Цёплае лета – добрая нагода, каб збочыць з маршруту Мінск — Брэст па аўтатрасе М-1 і пазнаёміцца з адметнай спадчынай Палесся.
Каб паспець пабачыць максімум за кароткі час, скарыстаемся ўласным аўтатранспартам. Першы пункт нашай вандроўкі — Пінск, неафіцыйная сталіца палескага краю. Дабрацца туды можна двума рознымі напрамкамі. Звыклы, па трасе М-1 праз Івацэвічы і Целяханы, пасуе для неспрактыкаваных кіроўцаў. Ён лепей арганізаваны, болей бяспечны і лёгкі.
Ружанскі палац
Іншы — па M-10 і Р-23, праз Салігорск, Мікашэвічы і Лунінец. Траса хоць і добрая, але часам экстрэмальная. На кавалку ад Салігорска да Мікашэвічаў бываюць дарожна-транспартныя здарэнні. Затое дарога Р-23 аўтэнтычная і маляўнічая: напоўніцу перадае атмасферу Палесся. А яшчэ дае магчымасць завітаць ў Мікашэвіцкі гранітны кар’ер на экскурсію, якую трэба заказваць папярэдне, але яна таго вартая. Падрабязнасці — іншым разам, рушым далей.
Вадаспад у гранітным кар'еры, Мікашэвічы
Абодва шляхі прыблізна роўныя па працягласці, каля 300 кіламетраў, і часе падарожжа — прыблізна тры з паловай гадзіны.
У Пінску — прыпынак для шпацыру, распачнём яго з плошчы Леніна. Там якраз зручная аўтапаркоўка.
Кляштар езуітаў, Пінск, сучасны выгляд
Гэта плошча і ёсць гістарычны цэнтр горада. Некалі тут быў гарадскі рынак, побач узвышаўся кафедральны касцёл Святога Станіслава. Ён пабудаваны ў 1648 годзе і на той час з’яўляўся найбуйнейшым у Вялікім Княстве Літоўскім. Кафедра існавала пры Пінскім калегіуме езуітаў.
Манументальны будынак калегіума захаваўся. Цяпер тут Музей Беларускага Палесся. Яго мастацкая калекцыя лічыцца другой па значнасці ў краіне — пасля Нацыянальнага мастацкага музея. А сярод найбольш цікавых гістарычных экспанатаў раім звярнуць увагу на драўляны ровар, выраблены мясцовым майстрам да вайны. І на тураўскі саркафаг XII стагоддзя.
На вуліцы Леніна ў Пінску
Са сквера побач з музеем выходзіць пешаходная вуліца Леніна. Крочым па ёй адзін квартал да францысканскага манастыра. Яго перліна — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пабудаваны ў 1730-я, ён адзін з нешматлікіх у краіне, якія ніколі не зачыняліся, і адзін з чатырох каталіцкіх храмаў Беларусі, што носяць тытул “малая базіліка”. Касцёл упрыгожвае арыгінальная ікона “Пінская Мадонна” аўтарства Альфрэда Ромера. Тут можна пачуць унікальны, самы стары з існых арган. А ў крыпце ў 2011 годзе пахаваны адзіны беларускі кардынал Казімір Свёнтак. Вартая ўвагі і фрэска, на якой — нараджэнне Хрыста. Твор пачатку ХХ стагоддзя выяўляе не толькі вешчуноў, але і палешукоў у традыцыйных строях, якія таксама прыйшлі пакланіцца сыну Божаму.
Крочым далей: маляўнічая вуліца захавала старадаўнюю забудову. Тут шмат кавярань і рэстарацый — можна зрабіць перапынак і падсілкавацца, гэта зойме каля гадзіны. Хуткая альтэрнатыва — кулінарыя ў мясцовых супермаркетах.
Праз два кварталы спыняемся ля гарадскога загса. І павольна абыходзім вакол яго, дзівячыся на строгі класічны цагляны карунак. Гэта палац Мацея Бутрымовіча, дзеда мастака і кампазітара Напалеона Орды. Пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя.
Палац Бутрымовіча, Пінск
Ад яго праз квартал па Леніна збочваем налева і рушым па Савецкай да Свята-Варварынскага сабора. Пабудаваны ў 1786-м бернардзінскі касцёл з 1830-х дзейнічае як праваслаўны храм. У ім знаходзяцца адразу некалькі цікавых ікон XVIII стагоддзя.
