Скарбы Нясвіжа. Выпуск 1

“Нясвіжскі замак: культурна-турыстычны алфавіт” — сумесны праект газеты “Культура” і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Гэта новы погляд на гісторыю знакамітага замка, яго таямніцы і шэдэўры. Запрашаем у незвычайнае падарожжа — займальнае і карыснае баўленне часу. У нашым культурна-турыстычным алфавіце толькі самыя цікавыя факты — ад А да Я. 

Архіў

Нясвіжскі архіў пачаў складацца ў XVI стагоддзі. Дакументы тых часоў прадстаўляюць вялікую цікавасць — дапамагаюць зразумець падзеі, якія сфарміравалі сённяшні свет. Род князёў Радзівілаў — адзін з найбольш магутных магнацкіх фамілій. На працягу многіх стагоддзяў яго прадстаўнікі адыгрывалі важную ролю ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага) і шэрагу іншых краін. 

У архіве захоўваліся даверчыя граматы вялікіх князёў літоўскіх і прывілеі каралёў польскіх Радзівілам на маёнткі і староствы, статуты і прывілеі прыватнаўласніцкіх гарадоў, маёмасна-гаспадарчыя і фінансавыя дакументы. Былі і радаводныя кнігі, генеалагічныя табліцы, шлюбныя кантракты, перапіска князёў Радзівілаў па службовых, ваенных і асабістых пытаннях. Таксама зберагаліся матэрыялы, датычныя пародненых з Радзівіламі сем’яў. 

— У 1551 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст даў Мікалаю Радзівілу Чорнаму прывілей на захаванне ў Нясвіжы другога экзэмпляра Метрыкі Вялікай Літоўскай, дзяржаўнага архіва ВКЛ, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Сяргей Чысцякоў. — Сам факт падзеі несумненны, дакумент, які гаворыць аб ёй, існуе да нашага часу, але некаторыя даследчыкі лічаць яго фальсіфікатам XVIII стагоддзя. Знакаміты архіў захоўваўся ў замку да 1941-га, пакуль вайна не змяніла яго лёс. 

Дакументы з былога Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Цяпер частка дакументаў з гісторыі Беларусі знаходзіцца ў архівах блізкага і далёкага замежжа. Тычыцца гэта і змесціва былога Нясвіжскага архіва: яго матэрыялы можна знайсці як у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, так і ва ўстановах іншых краін. 

Бібліятэка

Бібліятэка Нясвіжскага замка, створаная Мікалаем Радзівілам Сіроткам, была найбуйнейшай прыватнай бібліятэкай Рэчы Паспалітай. Для папаўнення фондаў магнат выкарыстоўваў асабістыя сувязі і атрымліваў кнігі з Еўропы. А ў 1750-м з ініцыятывы Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы пачала дзейнічаць свая друкарня. І два асобнікі кожнай выдадзенай кнігі абавязкова перадаваліся ў замак. 

Праз 20 гадоў бібліятэка налічвала больш за 20 тысяч тамоў, у тым ліку інкунабулы, палеатыпы, антычную і рэнесансную літаратуру, гістарычныя і юрыдычныя выданні, рэфармацыйныя творы, Радзівілаўскі летапіс. Разам з афіцыйнымі дзяржаўнымі і царкоўнымі матэрыяламі ў ёй можна было знайсці і забароненыя выданні: напрыклад, работы Вальтэра і знакамітыя кнігі нясвіжскай пратэстанцкай друкарні Сымона Буднага. Выданні бібліятэкі Ардынацыі на розных мовах былі даступныя для шырокага карыстання. 

Інтэр'ер сённяшняй музейнай залы, адноўлены па фотаздымку пачатку ХХ ст.

У другой палове XVIII стагоддзя з Нясвіжа ў Санкт-Пецярбург вывезлі каля 14 тысяч кніг (без уліку карт, планаў і нот). Але ўжо ў наступным стагоддзі бібліятэка была адноўленая — дзякуючы намаганням Марыі дэ Кастэлян Радзівіл. 

Цяпер на тэрыторыі нашай краіны рэшткі збору захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архіве і ў экспазіцыі музея ў самім замку. 

Більярд

Більярд быў любімай гульнёй Радзівілаў. У іх было аж чатыры більярдныя сталы. Адзіны з арыгінальных захаваных, з назвай “Манарх”, стаіць цяпер у Паляўнічай зале. Ён выраблены ў 1896 годзе ў нідэрландскіх майстэрнях амерыканскай фірмы Brunswick па індывідуальным праекце для XIV ардыната нясвіжскага Антонія Вільгельма Радзівіла і з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі. 

— Калі былыя ўладальнікі назаўжды пакінулі замак, стол застаўся — вельмі цяжкі, вага больш за 650 кг. Пад сукном хаваюцца тры тоўстыя пліты ардэзіі (сланцу) па 100 кг кожная. У гады Вялікай Айчыннай вайны на рарытэт паквапіліся нямецка-фашысцкія захопнікі, але, на шчасце, забраць стол у якасці трафея ім не ўдалося. Затым, калі ў замку размяшчаўся савецкі санаторый, у більярд гулялі адпачывальнікі. На пачатак 2000-х ён быў у кепскім стане, — распавядае малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Кацярына Дзенісенка. 

Більярдны стол

Бясплатна ўзялася аднавіць унікальны прадмет беларуская фірма “РуптуР”. Менавіта тады ён упершыню (і аднойчы!) пакінуў тэрыторыю замка. Чырванадрэўшчыкам удалося захаваць на 70% арыгінальную “радзівілаўскую” драўніну, а дрэва на ўзнаўленне страчаных частак бралася не толькі той жа пароды, але і таго ж узросту.

— Існуе легенда, што ў стале быў яшчэ і музычны механізм: падчас падзення шара ў лузу той кранаў спецыяльныя рычагі — і пачынала іграць музыка, — дадае Сяргей Чысцякоў. — Але падчас рэстаўрацыі пацвярджэння гэтаму не знайшлося. У 2004 годзе ўнікальны стол стаў ганаровым госцем на адкрыцці Чэмпіянату Еўропы па більярдзе ў Мінску, пасля чаго адроджаны рарытэт у працоўным стане быў дастаўлены ў музей-запаведнік “Нясвіж”.

Святлана ЧЭКАЛАВА

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА