“Народныя мсціўцы Вялікай Айчыннай вайны”, “Рэйкавая вайна”, “Героі мінскага падполля” — карціны, па якіх можна вывучаць гісторыю, карціны, якім верыш. Бо іх аўтар — з пакалення пераможцаў. Выставачны праект “Рыгор Віткоўскі. Шчыра пра важнае”, прысвечаны творчасці выдатнага беларускага мастака-графіка і педагога, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі.
У экспазіцыі — больш за паўсотні графічных твораў са збору музея і з калекцыі сям’і майстра.
Тут можна пабачыць шэраг работ з цыклаў, прысвечаных Мінску, а таксама замалёвак з вандровак мастака па Беларусі і за яе межамі, створаных у тэхніках акварэлі, пастэлі, афорту, лінагравюры і літаграфіі. Побач з карцінамі сталага майстра — працы студэнцкіх гадоў. Экспазіцыю дапаўняюць фотаздымкі з сямейнага архіва Віткоўскіх і выкананыя мастаком ілюстрацыі да кніг.
Рыгор Віткоўскі (1923—1992) нарадзіўся ў Мінску ў сям’і інжынера, дзе падтрымлівалі імкненне сына рэалізаваць сябе ў выяўленчым мастацтве. Перажыўшы ў сталіцы гады нацысцкай акупацыі, ужо ў ліпені 1944-га будучы мастак уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, удзельнічаў у штурме Кёнігсберга, а пасля ў вайне з Японіяй і ўзяцці Порт-Артура. За асабістую мужнасць, умелыя і ініцыятыўныя дзеянні ў баявых умовах узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” , “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Японіяй” і Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны.
Карціна "Факелы над Козыравам"
У 1953-м скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1959-м — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў народных мастакоў БССР Валянціна Волкава і Віталя Цвіркі, а таксама стваральнікаў школы беларускай графікі, заслужаных дзеячаў мастацтваў Паўла Любамудрава і Сямёна Геруса. У якасці дыпломнай работы стварыў серыю ілюстрацый да рамана Вольгі Форш “Апранутыя каменем”, выкананую ў новай для тагачаснага беларускага мастацтва тэхніцы афорту.
Пасля сканчэння навучання Рыгор Віткоўскі працаваў у выдавецтве, займаўся афармленнем кніг, ствараў ілюстрацыі для часопісаў, у 1965 годзе ўступіў у Саюз мастакоў БССР, тады ж пачаў выкладаць у Беларускім дзяржаўным політэхнічным інстытуце на архітэктурным факультэце, дзе на пасадзе дацэнта працаваў да 1984-га: невыпадкова ў творах мастака часта з’яўляюцца архітэктурныя матывы. Са сваімі студэнтамі ён выязджаў на пленэры для вывучэння старажытнарускага дойлідства Ноўгарада і Пскова і паводле вынікаў гэтых вандровак ствараў работы ў тэхніках акварэлі, пастэлі і афорту, некаторыя з якіх прадстаўленыя на выставе.
Карціна "Вуліца Мікалая Астроўскага"
Значнае месца ў творчасці мастака займала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Як удзельнік баявых дзеянняў, ён надаваў ёй вялікую ўвагу і імкнуўся перадаць у карцінах уласны досвед жыцця пад варожай акупацыяй і змагання на фронце. Да 40-годдзя Перамогі стварыў цэлы шэраг работ, сярод якіх каляровая літаграфія “Народныя мсціўцы Вялікай Айчыннай”, прысвечаная партызанам і падпольшчыкам Беларусі. Тут адлюстраваныя такія эпізоды іх дзейнасці, як праслухоўванне радыёперадач, выпуск газет і ўлётак, “Рэйкавая вайна” і прарыў партызанскай блакады.
Да 40-годдзя Перамогі таксама быў прымеркаваны трыпціх “Героі мінскага падполля”, выкананы ў тэхніцы каляровага эстампа і друку на літаграфскім камені. Левая частка — “Час помсты набліжаецца” — паказвае постаці Марыі Осіпавай і Алены Мазанік, якія здзейснілі ліквідацыю генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Цэнтральная частка — “Голас партыйнага падполля” — прысвечаная дзейнасці журналіста Уладзіміра Амельянюка і яго паплечнікаў, якія займаліся выданнем падпольнай газеты “Звязда” і распаўсюджвалі ў акупаваным горадзе праўдзівыя звесткі аб рэальным стане рэчаў на фронце. Правая частка — “Факелы над Козыравам” — адлюстроўвае дыверсійную дзейнасць найбуйнейшай у Мінску моладзевай камсамольскай арганізацыі “Андруша”, якая аб’ядноўвала каля трох соцень юнакоў і дзяўчат на чале з Мікалаем Кедышкам.
Карціна "Час помсты набліжаецца"
Як педагог маладых архітэктараў, мастак надаваў таксама вялікую ўвагу адлюстраванню вобразаў роднага горада, фіксаваў няпросты шлях пасляваеннага аднаўлення сталіцы, яе паўстання з руін і вяртання да мірнага жыцця, замалёўваў новыя кварталы і цудам захаваныя куточкі старога горада.
Удзел у цырымоніі адкрыцця выставы, што адбылася 30 мая, узяла дачка Рыгора Віткоўскага Вераніка, якая пайшла па бацькавых слядах. Яна пачынала творчы шлях у манументальным мастацтве, выступіла аўтарам шэрагу вітражоў. Цяпер працуе ў жывапісе, з’яўляецца дацэнтам кафедры рысунку, жывапісу і скульптуры факультэта архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Таксама цёплымі ўспамінамі аб Рыгоры Віткоўскім падзяліўся адзін з яго вучняў — Армен Сардараў, які на працягу 20 гадоў займаў пасаду дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Карціна "Блакітны люты"
Выстава прадоўжыцца да 20 ліпеня.
Антон РУДАК
Фота аўтара