Новая хваля — у эфіры і на сцэне

Апублiкавана: 09 лiпеня 2025 Стужка Музыка Мінск Зорны час

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Музыка злучае людзей мацней за любую мову. Менавіта з такім пасылам у верасні на “Інтэрбачанні-2025” выступіць Насця Краўчанка — першая прадстаўніца нашай краіны на гэтым міжнародным творчым форуме. Спявачка, тэлевядучая і суперфіналістка шоу “X-Factor Беларусь”, яна ўвасабляе новую хвалю сучаснай сцэны. Уладальніца плацінавага дыска, трохразовая лаўрэатка прэміі “Песня года Беларусі” летась выпусціла дэбютны альбом, а першы сольны канцэрт выканаўцы прайшоў з аншлагам. Але за ззяннем публічнасці — руплівая штодзённасць, у якой прафесійная дысцыпліна і чалавечая шчырасць становяцца асновай росту.

8.00: РАНІЦА БЕЗ ГЛЯНЦУ 

Дзень у Насці пачынаецца ціха і без бляску. Ніякіх шоу, мітусні, звону ўпрыгожанняў і ўспышак фотакамер. 

— Усё як у людзей, — усміхаецца гераіня. — Просты сняданак, тэлефон у рэжыме “Не турбаваць”, некалькі хвілін цішыні перад днём. 

Насця — не з тых выканаўцаў, чый ранак стартуе з позы лотаса і хэштэга #раніцаартыста. Для дзяўчыны галоўнае — унутраная настройка. Без лішняга пафасу, але з уважлівасцю да сябе і сваёй справы. 

— Калі сёння выступленне, у рацыёне няма месца для імпульсіўных слабасцей. Чыпсы, арэшкі, фаст-фуд — выключаю. Нават калі хочацца “шкоднага”, ведаю: голас — інструмент, ён павінен быць у форме, — дзеліцца сакрэтамі працаздольнасці артыстка. 

Сціпласць у штодзённым жыцці не вынік забарон, а праяўленне павагі да сцэны. Гэта асабісты прафесійны кодэкс Насці — берагчы тое, што голас дорыць ёй.

10.00: ФОРМУЛА ПОСПЕХУ 

Ранішняя запаволенасць плаўна перацякае ў працоўны рытм. План на дзень — пад рукой, сувязь з менеджарам — на кантролі, наперадзе — здымкі, эфіры, падрыхтоўка да публічных выхадаў. Нягледзячы на шчыльны графік, вакалістка застаецца сабранай і ўраўнаважанай. 

— Ніякіх сцэнічных звычак у мяне няма. Усё, што магу трымаць пад кантролем, — трымаю. А калі нешта ідзе не па плане — адпускаю. Калі святло не загарэлася ці гук “плыве” — гэта не прычына хвалявацца. Побач заўсёды мая зладжаная прафесійная каманда. Галоўнае — самой быць гатовай унутры, трымаць сябе ў парадку, — тлумачыць Насця. 

Такі спакой — вынік пастаяннай працы. У дзяцінстве дзяўчына адначасова вучылася акрабатыцы, гімнастыцы, акцёрскаму майстэрству і вакалу. Потым былі музычная школа, студыі, конкурсы, бясконцыя пошукі сябе. За кожнай хвілінай на сцэне — гады сістэмных упартых трэніровак. За прыгожай вокладкай — дакладна вывераны рэжым.

13.00: У ЦЭНТРЫ МЕДЫЯПРАСТОРЫ 

У дзённым графіку — праца ў тэлерадыёкампаніі, дзе артыстка вядзе перадачы, рэдагуе эфіры, дапамагае ў прадзюсаванні праектаў. 

— Мая прафесія не абмяжоўваецца сцэнай. Мне сапраўды важна разумець, што па той бок экрана, — падкрэслівае зорка. 

Для Насці быць часткай медыяпрасторы — значыць намацваць жывы пульс часу, адчуваць рытм аўдыторыі, быць з ёй на адной хвалі. Гэта не прыгожая фраза для інтэрв’ю — спявачка на справе ведае, як робіцца кантэнт, выбудоўваецца эфір, якая інтанацыя гучыць шчыра і выклікае давер. 

Праца на радыё і тэлебачанні — не дадатак да эстраднай дзейнасці, а паўнавартасны складнік творчага жыцця вакалісткі. Гэта магчымасць быць не толькі перад мікрафонам, але і за кадрам — бачыць усю структуру, разумець механізмы. 

— Мне трэба знаходзіцца ў гушчы падзей. Я не з тых, хто сядзіць у грымёрцы і чакае каманды. Цікаўлюся ўсім — ад сцэнарыя да фінальнага гучання, — кажа дзяўчына.

16.00: РЫТМ ЯК МОВА 

Пасля абеду надыходзіць час музыкі — рэпетыцыя жывога выступлення альбо студыйная праца. Для Насці гэта не проста абавязковы этап, а аснова канцэртнай энергіі. Артыстка іграе на барабанах і часта ўключае інструмент у свае шоу. 

