Сцэна даўжынёй у век

З радкоў старых дзённікаў, шамацення архіўных аркушаў і святла рампы нараджаецца спектакль — жывы водгук часу і чалавечых лёсаў. Полацкі тэатр “Пілігрым” ужо цэлае стагоддзе працягвае здзіўляць, хваляваць і кранаць сэрцы гледачоў. Нядаўняя прэм’ера — “Тэатр, народжаны ў СССР” — стала чарговым доказам: на гэтай сцэне жыве не толькі мастацтва, але і памяць пакаленняў.

Гісторыя “Пілігрыма” пачалася ў 1921-м. Менавіта тады Полацкі павятовы камітэт працы выдаў загад пра ўлік культурных устаноў, і ў горадзе з’явілася першая пастаянная руская драматычная трупа. За час існавання тэатр неаднойчы змяняў назвы, але ніколі не спыняў дзейнасці. У 1920-я быў вядомы як “Сіняя блуза” з тэатралізаванымі “жывымі газетамі” на злобу дня, у 1930-я — ТРАМ, Тэатр рабочай моладзі, дзе ставілі актуальныя п’есы пра новае сацыялістычнае жыццё. У 1936-м Полацкі калгасна-саўгасны тэатр — ужо прафесійны, з вялікім калектывам. 

Падчас вайны многія акцёры загінулі. Частка трупы была эвакуявана. Але адразу па вызваленні Беларусі тэатральнае жыццё пачало адраджацца. 

У 1954-м творчая суполка атрымала новае памяшканне — гарадскі Дом культуры. Праз пяць гадоў пад кіраўніцтвам Аляксандра Галеркіна тэатру было нададзена званне “народны”, што стала знакавай падзеяй для ўсяго Полацка. 

З таго часу “Пілігрым” упэўнена заявіў пра сябе на рэспубліканскім і ўсесаюзным узроўнях як месца творчасці, сілы і натхнення. Пра высокі ўзровень калектыву сведчаць шматлікія ўзнагароды: прыз глядацкіх сімпатый на Міжнародным фестывалі па творах Ф. Дастаеўскага (Старая Руса, 2010), гран-пры на Міжнародным фестывалі “Тэатральны куфар” у Мінску (2005, 2024), гран-пры на рэспубліканскім фестывалі “Тэатральныя скрыжаванні” (Слуцк, 2023), а таксама неаднаразовыя перамогі на абласных фестывалях “Тэатральная вясна”. 

ЧАС БЫЦЬ “ПІЛІГРЫМАМ” 

Цяперашняя кіраўніца Вера Кісялёва далучылася да калектыву ў 2002-м, маючы акцёрскі досвед. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, затым удасканальвала майстэрства ў Смаленскім тэатры, а потым зразумела, што яе сапраўднае прызванне — рэжысура, і ў 2013-м атрымала дыплом рэжысёра Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Кіраваць калектывам Вера Мікалаеўна пачала з яснай творчай пазіцыяй. 

— Стараюся пазбягаць слова “аматарскі” ў яго звыклым разуменні, — тлумачыць рэжысёр. — Сённяшняя публіка патрабуе праўдзівасці і глыбіні, імгненна адчувае фальш. Таму наша задача — працаваць на самым высокім узроўні як у зместавым, так і ў мастацкім плане. 

Гэтую ідэю штодня ўвасабляе “Пілігрым”. Тут гарманічна суіснуюць юнацтва і сталасць, пошук новага і захаванне традыцый. На сцэне — маладыя таленавітыя артысты і тыя, хто на працягу многіх гадоў з’яўляецца душой тэатра: Любоў Усава, Юлія Шынкевіч, Дзмітрый Майсіёнак. Для іх “Пілігрым” не проста месца творчасці, а сапраўдная другая сям’я. 

— У нас усё трымаецца на камандзе, — падкрэслівае кіраўніца. — Мая найбліжэйшая аднадумца — рэжысёр Анастасія Іваненка, якая тонка адчувае сцэнічную прастору. Сцэнаграфію ўвасабляе Канстанцін Карасёў, акцёр галоўных роляў у нашых гістарычных пастаноўках. А Людміла Бартасевіч — хранікёр “Пілігрыма”, захавальніца яго памяці і духу.

Асобны кірунак дзейнасці — дзіцячая студыя “Пілігрымчык”, якую апякае Алена Калач. Тут з першых няўпэўненых крокаў і рэплік нараджаецца будучыня. Вочы дзяцей ужо гараць сцэнай, сэрцы б’юцца ў рытме тэатра. Яны — працяг, які сведчыць: “Пілігрым” жыве. “Быць «пілігрымам» — значыць пастаянна ісці. Наперад. Углыб. Да гледача”, — адзначае Вера Мікалаеўна. 

ЖЫВЫ ЛЕТАПІС ПОЛАЦКА 

Полацк для “Пілігрыма” не проста гістарычны фон, а жывая крыніца вобразаў, сэнсаў і натхнення. Для Веры Кісялёвай яе горад — духоўная прастора, дзе пераплятаюцца час і памяць. 

— Я нарадзілася тут, — кажа рэжысёр. — І гэтая зямля дыхае гісторыяй: ад Рагнеды да Еўфрасінні, ад камянёў, што помняць тысячагоддзі. 

Невыпадкова асаблівае месца ў творчасці калектыву займае спектакль “Рагнеда” — эмацыйны і гістарычны маніфест, паказаны 24 разы, у тым ліку на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа. 

Тэму працягваюць “Легенда пра Усяслава Полацкага” і “Пад крыламі роду” — пра Прадславу, будучую Еўфрасінню. Гэта не проста пастаноўка, а дыялог з часам, спроба адчуць лёс продкаў як свой. 

СТВАРЭННЕ СПЕКТАКЛЯ 

Кожны сцэнічны твор — гэта шлях. Жывы, непрадказальны, непаўторны. Па меркаванні Веры Кісялёвай, такім стаў і спектакль “Тэатр, народжаны ў СССР”, прэм’ера якога адбылася 28 мая. Ідэя выношвалася доўга, а праца над пастаноўкай ішла з пільнай увагай да кожнай дэталі. 

Усё пачалося з карпатлівага даследавання: архівы, газеты, дзённікі, старыя фотаздымкі. Часам адзінае прозвішча, выпадкова згаданае ў дакуменце, адкрывала цэлы ланцуг падзей. Гісторыя складалася, нібы мазаіка, з успамінаў і пажаўцелых старонак. 

Сапраўдным адкрыццём стаў дзённік Баніфацыя Яронькі — даваеннага артыста і памочніка рэжысёра. Яго шчырыя чалавечыя запісы сталі асновай сцэнічнага тэксту — сэрцам спектакля. 

Пастаноўка асабліва ўразіла моладзь. Праўдзівыя гісторыі акцёраў 1920—1940-х прымушаюць слухаць, перажываць, адчуваць сваю сувязь з мінулым. Вера Мікалаеўна перакананая: тэатр павінен закранаць душу. У “Пілігрыме” сёння шмат маладых. І менавіта ім перадаецца эстафета памяці, адказнасць за дух сцэны, за працяг традыцыі. 

Прэм’еру наведала кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Пачабут. 

— Пра “Пілігрым” ведаюць не толькі ў Полацку, — адзначыла Таццяна Сяргееўна. — Гэты тэатр шчыра любяць гледачы. І не толькі за цікавыя пастаноўкі, але і за вялікую працу, якую калектыў робіць штодня. Полацк — сапраўдная жамчужына беларускай культуры, і тэатр з’яўляецца неад’емнай часткай гэтай духоўнай скарбонкі. 

Гісторыя полацкага тэатра — жывы подых беларускай культуры. З кожнай новай пастаноўкай гэты летапіс нанова пераплятаецца з лёсам тых, хто выходзіць на сцэну, і тых, хто сядзіць у зале. Тэатр становіцца пульсам горада — тым месцам, дзе мінулае сустракаецца з будучыняй, дзе мастацтва нараджаецца зноў і зноў. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву