Усе на баль!

Апублiкавана: 08 лiпеня 2025 Арт-блог Тэатры Мінск Тэатральная плошча

Аўтар: Аўтары

Да 17 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы праходзілі двухтыднёвыя гастролі Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя Васіля Качалава. Калектыў прывёз восем спектакляў па творах Шэкспіра, Пушкіна, Астроўскага, Твэна…

ПРЫГАЖОСЦЬ УРАТУЕ СВЕТ 

Пазалетась тэатр ужо прыязджаў у Мінск з такімі ж вялікімі гастролямі. На купалаўскай сцэне паказалі “Рэвізора”, “Шалёны дзень, альбо Жаніцьбу Фігаро”, “Баль зладзеяў”, іншыя спектаклі. Беларусы з цеплынёй і радасцю прынялі калектыў пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Аляксандра Славуцкага. Было зразумела: качалаўцы стануць тут частымі гасцямі. 

Сцэна са спектакля "Гамлет

Гэты калектыў мае на мэце не толькі папулярызацыю ўласнай творчасці ў нашай краіне, але і наадварот — хоча знаёміць свайго гледача з беларускім сцэнічным мастацтвам. У 2023-м Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў у сталіцы Татарстана візітную картку — “Паўлінку” рэжысёра Льва Літвінава. Сёлета ўвосень купалаўцы плануюць зноў наведаць Казань — гэтым разам са спектаклем “А зоры тут ціхія” ў пастаноўцы Дзмітрыя Акімава. 

ЖЫЦЦЁМ КІРУЮЦЬ ТАНЦЫ 

Цяперашнія гастролі адкрываліся “Гамлетам” — адной з казанскіх прэм’ер, што адбылася год таму. Рэжысёрам выступіў мастацкі кіраўнік — Аляксандр Славуцкі. Маштабная сцэнаграфія прыдумана галоўным мастаком тэатра Аляксандрам Патраковым. Над харэаграфічнымі нумарамі працаваў Сяргей Сянцябаў, над вакальнымі партыямі — Леанід Цімашаў. 

Сцэны са спектакля "Піковая дама"

Дэкарацыя адразу прыкоўвае да сябе погляд: на сцэне — масіўны каркас замка, які з’яўляецца даволі функцыянальным, бо на працягу ўсяго дзеяння артысты перамяшчаюць канструкцыю. А дзе ўражальныя дэкарацыі, там і героі ў шыкоўных касцюмах, што адсылаюць да стыляў неаготыкі і стымпанку. Асноўны колер — бардовы. Чаму менавіта такі? У падобныя адценні апрануты Клаўдзій і Гертруда — галоўныя каталізатары трагедыі прынца дацкага. 

Сцэнаграфічны вобраз спектакля не проста нясе дэкаратыўную функцыю. Візуал тут — ключ да прыроды свету, дзе існуюць дзейныя асобы. Яны імкнуцца выглядаць вялікаснымі, нібы хочуць напужаць сваёй “бездакорнай прыгажосцю”. Аднак аблічча Гамлета, які адрозніваецца ад усіх, візуалізуе рэальную сутнасць дацкага хаосу. У прынца доўгія валасы, вачэй не бачна: яны схаваны чорнымі ценямі. Герой не мусіць прыкідвацца: безумоўна, ён частка змрочнага свету, дзе людзі бясконца ладзяць балі, танцуюць і спяваюць. Малады чалавек разумее, у якім асяроддзі жыве, таму яго выгляд адразу заяўляе: Гамлет — частка цемры, як і іншыя персанажы. Аднак ён бадай што адзіны, хто гэта ўсведамляе, і не хоча быць “прыгожым”, моцным. 

Акцёрскае выкананне падтрымлівае тыя ідэйна-тэматычныя лініі, якія задае маштабны візуальны вобраз і музычныя ўстаўкі: выканаўцы роляў Клаўдзія (Ілья Славуцкі), Гертруды (Алена Рашына), Палонія (Ілья Скрабін) звяртаюцца да гіпертрафаванай, гратэскнай манеры — і мы бачым знешнюю прыгажосць, у якой няма праўды. Усё існаванне гэтых асоб — баль злосці, крывадушша і хлусні. Гамлет (Павел Лазараў), Гарацыа (Аляксей Кручынін) і Афелія (Рэгіна Габазава) імкнуліся пайсці супраць балю, аднак гэты віхор мацнейшы за парыў чыстай душы… 

ЗА ПРАЗРЫСТЫМІ ДЗВЯРЫМА 

Матывы балю гучаць і ў “Піковай даме”, якой казанскі тэатр завершыць гастролі ў Мінску. Яе прэм’ера адбылася ажно ў 1999 годзе ў Мілане, над спектаклем працавала тая ж пастановачная група, што і над цяперашнім “Гамлетам”. Заканамерна, што гэты сцэнічны твор таксама вылучаецца выразнай формай. Аднак ці не страціла яна жывое гучанне за больш як чвэрць стагоддзя? 

Сцэны са спектакля "Піковая дама"

На сцэне — празрыстыя дзверы, якія на працягу ўсяго дзеяння то падымаюцца, то апускаюцца. Для гэтай пастаноўкі таксама характэрныя неверагодныя касцюмы: на мужчынах адзенне, падобнае на гусарскае, а жанчыны тут — пастаянныя госці карнавалу, таму іх убранне ўяўляе сабой розныя варыяцыі крыналінаў. 

Галоўныя ролі выконваюць “Гамлет” і “Афелія” — Павел Лазараў і Рэгіна Габазава. Аднак калі ў першым гастрольным спектаклі акцёры і іх знешнія праяўленні паказвалі барацьбу, тут мы бачым свет, дзе зусім не засталося прыкмет духоўнага жыцця. Герман — чалавек, у якога толькі адна мэта — быць першым у картачных гульнях. Здаецца, яму нават грошы не патрэбныя. Ён махляр. Нізкі голас акцёра закальцоўвае лінію персанажа, якому ўжо нічога не трэба. 

Сцэна са спектакля "Гамлет

Ліза таксама не зусім чалавек, аднак прычыны яе закасцянеласці не заганы, а немагчымасць быць незалежнай асобай. Дзяўчыну згубіла жыццё з капрызнай апякункай. Выратаваць Лізу можа толькі Герман, аднак яму гэта не патрэбна. Таму… у гэтай гісторыі чалавечым існаваннем таксама кіруе баль. Баль, які нават праз 26 гадоў не страціў сілы свайго ўплыву ні на герояў пастаноўкі, ні на гледачоў. 

Яўгенія БАЧЫЛА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА