“Паказаць землякам, асабліва падрастаючаму пакаленню, сапраўдную гісторыю супрацьстаяння, крокі да перамогі, прагу жыцця”, — так акрэсліваюць сваю мэту стваральнікі віртуальнага выдання “Летапіс ваенных гадоў”. Праект Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея — у ліку адзначаных на VI Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.
Выданне аформлена як летапіс вызвалення Смаргоншчыны і навакольных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — ад 1 мая да сярэдзіны ліпеня, калі рэгіён быў ачышчаны ад фашысцкай навалы.
Унікальнасць праекта ў тым, што тут сабраны не толькі ўспаміны былых партызан, падпольшчыкаў, жыхароў, але і копіі архіўных дакументаў, актаў, лістоў, фотаздымкаў. Усё гэта дапоўнена работамі музейшчыкаў па захаванні гістарычнай памяці.
З партызанскіх успамінаў Івана Пятрова, камісара партызанскага атрада 2-й брыгады імя Суворава: “Набліжаўся Міжнародны дзень салідарнасці працоўных — 1 Мая. Народныя мсціўцы атрада імя Ватуціна — падрыўная група ў складзе В. Калдуненкі, І. Вараб’ёва, М. Сенчанкі, М. Ляпёшкіна — у падарунак Першамаю ў раёне станцыі Солы пусцілі пад адхон варожы эшалон. Узвод П. Ігнатоўскага знішчыў мост на рацэ Нарач. Гэтым быў адрэзаны шлях праціўніка з Вілейкі на Смаргонь...” Першая публікацыя “Летапісу...” датавана 1 мая 1944 года.
Навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Мацкевіч, якая ў складзе творчай групы працавала над праектам, распавяла пра ідэю стварэння выдання. Усё пачалося са збору матэрыялаў для стацыянарнай залы “Святло і цемра стагоддзя”, прысвечанай дзвюм войнам — Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. Другая частка залы таксама падзелена на некалькі сектараў: акупацыя, генацыд, партызанска-падпольны рух, вызваленне.
— Калі зразумелі, што матэрыялаў даволі шмат, вырашылі зладзіць да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэматычную выставу “Аперацыя «Баграціён»: хроніка вызвалення Смаргоншчыны”, — працягвае Таццяна Міхайлаўна. — Дарэчы, выстава карысталася папулярнасцю: яе наведалі сотні нашых землякоў. Тады мы задумалі сабраныя матэрыялы аб’яднаць у выданне.
Так была створана і надрукавана аднайменная брашура. А потым памеркавалі: стацыянарны музей можа наведаць не кожны — магчыма, хтосьці жыве далёка ад горада, але цікавіцца гісторыяй Смаргоні або Вялікай Айчыннай вайны. Чалавеку прасцей зайсці ў інтэрнэт. Так з’явілася ідэя віртуальнага выдання. Усе сабраныя матэрыялы былі пераведзены ў лічбавы фармат. На афіцыйным сайце ўстановы размешчаны банер, клікнуўшы на які пераходзім у адпаведны раздзел.
Супрацоўнікі музея з натхненнем расказваюць, якія ўнікальныя допісы знайшлі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
— Архіўна-даследчая праца штораз вяртае нас да дакументаў, — адзначае галоўны захавальнік фондаў Павел Картавік. — Для нас было сапраўдным шчасцем атрымаць Загад Вілейскага абкама КП(б) Беларусі камандзірам і камісарам партызанскіх атрадаў, які доўгі час знаходзіўся пад грыфам “сакрэтна”.
Не менш каштоўнымі для музейшчыкаў сталі іншыя адшуканыя ў архіве дакументы.
У віртуальным выданні размешчаны фотаздымак і расшыфроўка дакладной запіскі камандзіра атрада Працуты на імя камандзіра брыгады імя Гастэлы таварыша Манохіна, які апісвае апошнія дні акупацыі на Смаргоншчыне:
“Тав. Манохін!
Накіроўваю т. (прозвішча неразборліва) і падводу за патронамі. Становішча наступнае. З поўначы пакуль спакойна, з напрамкаў Вілейкі-Смаргоні з 27.05 штодня бамбяць вёскі 25 самалётаў, услед пасля бамбёжкі рухаюцца аўтамашыны, і што застаецца не спаленым ад бамбёжкі, дапальваюць самі. 29.05 бамбілі вёскі Укропенку, Каўпею, Трылесіна, Ардзею, Завелле…”
— Вы нават не ўяўляеце, наколькі важным аказаўся для нас гэты допіс, — гаворыць Таццяна Мацкевіч. — Дзякуючы яму, як і вытрымкам з дзённіка камандзіра разведкі У. Кароткага, мы змаглі аднавіць карціну знішчэння мірнага насельніцтва нашага раёна.
Музейшчыкам пашчасціла знайсці і сапраўдную тэлеграму начальніка штаба 3-га Беларускага фронту Пакроўскага аб вызваленні г. Мінска. У дакуменце значыцца: “У 9.00 3 ліпеня войскі 31-й арміі і гвардзейскага танкавага корпуса ва ўзаемадзеянні з 5 танкавай арміяй пасля імклівага наступлення і абходнага манеўру з паўночнага захаду завалодалі сталіцай Беларусі — горадам Мінскам”. Копія гэтай тэлеграмы таксама знаходзіцца ў свабодным доступе ў віртуальным выданні.
Супрацоўнікі музея не абмежаваліся работай з дакументамі. Яны аднавілі гісторыі барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў асобных партызан і падпольшчыкаў. Напрыклад, камсамольцаў Анатоля Кавяза і Васіля Козела — удзельнікаў партызанскай брыгады імя Будзённага. Распавялі пра подзвіг маладых землякоў, іх гібель, месца пахавання. Знайшлі прыжыццёвы фотаздымак Васіля — прыгожага яснавокага хлопца, у якога наперадзе было ўсё жыццё, але герой не пашкадаваў яго дзеля мірнай будучыні.
Хроніка вызвалення датуецца кожным днём. У ёй размяшчаюцца зводкі Саўінфармбюро, фотаздымкі, узнагародныя лісты. Кожнае паведамленне заканчваецца фразай: “Набліжаўся дзень вызвалення ад гітлераўскіх захопнікаў”.
— Для нас было важна паказаць землякам, і асабліва падрастаючаму пакаленню, сапраўдную гісторыю супрацьстаяння, крокі да перамогі, прагу жыцця, — падводзячы вынік размове, падкрэсліла Таццяна Мацкевіч.
Гэтая гісторыя — у дакументах, фотаздымках, дзённіках, яна ва ўспамінах тых, хто заспеў акупацыйны рэжым і мог расказаць пра яго сваім нашчадкам, яна — у помніках і абелісках, якіх на тэрыторыі не толькі Смаргоншчыны, але і ўсёй Беларусі вельмі і вельмі шмат, яна — у памяці пакаленняў.
Ірына СТАНКЕВІЧ
Фота з архіва музея