Праз пару кварталаў ад царквы, па адрасе Кірава, 37, знойдзем канцэртную залу. Гэта барочны будынак былога касцёла Святога Карла Барамея. І наш апошні пункт вандроўкі па Пінску. Ад яго можна вярнуцца да пакінутага на паркоўцы аўто па маляўнічай набярэжнай ракі Піны (вуліца Дняпроўскай флатыліі). Але, не палохайцеся, на ёй сустракаюцца вужы самых розных памераў.
Менавіта такая назва спрадвеку была ў старадаўняга мястэчка, што сёлета з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. З Пінска сюды ехаць каля гадзіны, сорак з нечым кіламетраў.
Іванава — гарадок утульны, дагледжаны. З мясцовых славутасцей варта адзначыць Крыжаўзвіжанскі касцёл у рэдкім для нашай краіны стылі ампір, часткова захаваную гарадскую забудову ХІХ стагоддзя, дзейсны праваслаўны храм на галоўнай плошчы і помнік Напалеону Орду ля Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый. Дарэчы, сапраўднае месца пахавання гэтага знакамітага дзеяча мастацтваў — на вуліцы Савецкай паміж мясцовым стадыёнам і школай №3, акурат за помнікам міліцыянерам, што загінулі ў пасляваенны час у баях з мясцовымі бандамі.
Помнік Напалеону Орду ў Іванаве
Спыніцца на ноч можна ў адной з навакольных аграсядзіб. А з ранку раім завітаць у Раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды. Там шмат цікавостак з біяграфіі мастака і невядомыя раней факты яго сяброўскіх стасункаў з рускім пісьменнікам Іванам Тургеневым. Пасля можна накіроўвацца ў Мінск.
Раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды, філіял у Варацэвічах
Тут варта наведаць малую радзіму Тадэвуша Касцюшкі, рэзідэнцыю магутнага магнацкага роду Сапегаў і новы цэнтр беларускага праваслаўя. Агульная працягласць маршруту складзе каля 380 кіламетраў. Прыблізны час паездкі — пяць гадзін. Асобна трэба ўлічваць, колькі хвілін правесці ля кожнай славутасці, каб да заходу сонца трапіць у сталіцу.
Ад Варацэвічаў да Косава 100 кіламетраў. Паўтары гадзіны “лёту”. Родавую сядзібу Касцюшкі лепей наведаць з экскурсіяй. А манументальны палац Пуслоўскіх, што побач, пакуль дастаткова агледзець звонку. Зрэшты, кожны вольны сам вырашыць, як бавіць час у падарожжы.
Ад Косава да Ружанаў зусім блізка. Велічныя рэшткі параднай рэзідэнцыі роду Сапегаў паціху адраджаюцца. Гэты аб’ект можна наведваць штогод для таго, каб на ўласныя вочы пабачыць доўгі і цяжкі працэс рэстаўрацыі старажытнага палаца. І ацаніць, якія тытанічныя высілкі робіць дзяржава па адраджэнні нашай гісторыі і культуры. Ружаны дастойны стаць яшчэ адным цэнтрам прыцягнення для турыстаў з усяго свету.
Нагуляўшы апетыт, спяшаемся ў Жыровіцкую мясціну. У манастырскай трапезнай паломнікі і турысты могуць зусім нядорага падсілкавацца. Ежа манахаў пераважна посная. Але ж талерка бульбянога пюрэ з парай рыбных катлет ідзе ўсмак. І яшчэ тут выпякаюцца апетытныя піражкі.
Жыровіцкія мясціны
Натуральна, у Жыровіцах трэба пабачыць самы маленькі з цудадзейных абразоў Беларусі — Жыровіцкую ікону Божай Маці. Яе сучасная копія ўсталявана на вуліцы ля часовай драўлянай званіцы. Сапраўдная ж ікона месціцца, як і належыць, у Свята-Мікольскай царкве манастыра.
Важна згадаць, што на тэрыторыі манастыра пахаваны першы Патрыяршы экзарх Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Гэта быў чалавек, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам і заслужыў доўгую добрую памяць беларусаў незалежна ад канфесійнай прыналежнасці ці стаўлення да рэлігіі наогул.
У адпаведнасці з графікам культурных імпрэз пункты па маршруце могуць мяняцца. Каб найлепшым чынам скласці цікавае падарожжа, трэба, напрыклад, ведаць, што па нядзелях мусяць ладзіцца арганныя канцэрты. І экскурсійнае абслугоўванне ў гэты дзень больш даступнае. А турыстычны паток у музеі больш напружаны ў суботу.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара