“Пушкінка”. Так ласкава называюць бібліятэку чытальнікі і супрацоўнікі – “пушкінцы”. Так называлі яе і сто гадоў таму. Бо менавіта рускі паэт “пасадзейнічаў” яе адкрыццю.
Першы зварот да ўлады з хадайніцтвам аб арганізацыі бібліятэкі датычыць 1865 года. Але на яго мінскі губернатар атрымаў адмову. А ў 1899-м падчас падрыхтоўкі да святкавання юбілею Аляксандра Пушкіна грамадскасць зноў падымае пытанне аб стварэнні ўстановы, якой у знак пашаны да паэта прапануе надаць яго імя. Гэтая акалічнасць і стала вырашальным аргументам. За кароткі тэрмін былі сабраны амаль 2000 кніг, больш за 1,5 тысячы рублёў грашыма — і напрыканцы 1900-га бібліятэка расчыніла дзверы для наведвальнікаў.
— Каб вы разумелі, наколькі гэта значная сума, скажу: сярэдні заробак рабочых Мінскай губерні складаў каля 12 рублёў у месяц, — расказвае дырэктар установы Наталля Вашчыла.
Па яе словах, да 1918-га наведванне бібліятэкі было платным: каб стаць карыстальнікам, трэба ўнесці залог у памеры 3 рублі, плюс 20 капеек у месяц, каб пагартаць кнігу ў чытальнай зале, а каб узяць дамоў — усе 30. Нягледзячы на такі цэннік, ахвотнікаў было шмат. Што чыталі? Рускіх і замежных аўтараў — класічную літаратуру, дэтэктывы, а яшчэ — часопісы. Кожны з іх — як асобнае выданне ў цвёрдым пераплёце. У кнігасховішчы нам пашчасціла ўбачыць і “Русскую старину”, і “Вестник Европы”.
— Ёсць рэчы нематэрыяльныя, якія нельга памацаць рукамі, але ты адчуваеш іх, — разважае Наталля Мікалаеўна. — Да іх адношу тое, што называецца гонарам пакаленняў. Кожны, хто працуе тут, адчувае за плячыма 125-гадовы вопыт работы ўстановы: традыцыі, атмасферу, калі хочаце — душу бібліятэкі…
І яно сапраўды так. Н ягледзяч ы на тое, што на пачатку 1920-х шмат цікавых і рэдкіх асобнікаў было знішчана, а ў Вялікую Айчынную страцілася большасць кніжнага фонду (каштоўныя выданні вывезлі ў Германію, іншыя выкарыстоўвалі як паліва), сёння ў “Пушкінцы” ёсць колькі соцень унікальных экзэмпляраў.
Захоўваюцца яны ў металічных шафах у спецыяльных памяшканнях, і каб пабачыць, а тым больш пагартаць хаця б адну з іх, нам спатрэбіўся дазвол кіраўніка. Пры ўмове выканання ўсіх патрабаванняў да прагляду старадаўніх кніг бяру ў рукі прыжыццёвае выданне “Толковый словарь живаго великорускаго языка” Даля, што ўбачыла свет у 1865-м. Пажоўклыя старонкі, гатычны абрыс літар, словы з цвёрдымі знакамі і літарай “яць”. Чытаеш радкі — і быццам апынаешся у далёкім ХІХ стагоддзі… А бібліятэкары не перастаюць здзіўляць:
— Паглядзіце, а вось гэта — падарунак Яе Імператарскай Высокасці Марыі Паўлаўне ад выдаўца — трагедыя Гётэ “Фаўст”. Год выдання 1889-ы.
Вялікая кніга фармату А3, старонак, можа, на 350, у вокладцы з натуральнай, хаця і ўжо выцертай, замшы, выклікае не менш глыбокія пачуцці і хваляванне: а раптам яна адзіная ў свеце?
— Думаю, такіх было некалькі, — гаворыць Наталля Вашчыла. — Унікальная тут толькі старонка з прывітальным адрасам. Аднак звярніце ўвагу, якія гравюры! Тут кожны аркуш нібы высокамастацкі твор!
Уражвае і збор твораў Макалея, датаваны 1863-м з пячаткай 10-й артылерыйскай брыгады, трохтомнік Дарвіна, энцыклапедыя гісторыі ХІХ стагоддзя — усё другой паловы пазамінулага стагоддзя.
Няўжо гэтыя скарбы не ўбачыць шырокае кола чытачоў?
— Час ад часу пры няўхільным выкананні правілаў захоўвання мы выстаўляем на агляд гэтыя кнігі, — зазначае суразмоўца. — Вось і да юбілею бібліятэкі плануем зладзіць экспазіцыю. Запрашаем усіх жадаючых.
А тым часам бібліятэка жыве сваім жыццём, у суадносінах з патрабаваннямі цяперашняй эпохі, з улікам гісторыі і традыцый. Па словах кіраўніка ўстановы, багаты фонд дазваляе прыцягваць усе больш новых чытачоў.
— Уяўляеце, бывае, наведвальнікі кажуць, што тую ці іншую кнігу здолелі знайсці толькі ў нашай бібліятэцы, — не без гонару гаворыць Наталля Мікалаеўна.
Ганарацца тут і тым, што сярод чытачоў шмат дзетак. З 1989-га ў “Пушкінцы” працуе аддзел дзіцячай і юнацкай кнігі. Наталля Вашчыла з натхненнем пералічвае арганізаваныя ім мерапрыемствы: квэсты, віктарыны, сямейныя святы.
— Іншым разам прыходзіць сям’я — і вось ужо і гульні скончылі, і галаваломкі разгадалі, і адказы на пытанні знайшлі, а тата з малымі яшчэ сядзіць і нешта дамалёўвае, — расказвае Наталля Вашчыла. — І мы рады і ўпэўнены: яны прыйдуць да нас яшчэ, і гэтыя малечы будуць чытаць! Дарэчы, малюнкі з такіх святаў сёння ўпрыгожваюць пакой аддзела.
Ладзяцца тут імпрэзы і для дарослых. Папулярнасцю карыстаюцца прэзентацыі кніг і сустрэчы з пісьменнікамі.
Сярод традыцыйных мерапрыемстваў — фестываль “Нас слова Купалы да творчасці кліча”, які збірае маладых паэтаў Міншчыны раз на два гады ў філіяле літаратурнага музея “Акопы”. Тут юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць парады ад масцітых аўтараў, а потым убачыць свае радкі на старонках рэспубліканскіх СМІ. Гэты важны для маладых талентаў і наогул беларускай літаратуры фестываль праходзіць дзякуючы няўрымслівасці бібліятэкараў.
— А як інакш? — шчыра здзіўляецца Наталля Мікалаеўна.
Падтрымліваюць яны і маладых калег з раённых устаноў.
— Да нас часта прыязджаюць па параду, з сумненнямі ці планамі, па дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства — нікому не адмаўляем. Нашы дзверы заўсёды расчынены, як, дарэчы, і нашы сэрцы, для ўсіх, хто ставіцца з павагай да друкаванага слова, — падводзіць вынік гутаркі дырэктар.
Ірына ГРЫГОР’ЕВА
Фота з архіва бібліятэкі