Клеччына не самы папулярны турыстычны напрамак. Але мы знайшлі, чым здзівіць нашых чытачоў, і пралажылі новы маршрут. Сёння працягнем падарожжа па мясцінах, звязаных з імёнамі дзеячаў беларускай культуры ХІХ стагоддзя. Сярод іх — Артур Бартэльс, Фларыян Міладоўскі, Юзаф Казлоўскі, Фадзей Булгарын і Адам Міцкевіч.
Працяг. Пачатак у №25, 2025
Развітаўшыся з Цапрай, рушым на вёску Чырвоная Зорка. Гэтая палымяная назва з’явілася не так даўно — у 1939 годзе, адсунуўшы на ўзбочыну гісторыі старую, вядомую далёка па-за межамі нашай краіны.
Менавіта так называлася рэзідэнцыя Радзівілаў, цэнтр Клецкай ардынацыі. Маёнтак, які стаў радзівілаўскім у 1586-м, заставаўся ў іх руках працяглы час. У 1780-х італьянскі архітэктар Карла Спампані ўзводзіць тут палац у стылі класіцызму. Але ў ХІХ стагоддзі праз шлюб са Стэфаніяй Радзівіл маёнтак пераходзіць да Лявона Вітгенштэйна.
Закладны камень
Гэты палац — адзін з варыянтаў месца з’яўлення на свет паэта, мастака, барда Артура Бартэльса, пазашлюбнага сына князя Людвіка Радзівіла. Праўда, сам Бартэльс звязваў сваё нараджэнне з недалёкімі Дзяніскавічамі. Нават прысвяціў ім паэму (нядаўна выйшаў яе пераклад на беларускую мову). У кожным разе Бартэльс убачыў свет у Мінскай губерні, як сцвярджалася ў першай прыжыццёвай біяграфіі Артура, напісанай графам Тышкевічам, а не ў Вільні, як лічаць сёння ў Літве.
Сёння на падыходзе да маёнтка вандроўніка сустракаюць перасохлыя каналы некалі разгалінаванай воднай сістэмы. Прычым так зарослыя кустоўем і дрэвамі, што месцамі да вады не падступіцца. Але бачна, што нехта з мясцовых жыхароў сям там заняўся ўпарадкаваннем берага. Каб дабрацца да палаца, трэба ў вёсцы збочыць на вуліцу Паркавую і прайсці да самага яе канца.
Палац — сказана гучна. Сёння ад колішняга вялізнага аднапавярховага драўлянага будынка засталіся парэшткі, якія сарамліва хаваюцца ў густым хмызняку. Адзіная падказка турысту, што ён трапіў туды, куды марыў, — высокія калоны параднага ганка. Маўклівымі вартавымі з вышыні яны пазіраюць на прыхадняў. Тэрыторыя вакол руінаў абнесена новым свежапафарбаваным плотам, таму да парэшткаў не падступіцца. Але можна абысці вакол, каб убачыць часткі драўляных канструкцый і кавалкі ўнутраных сцен, складзеных з буйнапамернай неабпаленай цэглы, у якой, дарэчы, багата саломы.
Месцяцца блізу агароджы два інфармацыйныя стэнды. Адзін — вялікі, ілюстраваны, з гісторыяй Радзівілімонтаў. Другі — невялічкі, з шыльдай, што маем справу з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Рэшткі палаца Радзівілаў у Радзівілімонтах
Ад маёнтка засталося некалькі гаспадарчых будынкаў, якія выкарыстоўваў калгас, а таксама парк са старымі дрэвамі. Прыемна, што сцежкі ў ім даглядаюцца. Ёсць тут і закладны камень. Ён сведчыць, што прысады закладзены ў 1875-м Марыяй з Касталянаў, жонкай Антона Радзівіла. Яшчэ адной цікавосткай былых Радзівілімонтаў — ці, хутчэй, спадчыннай вёскі Чырвоная Зорка — з’яўляецца вялікі мураваны будынак Дома культуры, на жаль, ужо закінуты. У ім увагу прыцягваюць малюнкі савецкіх часоў, на якіх выяўлены хлопцы і дзяўчаты ў беларускіх строях. Захаваць бы…
З вёскі выходзім праз парк і падзарослыя прысады, якія ідуць у Янавічы.
Мясцовасць тут хвалістая, таму наступны пункт маршрута бачны здаля. Сядзібны будынак патанае ў зеляніне, але яго новы чырвоны дах з металадахоўкі не заўважыць немагчыма. Яшчэ некалькі гадоў таму тут жылі старыя людзі. Сёння ж Янавічы сустракаюць наведвальнікаў цішынёй, якая перарываецца спевамі салаўя. Некалі на тэрыторыі маёнтка было багата рознай забудовы — напрыклад, прыгожая капліца XVIII стагоддзя. Але час бярэ сваё: заваліўся нават стары драўляны прыдарожны крыж. Гісторыя ж маёнтка нечым нагадвае падзеі ў Радзівілімонтах. Памяняўшы некалькі гаспадароў — Бразоўскіх, Вайцахоўскіх, Піляўскіх і Яленскіх, — у 1939-м ён быў нацыяналізаваны, выкарыстоўваўся калгасам. Пасля заняпаў. Але ахоўная шыльда, што замацавана на муры, усяляе надзею: сядзіба не спарахнее да моманту, калі ў яе ў чарговы раз вернецца жыццё.
Сядзібны дом у Янавічах
Працягваем рушыць на поўдзень. Зусім недалёка, першы з’езд налева, незаўважная з дарогі, прыхавалася сапраўдная перліна Клецкага раёна. Ведаючы гэту сядзібу з фота ў сеціве, я быў падрыхтаваны да сустрэчы з цудам. Але тое, што ўбачыў, і побач не стаяла з чаканнямі. Сціплая, мураваная сядзібка, пабеленая, з прыгожым ганкам з калонамі, пад надзейным шыферным дахам. Вакол — старыя клёны. А муры аплеценыя вінаграднымі лозамі. Насупраць ганка — сімвалічная ўязная брамка. Непадалёку драўляны гаспадарчы будынак. Хоць і стары, але ў добрым стане.
На жаль, не знайшлі гаспадара, каб паразмаўляць пра мінуўшчыну і будучыню Сакаляцічаў. Але мо і да лепшага. Пабываць у такім месцы, калі сонца ціха сыходзіць за далягляд, варта. А як там прыгожа на золку, калі першыя промні нябеснага свяціла, прабіваючыся праз лісце клёну, асвятляюць сядзібны фасад, — можна толькі ўяўляць.
Сядзібка ў Сакаляцічах
Будынак быў узведзены Яленскімі ў 1909 годзе. Дарэчы, не так ужо далёка іх галоўная рэзідэнцыя ў Тучы. Двухпавярховы палац нядаўна набыў прыватнік, і там ідзе нейкі рух.
Падаецца, такія цудам ацалелыя астраўкі нашай культурнай спадчыны мусяць быць пад самым пільным даглядам, і найлепшае ім прызначэнне — музейчыкі, спалучаныя з культурнымі цэнтрамі. Балазе само месца падказвае крокі — мастацкія пленэры, літаратурныя і музычныя фэсты, цэнтры рэгіянальнага турызму.
З Сакаляцічаў наш шлях — на поўнач. На ўездзе ў Клецк ёсць невялічкі сучасны курганчык з памятным каменем. Месца гэта знакамітае вялікай і пераможнай для нашых продкаў бітвай: 5 жніўня 1506 года тут адбыўся бой паміж вялікалітоўскімі войскамі пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага (7 000 чалавек) з крымскімі татарамі (каля 20 000). Тыя разрабавалі беларускія землі, узялі вялікі палон (40 тыс). Але вярнуцца ў Крым не паспелі.
Сам горад вельмі багаты на цікавосткі, але адзначым асобныя, звязаныя з тэмай вандроўкі. У цэнтры можна пабачыць тое, што засталося ад фарнага касцёла Святой Троіцы, у якім некалі хрысціліся, вянчаліся і адпяваліся продкі кампазітара Фларыяна Міладоўскага, пісьмненніка Фадзея Булгарына і, магчыма, Юзафа Казлоўскага.
Месца спачыну Міладоўскіх. Клецк
Некалі касцёл быў ператвораны ў кальвінскі збор, у якім пастарстваваў знакаміты асветнік Сымон Будны. Пазней храм ізноў стаў каталіцкім. У 1950-х яго пачалі руйнаваць “ручным чынам”, а завяршылі ўсё з дапамогай выбухоўкі.
