Выбітная з’ява музычнай культуры і вуснай творчасці. Так называюць традыцыю выканання абрадавых і пазаабрадавых песень Любаншчыны, якую прадстаўляюць аўтэнтычныя фальклорныя гурты “Журавушка“, “Глыбокія крыніцы”, “Павалякі“.
— Гэтыя калектывы — носьбіты адметнага выканальніцкага стылю і мясцовага песеннага рэпертуару — маюць багатыя творчыя і сямейныя гісторыі. Старэйшыя ўдзельніцы трапятліва зберагаюць і перадаюць традыцыі малодшым. У рэпертуары — старажытныя песні каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, пазаабрадавай і сучаснай песнятворчасці. Сапраўды ўнікальнымі іх робяць лексічны і музычны дыялекты, непаўторнасць моўных гаворак краю, — тлумачыць начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова.
Больш чым паўстагоддзя аб’ядноўвае адданых народнай песні жыхарак вёскі Ямінск Алена Чудакоўская.
— Спяваць тут умеюць многія, але не ўсе наведваюць калектыў. Толькі дзякуючы намаганням кіраўніка аўтэнтычнага фальклорнага гурта зычны голас “Журавушкі” гучыць і сёння, — упэўнены выконваючы абавязкі дырэктара Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка. — Нават знаёмыя творы ў выкананні калектыву ўражваюць! Унікальнасць — у адметным тэмбры, які чуецца таксама і ў гутарцы, і ў мясцовым дыялекце.
У рэпертуары некалькі калядных, паставых, веснавых, траецкіх і жніўных узораў абрадава-песеннай традыцыі. Шырока вядомыя вясельныя песні Ямінска. Любяць “журавушкі” і бытавыя, жартоўныя, піліпаўскія, гасцявыя. Дарэчы, абрадам “Госці” на Любаншчыне ў старажытныя часы завяршаўся вясельны цыкл: маладую праведвала радня і спявала “долю” — жадалі, каб не напаткала няшчаснае замужжа. Гэтую традыцыю са сваёй маладосці памятаюць родныя сёстры Ніна Вішчэня і Тамара Прушак. Спяваюць толькі гуртом — кажуць: “Хіба адна песню выведзе?”
Назва обчынскага аўтэнтычнага фальклорнага гурта пайшла ад мясцовага жартоўнага слова “паваляка”, што азначае чалавека сталага, але яшчэ даволі моцнага. За 50 гадоў склад калектыву, якім цяпер кіруе Людміла Савошка, не раз мяняўся: на змену старэйшым прыходзяць маладыя. Але да гэтага часу цешаць сваёй творчасцю старажылы: напрыклад, былы арганізатар гурта Ніна Верамейчык, Вольга Драбудзька, Ніна Кандраценка, Марыя Кукраш, Зоня Кійко ды іншыя.
У рэпертуары — больш за 100 мясцовых народных песень і традыцыйныя народныя танцы. Аўтэнтычная манера выканання характарызуецца высокім тэмбрам і адрывістым рытмам.
— Наш самы каштоўны скарб — амаль зніклыя песні працы, жніва, — распавядае Вольга Хачкова. — На Беларусі гэтыя творы лічацца вяршыняй песеннага выканальніцтва.
Акрамя гэтага, ёсць калядкі і шчадроўкі, масленічныя і веснавыя, юраўскія і велікодныя, іншыя песні. Увагу тут надаюць і сямейна-абрадавым (напрыклад, звязаным са сватаннем і вяселлем) і пазаабрадавым (любоўным, ваенным, жартоўным, баладам, народным рамансам). Выступленні “Павалякаў” ніколі не абыходзяцца і без танцаў з прыпеўкамі.
Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі “Журавушка”, “Глыбокія крыніцы” і “Павалякі” ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
А яшчэ ўдзельніцы гурта аднавілі мноства абрадаў. І цяпер вяскоўцы і іх госці могуць бачыць, як у даўніну ў Обчыне спраўлялі вяселле і шчадравалі з Казой, праводзілі Масленку і гукалі вясну, а таксама шмат даведацца аб валачобніках, зажынках і дажынках і папрысутнічаць на сапраўдным каравайным абрадзе.
Вёска Закальное вылучаецца абрадавай разнастайнасцю.
— Творчасць аўтэнтычнага фальклорнага гурта “Глыбокія крыніцы” — здабытак не аднаго населенага пункта ці Любанскага раёна, а ўсёй Беларусі, — падкрэслівае Сяргей Выскварка. — Узначальвае калектыў апантаны чалавек — Надзея Мірэйчык. І кожная ўдзельніца ўносіць неацэнны ўклад у захаванне спадчыны краю. Дарэчы, найстарэйшай з іх, Пелагеі Лугоўскай, ужо 91 год.
У рэпертуары калектыву — незлічоная колькасць мясцовых песень, танцаў, прыпевак, казак і былічак. Зіму пачынаюць калядкамі, шчадроўкамі і псальмамі. Потым цягнуць масленічныя песні, вядуць “трызну” (спецыяльнае галашэнне па Зіме, якое выконваецца у абрадавай дзеі Масленіцы) і “строяць” карагоды. Ведаюць жанчынкі і як вясну загукаць, і як Вялікдзень святкаваць (цалкам захаваўся валачобны абрад), і што на Юр’я спяваць, а што — на Тройцу. Нават паход у ягады без песень не адбываецца. Пакос траў, збор збожжа, вяселле і радзінкі — ну як без іх! А калі справа даходзіць да вечарынак, пасядзелак, пагулянак, бясед — завядуць балады, народныя рамансы, любоўныя, лірычныя, жартоўныя, сямейнабытавыя песні.
Усе тры калектывы ў культуры Любанскага раёна — на асаблівым месцы. Спявачкі актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і ладзяць абрадавыя дзеі. Ведаюць іх і па тэлепраграме “Наперад у мінулае”. Іх творчасць адзначана мноствам дыпломаў і розных узнагарод.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва Любанскага РЦК