўна, ні адной, на якую Вераніка не паехала б. Яна з дзяцінства жыве мастацтвам і марыць пра яго, таму мы вельмі шчаслівыя, што так усё атрымалася і наша дачушка ўжо, лічы, студэнтка, стала на адзін крок бліжэйшай да здзяйснення задуманага.
Ці варта гаварыць, што і мама, і тата ва ўсім падтрымлівалі таленавітую дзяўчыну? Менавіта бацькі і падказалі ёй разгледзець варыянт з мэтавым накіраваннем.
— Гэта дало магчымасць нашай Вераніцы і другім абітурыентам сутыкнуцца з меншым конкурсам, — падхапіў гутарку Аляксандр Леанідавіч. — Адна справа, калі канкурыруюць два-тры чалавекі, і зусім іншая, калі на агульных умовах — дзясяткі прэтэндэнтаў. Яшчэ вельмі істотна тое, што ўжо сёння дачка ведае, дзе будзе працаваць пасля ўніверсітэта, чым займацца, і менавіта гэтаму напрамку падчас падрыхтоўкі ўдзеліць больш увагі.
Па меркаванні мужчыны, вучоба па накіраванні — добры шанц для тых, хто ўпэўнены ў правільнасці абранай спецыяльнасці. Калі ж юнак альбо дзяўчына вагаецца і бярэ “паперку”, толькі каб паступіць хоць куды, — гэта не дапаможа.
— І ўвогуле, для мэтавікоў пасля размеркавання я б увёў заключэнне кантракта не на 3 ці 5 гадоў, а хаця б на 10. Ці адразу да пенсіі, — усміхаецца шчаслівы бацька.
Тых, хто паступае па накіраванні, рэктар універсітэта Наталля Карчэўская лічыць, бадай, найбольш адказнымі і матываванымі, бо сваё заўтра яны ствараюць свядома.
— Гэтыя хлопцы і дзяўчаты да таго, як занесці дакументы ў прыёмную камісію, як правіла, ужо сустрэліся з будучымі працадаўцамі і змаглі пераканаць іх у слушнасці афармлення накіравання на вучобу, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна.
Рэктар адзначыла, што сёлета ў параўнанні з мінулымі гадамі заказчыкаў на падрыхтоўку кадраў значна пабольшала. Яны забяспечылі конкурс амаль на ўсе мэтавыя месцы.
— Парадавалі і абітурыенты, — працягвае кіраўнік. — У асноўным гэта хлопцы і дзяўчаты, у якіх вочы палаюць прагай вучобы. Падобная акалічнасць не можа не цешыць.
Так вялікая сям’я Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў павялічылася на 29 актыўных, адказных і натхнёных на вучобу студэнтаў. А ў абітурыентаў, хто паступае ў гэтую ці іншыя навучальныя ўстановы на агульных умовах, усё яшчэ наперадзе: і клопаты, і хваляванні, і шчаслівыя ўсмешкі на тварах.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота аўтара