Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр прадставіў “Крохкасць” — харэаграфічны спектакль Аляксандры Буяльскай. Пастаноўка праходзіць на малой зале тэатра, выканаўцы галоўных роляў — артысты балета. Тэатр таксама пазначае іх як пастаноўшчыкаў, бо тэма і ідэя гэтага сцэнічнага твора патрабуюць унутранага далучэння да дзеяння, а таксама ўласных пачуццяў і поглядаў, каб стварыць сапраўдную гісторыю пра жыццё, яго зыбкасць і ўразлівасць.
Спектакль пачынаецца сцэнай, зразумелай кожнаму: маладыя людзі граюць у гульні на дзіцячай пляцоўцы. Вось яны яшчэ актыўныя дзеці, у іх шмат запалу і жадання жыць. Здаецца, яснасць сюжэта дазваляе назваць спектакль не столькі харэаграфічным, колькі пластычным: мы бачым не проста метафарычныя танцы, а выразную гісторыю, расказаную мовай цела.
Пераход у падлеткавы ўзрост адбываецца тады, калі дзіцячая адкрытасць ператвараецца ў магчымасць выражаць свае пачуцці. Маладыя акцёры Лізавета Есіпава і Мікіта Скурат ствараюць каханне дзяўчыны і хлопца, якія проста жывуць думкамі адно пра аднаго. Іншая група выканаўцаў — Кацярына Герасіменка, Ганна Мядзведзева, Ганна Лапо, Канстанцін Мацукевіч — своеасаблівыя спакуснікі. Яны завабліваюць прыземленасцю і схільнасцю да юнацкага адмаўлення пачуццяў і кахання. Увесь час гэтыя маладыя людзі бавяць у клубах і нічога ім не трэба, апроч тусовак і здзекаў з далікатных і чуллівых людзей. “Спакуснікі ў неонавых касцюмах” спрабуюць забраць да сябе гераіню Лізаветы Есіпавай, але яна абірае каханне. Аднак у адзін момант, калі пара візуалізуе свае рамантычныя адносіны праз танец, адбываецца важная сцэна: герой Мікіты Скурата б’е пятой дзяўчыны ў свае грудзі. Такім чынам, мы бачым, як чалавек пачынае жыць аднымі толькі думкамі пра каханне. Мужчына ужо залежыць ад яго. Гераіня адчувае гэта і, спрабуючы аддаліцца , ідзе да тых самых спакуснікаў.
Адразу здаецца, што спектакль расказвае пра канкрэтных дваіх людзей і пра тое, як цяжка захаваць сябе ў грамадстве. Аднак далей робіцца зразумела: у пастаноўцы няма дрэнных і добрых. Тут паказана “крохкасць усяго” — кахання, падлеткавай злосці, маладосці і сталасці. Не проста так гераіня Лізаветы Есіпавай у адзін момант разумее, што яе хлопец — па-сапраўднаму яе чалавек. Яна паспрабавала ўцячы ў свет юнацкіх адмаўленняў і тусовак, але гэта не яна. У яе іншая прырода. І калі дзяўчына вяртаецца да героя, у якасці замірэння дае яму яблык. Хлопец жуе яго абыякава, чым паказвае: эмацыйная сувязь забітая, яе больш не існуе.
Цяпер застаўся толькі ўзлаваны чалавек, які не можа даверыцца сваім пачуццям. Ён іх трымае ў сабе, начыняе агрэсіяй і злосцю ў бок свайго наступнага “кахання”, ролю якога выконвае адна з прадстаўніц тых самых “спакуснікаў у неонавых касцюмах”.
Па ходзе дзеяння з’яўляецца шмат метафарычных і абстрактных пластычных нумароў, якія нібы кажуць: “Час пэўнасці, падлеткавага максімалізму прайшоў, бо яны таксама крохкія”. Свет дарослых людзей не мае чорнага і белага колераў. З кожным годам становіцца больш розных адценнях шэрага. Аднак і “сусвет сталасці” даволі зыбкі, бо ён плаўна падводзіць да старасці. Гэта такі ж далікатны час, калі чалавеку патрэбныя дапамога, падтрымка, цеплыня. І калі гераіня Кацярыны Герасіменка пераўвасабляецца ў нямоглую жанчыну, кранальнымі аказваюцца сцэны клопату пра яе іншымі персанажамі. Некалі яны былі легкадумнымі тусоўшчыкамі, ад якіх трэба было бегчы, а цяпер перад намі паўнавартасныя асобы. Цяпер іх быццё складаецца з думак пра крохкасць блізкіх людзей і любоў да іх.
Пластычныя нумары становяцца больш лёгкімі, пяшчотнымі. Артысты ўсё часцей працуюць з прасторай, пішуць важныя думкі на чорнай сцяне, працуюць з рэквізітам — вялікім крэслам, вяроўкай і фігурамі, з якіх далей складаецца чалавечае цела. У фінале ж усё вяртаецца ў пункт адліку: героі — малыя, што бавяць час на дзіцячай пляцоўцы. Такім чынам, жыццё цыклічнае, але пры гэтым хісткае. Свет усё роўна вернецца ў сваю зыходную пазіцыю, аднак важна, каб ён дайшоў да яе, усведамляючы ўласную крохкасць. Толькі тады ёсць магчымасць пражыць так, каб у фінале не пашкадаваць пра тое, што ты быў.
Здаецца, новы харэаграфічны спектакль стане сапраўдным хітом. Пастаноўка будзе зразумелай для кожнага. У той жа час у сваёй яснасці і простасці яна не здаецца маніпулятыўнай або пазбаўленай мастацкасці.
Аднак гэта не адзіная летняя прэм’ера тэатра: 9 ліпеня адбыўся першы паказ спектакля “Старэйшы сын”. Рэжысёр Таццяна Аксёнкіна звярнулася да п’есы Аляксандра Вампілава.
Яўгенія БАЧЫЛА
Фота Аляксандра БЫДРЫЦКАГА