Месца сілы для патрыёта

Самы велічны помнік ратнаму подзвігу народа-вызваліцеля ў Беларусі — Курган Славы. Сімвалічна, што ў яго закладцы 30 верасня 1966 года ўдзельнічалі прадстаўнікі гарадоўгерояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, Брэсцкай крэпасці-героя, воінскіх часцей, працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. З моманту стварэння гэты мемарыял — месца сілы для кожнага патрыёта.

Манументальнае збудаванне ў азнаменаванне пераможнага завяршэння аперацыі “Баграціён”, якая прывяла да поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944-м, уключана ў пералік матэрыяльных аб’ектаў, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У красавіку 2006 года Курган Славы стаў філіялам Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Аб маштабе дзейнасці па падтрыманні грандыёзнага збудавання ва ўзорным парадку, ролі мемарыяла ў патрыятычным выхаванні і зберажэнні гістарычнай памяці — у гутарцы з дырэктарам установы Дзмітрыем Вільтоўскім. 

— Дзмітрый Сяргеевіч, такое велізарнае збудаванне пад адкрытым небам патрабуе вялікіх намаганняў і выдаткаў для падтрымання ў на- лежным стане і добраўпарадкавання… 

— Пасля адкрыцця Курган Славы праслужыў больш за 30 гадоў, не прыцягваючы вялікіх выдаткаў. Але час няўмольны. Таму ў 2003-м Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву Федэрацыі праф- саюзаў Беларусі па шэфстве над мемарыялам. Была праведзена першая рэканструкцыя ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Дзміт­рый Ві­ль­тоў­скі

У наступныя гады на мемарыяльным комплексе рэгулярна праводзіліся капітальныя і бягучыя рамонты для падтрымання яго ў належным стане. Буйная рэканструкцыя адбылася дзякуючы ФПБ у 2015-м. У сціслыя тэрміны былі адноўлены манументальная мазаіка , страчаныя фрагменты, праведзены рамонт канструктыўных элементаў, уключаючы ўсе прыступкі. Тады ж цалкам замянілі травяное пакрыццё пагорка і ўстанавілі новае дэкаратыўнае падсвятленне. У 2016-м для забеспячэння бесперабойнага асвятлення на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу была ўсталяваная сонечная фотаэлектрычная станцыя. 

У 2023-м па ініцыятыве кіраўніцтва Мінскай вобласці пачаліся капітальны рамонт і самая маштабная рэканструкцыя Кургана Славы з прылеглай тэрыторыяй. Расказваць пра ўсё, што зроблена, — не хопіць газеты. Нешта з нашых навінак можна ўбачыць пры наведванні. Напрыклад, мультымедыйныя экраны і новыя фантаны, сінхранізаваныя са святломузычным суправаджэннем. А нешта схавана ад вачэй турыстаў, як падземныя рэзервуары захоўвання вады для сістэмы паліву. Яны неабходныя, каб травяное пакрыццё Кургана Славы не выгарала і заставалася зялёным. 

Усе работы па бягучым рамонце і абслугоўванні выконваюцца супрацоўнікамі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Мы штодня займаемся падтрыманнем парадку і добраўпарадкаваннем. У залежнасці ад пары года косім траву, паліваем насаджэнні, расчышчаем тэрыторыю ад снегу, прыбіраем. 

— Курган Славы за апошнія 20 гадоў з манументальнага мемары- яла ператварыўся ў паўнавартасны музейны комплекс. З чаго складаецца экспазіцыя, што асаблівае можна ў ёй убачыць, па якіх напрамках ідзе навукова-даследчая праца? 

— У 2003 годзе ля падножжа Кургана Славы быў створаны музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Яго гонарам з’яўляюцца танкі ІС-2 і ІС-3, самаходная артылерыйская ўстаноўка ІСУ-152, пасляваенны танк Т-10 (ІС-8), а таксама артылерыйскія гарматы розных гадоў выпуску, уключаючы супрацьтанкавыя ЗІС-2 і ЗІС-3, дывізіённую Д-44, танк Т-34, самалёт Іл-2, устаноўку БМ-13 (“Кацюша”). 

Летась да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музей папоўніўся паравозам Эм №728-58, 122-міліметровай гаўбіцай Д-30, 250-кілаграмовай авіяцыйнай бомбай і 120-міліметровым мінамётам. 

Сёлета да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў экспазіцыю ваеннай тэхнікі ўвайшлі дзесяць экспанатаў, прадастаўленыя Міністэрствам абароны Беларусі. Гэта сярэднія танкі Т-55 і Т-62, плаваючы танк ПТ-76, браніраваная разведвальна-дазорная машына БРМД-2, бронетранспарцёр БТР-60ПБ, гусенічны цягач АТС-59Г, гаўбіцы М-30 і Д-1, зенітная гармата АЗГ-39 і палявая гармата БС-3. 

Усяго па стане на 1 студзеня гэтага года ў электроннай базе “АМС-5.1” налічвалася 2110 адзінак асноўнага фонду і 379 адзінак навукова-дапаможнага. Новыя паступленні прай- шлі аблічбоўку з наступным унясеннем у электронную базу. 

У нас створана музейная экспазіцыя пад адкрытым небам у выглядзе мультымедыйных экранаў, прысвечаная падзеям, што праходзілі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пяць інфармацыйных панэляў з маніторамі высокага разрознення раскрываюць тэму вызвалення Беларусі ад захопнікаў у 1943—1944 гадах, вызвалення Мінска, гераізму ўдзельнікаў аперацыі “Баграціён”, стварэння і сучаснай гісторыі Кургана Славы. Новая музейная экспазіцыя падахвочвае наведвальніка задумацца пра свае карані і пра лёс сваіх продкаў у кантэксце гістарычнага лёсу Радзімы. У новым выставачным павільёне дэманструюцца 94 адзінкі ўнікальнай стралковай зброі ў рамках сумеснага праекта з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь. Там можна ўбачыць рускую трохлінейную вінтоўку Мосіна ўзору 1891 года. Вінтоўку ўзору 1944-га, адрозную наяўнасцю няздымнага ігольчастага штыка. Магазінную вінтоўку Mauser 98K — найбольш масавую стралковую зброю вермахта. Першы савецкі аўтамат — пісталет-кулямёт Шпагіна (ППШ) і першы савецкі самазарадны пісталет Тульскі Токараў (ТТ) распрацоўкі 1930-га. 

— З якімі органамі дзяржкіравання і грамадскімі арганізацыямі вы найбольш плённа ўзаемадзейнічаеце ў пытаннях арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці? 

— Курган Славы традыцыйна з’яўляецца месцам правядзення ўрачыстых цырымоній на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Па традыцыі мемарыял стаў галоўнай пляцоўкай для правядзення штогадовага рэспубліканскага мерапрыемства, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

Летась 3 ліпеня на Кургане Славы прайшло рэспубліканскае мерапрыемства да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў. А сёлета 9 мая ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі адбыўся вячэрні паказ дакументальнай хронікі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Мы светлай памяццю адзіныя” і святочны салют, якія назіралі каля 30 тысяч чалавек. 

Арганізацыя работы на мемарыяле праходзіць у цесным узаемадзеянні з Галоўным упраўленнем культуры Мінаблвыканкама. Штогод ля Кургана Славы праводзяцца дзясяткі міжнародных, нацыянальных, рэгіянальных патрыятычных акцый і ўрачыстастасцей. Толькі ў 2024-м мемарыял наведалі больш за 58 тысяч чалавек з Беларусі і больш як з 50 краін блізкага і далёкага замежжа. Праведзена звыш 30 акцый і мерапрыемстваў. 

Курган Славы з’яўляецца адным з найважнейшых суб’ектаў патрыятычнага выхавання. Нас традыцыйна наведваюць удзельнікі сумесных аператыўных вучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Частыя госці — вайскоўцы тэрміновай службы, курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС, слухачы Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, курсанты сувораўскага і кадэцкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі. 

Урачыстае закрыццё ваенна-палявога збору ваенна-патрыятычных клубаў унутраных войск і органаў унутраных спраў штогод праводзіцца ля падножжа Кургана Славы. Таксама тут праходзяць цырымоніі прыёму ў піянеры і члены БРСМ навучэнцаў устаноў адукацыі Беларусі. 

Ля Кургана Славы — сімвала стойкасці і мужнасці — праходзяць урачыстасці з нагоды ўзнагароджання супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, уручэння чарговых спецыяльных званняў і прынясення прысягі, рытуалы ўручэння табельнай зброі і пагонаў маладым супрацоўнікам, ушанаванне ваеннаслужачых, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны службы. 

З моманту адкрыцця Кургана Славы прайшло практычна 56 гадоў. І ён па-ранейшаму прыцягвае наведвальнікаў розных сацыяльных і ўзроставых катэгорый. 

— На заканчэнне размовы прынята цікавіцца планамі на будучыню… 

— З 2001 года Курган Славы мае статус матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. З прычыны важнасці гэтага гістарычнага аб’екта для беларускага народа, а таксама яго значнай ролі ў патрыятычным і ідэалагічным выхаванні насельніцтва, нашай установай падрыхтаваныя і накіраваныя дакументы на павышэнне катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці — прысваенне 2-й катэгорыі. 

З найбліжэйшых задач — устаноўка новых вялікіх экспанатаў у музеі пад адкрытым небам. Да існых 24-х у другой палове гэтага года дададуцца яшчэ восем сучасных узораў баявой тэхнікі. Гэта, у прыватнасці, сярэдні танк Т-64, танк Т-72А, баявая машыны пяхоты БМП-1, БМП-2, баявая выведачная машына БРМ-1К, бронетранспарцёр БТР-Д, шматмэтавы транспарцёр-цягач МТ-ЛБу. 

Праца працягваецца — памяць жыве.

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА