Кветкавы рай

Апублiкавана: 11 лiпеня 2025 Нам пішуць Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Работнікі Дома культуры аграгарадка Кракоўка ладзяць свята “Кветкавая феерыя” з 2017 года. Яно палюбілася мясцовымі жыхарамі, якія з задавальненнем прыходзяць, каб далучыцца да яркай кветкавай дзеі і адпачыць пад цудоўную музыку ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Ашмяншчыны.

Карысталіся папулярнасцю ў жыхароў Кракоўкі і гасцей кветкавыя кампазіцыя, эстэтычныя фотазоны, створаныя адмыслова да свята. Гаспадыні тоўпіліся каля гандлёвай кропкі. Карысталіся попытам духмяныя петуніі, далікатныя бягоніі, вытанчаная фуксія, рамонкі і пеларгоніі… Імправізаваная сцэна, а таксама прылягаючая да ўстановы культуры тэрыторыя была аформлена кветкавымі кампазіцыямі. Нават уваход у кветкавае царства быў аформлены ў выглядзе аркі з кветак.

У гэты чароўны дзень напярэдадні Купалля ў Кракоўку завітала шмат гасцей. Работнікі культуры з Гальшан, Будзёнаўкі, Барун, Крэйванцаў, Навасёлак, Ашмян прыехалі, каб падарыць гасцям добры настрой і шчырыя ўсмешкі. Дружнымі апладысментамі сустракалі гледачы работнікаў Кракоўскага сельскага Дома культуры, а таксама вакальна-інструментальны ансамбль “Другая маладосць”, які з’яўляцца частым удзельнікам такіх свят. Рытмічныя мелодыі клікалі ў скокі. І людзі не ўтрымаліся на сваіх месцах. Пляцоўка ля Дома культуры ператварылася ў танцпол. У дзяцей карыстаўся папулярнасцю аквагрым. Можна было на свяце паласавацца і марожаным.

Кветкавай тэматыкай былі прасякнуты вясёлыя конкурсы, якія арганізавалі вядучыя Святлана Ганусевіч і Валянціна Горыд. Алена Альшук прапанавала майстар-клас па пляценні вянкоў. Усе яго ўдзельніцы атрымалі на памяць абярэг ад хвароб, зроблены з палявых кветак. Моладзь аправілася на пошукі папараць-кветкі. Дзяўчына, якой пашчасціла знайсці гэты цуд, атрымала ад арганізатараў мерапрыемства падарунак.

Свята скончылася дружным карагодам і праходам праз кветкавую арку, пасля чаго для моладзі была зладжана дыскатэка.