Ёсць у Клецку і былы дамініканскі Дабравешчанскі касцёл (1684). Сёння ён з’яўляецца праваслаўнай царквой Уваскрэсення Хрыстова. З цэнтра выпраўляемся на могілкі, якія падзелены на дзве часткі — праваслаўныя і каталіцкія. Калі не спяшацца, то на апошніх, старэйшых, можна знайсці месца спачыну сваякоў Фларыяна Міладоўскага і паэта Уладзіслава Сыракомлі (Кандратовіча). Там-сям навёўшы парадак, рушым далей.
З Клецка гасцінцам рушым на Шчэпічы. Ісці недалёка. У вёсцы ёсць закінуты будынак старой драўлянай школы. Праз станцыю рушым на Навадворкі, да якіх каля кіламетра. Месца, дзе стаяў фальварак, бачна здаля. Ізноў пагорак, на якім прытулілася калгасная ферма. Даволі часта фермы на пагорках з’яўляюцца маркерам месца, дзе да нацыяналізацыі было котлішча якога-небудзь шляхецкага роду. Унізе пару стаўкоў, адзін з якіх даўно перасох. Месца вельмі прыгожае, асабліва калі заходзіць сонца. Краявід тут, калі не заўважаць калгасныя будынкі, пэўна, такі, як сотні гадоў таму. На месцы фальварка ўдалося знайсці пару аскепкаў старой керамікі, як узнагароду за трываласць у пошуку.
Ставок у Навадворках
У жыццяпісе кампазітара Фларыяна Міладоўскага раз-пораз узнікае назва “Навадворкі”. Лічыцца, што пасля страты гэтага маёнтка бацька кампазітара Фабіян вымушаны быў перабрацца ў Мінск. Думаецца, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Навадворкамі валодала іншая галіна роду. Але тое, што і творца, і яго бацька маглі тут пабываць, не выключана. Міладоўскія тут жылі ў XVIII і ў пачатку XIX стагоддзяў.
Зусім побач, ізноў на поўнач, некалі была сядзіба Мінькавічы. Сёння — пустка. У 1740—1760-х жыла там сям’я шляхцічаў Антона і Тарэзы з Гутаровічаў-Казлоўскіх. Верагодна, хоць прамых доказаў пакуль няма, што гэта бацькі слыннага кампазітара Юзафа Казлоўскага (1759—1831).
На такую думку наводзіць цікавая акалічнасць. Крыху далей на захад, у Грыцкавічах, у тыя самыя часы жылі бацькі вядомага пісьменніка, журналіста, пачынальніка рускага авантурнага рамана Фадзея Булгарына (1789—1859). Пазней сям’я Булгарыных перабралася пад Узду.
Менавіта тады яны трапілі ў нейкую непрыемную сітуацыю. І каб яе вырашыць, пакінуўшы мужа бараніць маёнтак, маці Фадзея, разам з ім і дачкой, адправілася ў Пецярбург шукаць заступніцтва ў імператара. Булгарыны спыніліся ў доме Казлоўскага, “старога сябра бацькі”. Іх сяброўства было такое шчырае і моцнае, што Казлоўскі, як асоба набліжаная да імператара, узяўся звярнуцца да яго са справай Булгарыных.
Тут цікава і тое, што бацька пісьменніка быў равеснікам Казлоўскага. Ці не пазнаёміліся яны там, на Клеччыне? Дарэчы, усе яны — Казлоўскія, Булгарыны, Міладоўскія, Бохвіцы — былі парафіянамі клецкага касцёла.
Калі з Мінькавічаў узняцца яшчэ паўночней, то напаткаеш вёску Даматканавічы. У ёй захаваўся мураваны будыначак сядзібы (былы гаспадарскі двор Студзянец). Некалі быў у вёсцы вятрак пабудовы 1880-х. Але даўно пераехаў ён у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Дзякуючы чаму і ацалеў.
Што ж тычыцца вёскі Арда, то маю на яе конт гіпотэзу. У пачатку XVIII стагоддзя нейкім фальваркам Арда валодаў Юры Маеўскі. Быў ён братам Міхала, прадзеда паэта Адама Міцкевіча з боку маці. Калі высветліцца, што гэта акурат той фальварак, то будзем мець яшчэ адзін пункт маршруту “Шлях Міцкевіча”.
Каб вярнуцца ў Мінск, рушым на станцыю Шчэпічы, адтуль — на дызелі да Баранавічаў або Слуцка. А далей па абставінах…
Наперадзе новыя мясціны і новыя расповеды. Заставайцеся з намі, чытайце “Культуру”!
Газета "Культура" №26 ад 27 чэрвеня 2025 г.
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Фота аўтара