— Не для эпатажу. Я сапраўды люблю рытм. Ён абуджае цела, дае імпульс, дапамагае адчуваць сцэну не толькі праз голас, — тлумачыць выканаўца. 

Але тэхніка — частка падрыхтоўкі. Галоўнае, паводле спявачкі, — шчырасць. 

— Можна крытыкаваць рознае, але я ведаю дакладна: на сцэну выходжу без фальшу. Заўсёды. 

У рэпетыцыйнай зале — строгая дысцыпліна, максімальная канцэнтрацыя, унутраная патрабавальнасць. Але разам з тым — адчуванне поўнай свабоды. Для нашай гераіні гэта тэрыторыя, дзе ўсё па-сапраўднаму.

19.00: НЯХАЙ СВЕТ ПАЧАКАЕ

Калі расклад дазваляе, Насця абавязкова шукае гадзіну для сябе — без тэлефона, без сацсетак, без чужых слоў. 

— Звычайна проста шпацырую. У навушніках, адна. Гэта мой спосаб аднавіцца. У кожнага — свая прастора цішыні. Мая — лясная сцежка, захад сонца і глухія крокі па хвоі. 

Падобныя хвіліны рэдка трапляюць у гісторыі. Гэты бок, у адрозненне ад кліпаў, канцэртных здымак ці фота з прыхільнікамі, застаецца асабістым. 

— У Instagram — толькі частка жыцця. Я сапраўдная — у шчырых размовах з блізкімі, у маўчанні, ва ўнутраных пошуках. Мне не трэба нікому даказваць, што я “глыбокая”. Я проста ёсць, і мне так зручна. 

Публічнасць — не заўсёды пра лёгкасць. Насця добра ведае, што за ўпэўненай усмешкай і сцэнічным святлом тоіцца цяжар адказнасці. 

— Калі цябе пазнаюць на вуліцы пяць разоў на дзень — гэта і цешыць, і абавязвае. Разумею, што для кагосьці стала матыватарам. І мне важна не падвесці — ні сябе, ні тых, хто верыць у мяне, — прызнаецца дзяўчына. 

Сёння за творчасцю гераіні сочыць каля трох мільёнаў падпісчыкаў, а яе дасягненні пацвярджаюць статус артысткі міжнароднага ўзроўню. Лаўрэатка “Песні года — 2024” у намінацыі “Найлепшая радыёспявачка”, уладальніца залатой кнопкі YouTube і аўтарка сольнага альбома “Першы альбом” не спыняецца на дасягнутым і кожны дзень рыхтуецца да новых выклікаў. І ўсё ж за шматлікімі тытуламі не згубілася тая Насця з інтэрв’ю нашай газеце двухгадовай даўніны — з вачыма, поўнымі здзіўлення і ўнутранай цішыні.

21.00: ВЫРАЗНАЯ ПАЗІЦЫЯ

На пытанне, як адчувае свой поспех, спявачка адказвае без доўгіх разваг — адкрыта: 

— Я яго пражываю. Не аналізую занадта, не разрываюся паміж “варта” і “не варта”. Проста радуюся. Атрымліваю асалоду ад кожнага моманту. Гэта не падарунак з неба — гэта вынік працоўнага шляху. Я бачу, як дзіцячыя мары спраўджваюцца. І калі б магла звярнуцца да сябе 10-гадовай, сказала б: “Ты ўсё робіш правільна”. 

Для Насці сцэна — не толькі спосаб самарэалізацыі, але і магчымасць быць часткай Беларусі, гаварыць з аўдыторыяй і праз музыку, і праз саму прысутнасць. 

— Для мяне важна быць голасам краіны, каб чалавек чуў песню і адразу разумеў — яна наша. Каб не ўзнікала сумневаў: не расійская, не “глабальная”, а менавіта беларуская. Гэта вялікая адказнасць і гонар для мяне. 

Тут няма дэманстратыўнасці, толькі выразная пазіцыя. Не проста амбіцыя, а сапраўднае адчуванне прыналежнасці. Іменна гэтая сувязь надае песням Насці адметны гук, які ідзе з душы і кранае сэрца слухача.

23.00: ВЯРТАННЕ ДА СЯБЕ

Пасля насычанага, поўнага падзей дня наша гераіня не шукае экзатычных спосабаў аднавіць баланс. Усё вельмі простае, зямное: выспацца, прайсціся адной, памаўчаць. 

— Мне хапае сутак, каб вярнуць сілы. Я ўвогуле жыву ў нейкай унутранай раўнавазе. І, напэўна, у гэтым мой сакрэт — не губляць сябе ў патоку, — усміхаецца артыстка. 

Адзін дзень з жыцця Насці Краўчанка — не пра звыклую “зорнасць”, а пра выбар. Пра дысцыпліну, сталасць, вернасць сабе і краіне. Сцэна для гэтай спявачкі — не толькі пра музыку, але і пра сапраўднасць, якая напаўняе нашу культуру. І менавіта такая сапраўднасць сёння гучыць на канцэртных пляцоўках, на радыёхвалях, з экранаў. Гучыць ясна, яскрава і па-беларуску. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва гераіні